Урокі маральнага выхавання

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ждановіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Галіна Дзмітрыеўна Шушкевіч з’яўляецца прадстаўніцай педагагічнай дынастыі. Усё жыццё настаўніцы і яе сям’і прайшло ў аграгарадку Ждановічы: вучылася ў мясцовай школе, дзе выкладала фізкультуру яе мама. Сёння намеснікам дырэктара ў гэтай школе працуе дачка Галіны Дзмітрыеўны. Вучыцца тут і ўнучка. Не часта сустрэнеш такую адданасць прафесіі і адной установе адукацыі. 

Г.Д. Шушкевіч.

“Прыклад мамы, Надзеі Васілеўскай, настаўніцы фізкультуры, заўсёды быў перад маімі вачыма. Яе ­адзіным месцам работы была Масюкоўшчынская сярэдняя школа (сённяшняя Ждановіцкая сярэдняя школа), — згадвае Галіна Дзмітрыеўна. — Мама родам з вёскі Буда Дзяржынскага раёна. Паступіла ў Мінскае чыгуначнае вучылішча на спецыяльнасць “Дзяжурны па станцыі”. Пасля лёсавызначальнага лыжнага забегу, які за кампанію з аднакурсніцамі пераадолела вельмі хутка, яе запрасілі на вучобу ў фізкультурны тэхнікум. Жанчын — настаўніц фізкультуры ў 50­я гады ў Мінскім раёне было ўсяго дзве.

Памятаю, як вечарамі мама старанна рыхтавалася да ўрокаў і пісала планы заняткаў. Часам прыходзіла са школы стомленая і казала: “Сёння ў мяне было шэсць урокаў, ­шэсць гадзін на лыжах хадзіла разам з дзецьмі”. Вучні ўспрымалі сітуацыю па­свойму: “Як вам добра, Надзея Карлаўна, вы так многа ходзіце на лыжах!” Маме ўдавалася запаль­ваць у дзецях іскрынку любові да спорту. Легендарны фехтавальшчык Аляксандр Раманькоў, уладальнік пяці алімпійскіх медалёў, — яе вучань. На пенсію Надзея Карлаўна выйшла ў 50 гадоў. Іншы раз школьніцы прасілі паказаць, як выка­наць практыкаванне на бервяне, а яна ўжо не магла гэтага зрабіць. І па канаце лазіць уверх было цяжка, таму вырашыла, што не мае маральнага права працаваць далей”.

З дзяцінства Галіна Дзмітрыеўна была ўпэўнена, што стане настаўніцай. Шмат чытала, ёй вельмі падабаліся лірычныя творы Пушкіна і Лермантава. Звычка да штодзённага чытання захавалася на ўсё жыццё. І сёння, не прачытаўшы перад сном хаця б некалькі старонак, педагог адчувае сябе ніякавата. У 1973 годзе Галіна Шушкевіч уладкавалася ў Ждановіцкую сярэднюю школу. Спачатку працавала лабарантам кабінета фізікі і хіміі, затым — выхавальнікам групы прадоўжанага дня. Пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура” Галіна Дзмітрыеўна стала настаўнікам­прадметнікам.


Да інавацыйных адукацыйных тэхналогій Галіна Дзмітрыеўна заўсёды ставілася з пэўнай насцярожанасцю. У свой час практыкавала тэхналогію французскіх педмайстэрань, развіццёвае і рознаўзроўневае навучанне. У кожным з падыходаў прымячала свае недахопы. Больш за ўсё педагогу спадабалася асобасна арыентаванае навучанне, якое дазваляе ўлічваць унікальнасць і патрэбы кожнага дзіцяці.

М.В. Дарожка з дачкой Вікторыяй.

“Можна падрыхтаваць адзіны план урока па тэме для ўсёй паралелі, але ў кожным асобным класе заняткі аднолькавымі не могуць быць, — адзначае настаўніца. — Гаварыць з дзецьмі я буду пра адно і тое ж, але па­рознаму. Заданні для кожнага класа таксама будуць рознымі. Больш за ўсё вучням падабаюцца індывідуальныя заданні на картках, якія я распрацоўваю, арыентуючыся на пэўны ўзровень ведаў дзяцей. Пры такім падыходзе пра паспяховасць кожнага з вучняў ведаю толькі я і сам вучань. Карткі змяшчаюць тэставыя практыкаванні, у якіх неабходна ўставіць прапушчаныя літары, расставіць знакі прыпынку, прыдумаць назву для тэксту, вызначыць яго асноўную думку, аўтарскую ідэю і г.д. На ўроках літаратуры ўсе вучні працуюць з адным тэкстам, але адказваюць на розныя па складанасці пытанні. Прывяду прыклад самых лёгкіх пытанняў: “Што спадабалася ў творы?”, “Што можна змяніць у ім?”, “Што не спадабалася?”, “Якіх герояў твора ты лічыш станоўчымі?”. Ёсць творы школьнай праграмы, якія цяжка ўспрымаюцца сучаснымі дзецьмі. Для азнаямлення вучняў з творчасцю Льва Талстога найбольш падыходзяць “Севастопальскія апавяданні”. А раман “Вайна і мір”, перанасычаны французскім маўленнем, для іх непад’ёмны. Ды і часу на ўроку не хапае, каб разабраць такі вялікі твор, таму складаем схемы. Малюем, напрыклад, якія ўзаемаадносіны былі паміж сем’ямі Балконскіх, Растовых, князя Васіля Курагіна”.

