Урокі майстра

- 10:34Адукацыйная прастора

Шалва Аляксандравіч Аманашвілі і яго сын Паата Шалвавіч напярэдадні візіту ў Мінск правялі ў Гродне двухдзённы аўтарскі семінар “Мама, тата, я. Ад нараджэння да паўналецця”, удзельнікамі якога сталі бацькі, настаўнікі, студэнты. Гэты семінар стаў першым мерапрыемствам сацыяльнага праекта “Музыка сэрца”.

У гродзенскай гімназіі № 1 імя Я.Карскага знакаміты педагог правёў незвычайны ўрок, падчас якога трэцякласнікі атрымалі словы-падарункі. На адкрытыя заняткі запрасілі настаўнікаў, бацькоў вучняў.

Шалва Аляксандравіч праводзіў не проста ўрок, гэта быў дыялог з дзецьмі, падчас якога яны самастойна рабілі вывады аб вечных чалавечых каштоўнасцях. Настаўнік пачуў кожнае дзіця і пагаварыў з кожным. А Маша Пылік нават сама пабыла ў ролі настаўніцы, памяняўшыся ролямі з мэтрам педагогікі, які сеў за парту як вучань.

— Такая сустрэча і магчымасць на справе ўбачыць прыёмы работы Аманашвілі, які не адзін дзясятак гадоў прапаведуе і ажыццяўляе канцэпцыю гуманнай педагогікі, была вельмі карыснай для нашых педагогаў, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Людміла Толкач. — Было бачна, што і дзеці з задавальненнем прынялі такую творчую форму ўрока.

Як расказала кіраўнік праекта Надзея Байко, зацікаўленасць жыхароў Гродна (а ўдзел у семінары прынялі каля 650 чалавек) пацвердзіла жаданне працягваць гэты праект і запрашаць на сустрэчы з гродзенцамі знакамітых і аўтарытэтных дзеячаў культуры, мастацтва, навукі, спорту, адукацыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.