Ёсць дзеці старанныя, якім, на жаль, не дадзена добра вучыцца. Каб атрымаць нават 5 балаў, ім трэба прыкласці шмат намаганняў. Разумеючы гэта, Галіна Дзмітрыеўна дае такім вучням больш простыя заданні меншага аб’ёму або індывідуальныя заданні на дошцы (на яе закрытай частцы). Некаторым жа дзецям павінна быць сорамна атрымліваць нізкія адзнакі, бо яны мо­гуць вучыцца значна лепш. Такіх гультаёў настаўніца ў добрым сэнсе “прыціскае”, каб яны больш працавалі. Ёсць навучэнцы творчыя, якія пішуць сачыненні ў вершах, прымаюць удзел у літаратурных вечарах. З гордасцю Галіна Дзмітрыеўна гаворыць пра сваю алімпіядніцу Вольгу Сычову, якая была адзінай у Мінскім раёне, хто набраў 100 балаў на ЦТ па рускай мове.


Літаратура — цудоўны прадмет для маральнага выхавання дзяцей. Выхоўваць можна і на ўроках мовы — праз цытаты з тэкстаў літаратурных твораў, якія мы разглядаем, калі вывучаем правілы, робім сінтаксічны разбор сказаў. Класічныя творы з’яўляюцца эталонам, праз прызму якога людзі заўсёды будуць ацэньваць сучасную сям’ю, разглядаць адвечныя паняцці “каханне”, “сяброўства”, “вернасць” і г.д. У рысах характараў вучняў Галіна Дзмітрыеўна часам улоўлівае падабенства да герояў вядомых твораў. Не так важна, ці дачытаў вучань твор да канца, ці памятае дакладна яго сюжэт. Галоўнае для настаўніцы — зразумець, які ўплыў аказаў твор на асобу вучня, як ён суаднёс прачытанае з сучаснасцю, са сваім жыццём. У выдатнай казцы пра Царэўну­жабу, напрыклад, раскрываюцца многія аспекты сямейнага жыцця. У творы “Дзеці падзямелля” закранаецца тэма сіроцтва. Пры абмеркаванні такіх надзвычай чуллівых пытанняў у дзяцей часам на вачах з’яўляюцца слёзы. І гэта невыпадкова, бо сярод вучняў ждановіцкай школы ёсць дзеці, якія пражываюць не з роднымі бацькамі, а з бацькамі­выхавальнікамі. Гэта жыхары дзіцячай вёскі “Вытокі”. Шмат павучальнага ў гістарычным рамане “Капітанская дачка”. Згадаем сітуацыю, калі галоўны герой твора Грынёў пераацаніў свае магчымасці і паехаў да месца службы, не паслухаўшы вопытнага фурмана, які раіў перачакаць буран, што набліжаўся. Грынёў палічыў, што ведае лепш, і загадаў ехаць хутчэй. У выніку трапіў у непагадзь.

Адзін з вучняў Галіны Дзмітрыеўны прызнаўся: “Я прачытаў “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага і шмат зразумеў. А менавіта тое, што беднасць не загана, што не трэба адчайвацца, важна рухацца наперад”. Калі разбіраецца гэты твор, настаўніца засяроджвае ўвагу вучняў на тым, што чалавек не павінен пазбаўляць жыцця іншага чалавека, як бы цяжка яму ні было. Раскольнікаў здзейсніў два злачынствы і не мог спакойна жыць, таму што меў сумленне. А калі б сумлення не было, цудоўна жыў бы далей. З чаго пачынаюцца злачынствы? З адчування ўсёдазволенасці, якое часта праяўляецца ў дробязях і пачынаецца з іх. Калі дома бацькі дазваля­юць дзіцяці ўсё што заўгодна, не ўстанаўліваюць правіл і меж ва ўзаемаадносінах, то і ў школе вучань працягвае паводзіць сябе як дома, не паважаючы нікога, адбываецца ланцуговая рэакцыя, якая рана ці позна прывядзе да непапраўнага.

“Вынік маральнага выхавання вучняў заўважаеш не адразу і не толькі падчас урокаў, — гаворыць Галіна Дзмітрыеўна. — Ніколі не чула ад сваіх вучняў, што руская літаратура як прадмет ім не патрэбна. Ніхто не сказаў, што не будзе вучыць верш на памяць ці чытаць тэкст. Бывае, што вучань не падрыхтуецца да ўрока, але загадзя папросіць не выклі­каць яго, патлумачыць прычыну негатоўнасці, напрыклад: “Учора позна прыехаў ад рэпетытара”. І я паверу яму, бо ўсе мы людзі. Пастаўлю кропку алоўкам у журнале і дамоўлюся з вучнем, што да наступнага ўрока ён падрыхтуецца. Абяцанне звычайна выконваецца. Адчуваю свой уклад у выхаванне юнакоў і дзяўчат, калі сустракаю іх ужо дарослымі людзьмі і яны радуюць мяне сваімі сямейнымі і прафесійнымі поспехамі”.


На працягу многіх гадоў Галіну Дзмітрыеўну хвалюе праблема зніжэння пісьменнасці дзяцей. Асноўная прычына — недахоп чытання, у тым ліку кніг на друкаванай аснове. Калі дзіця чытае друкаваны тэкст, яно робіць гэта павольна, удумліва, у любы момант можа вярнуцца да слова, якое здалося незразумелым. Калі перад вачыма сэнсарны тэлефон або планшэт, якія разглядаюцца ў першую чаргу як сродак забавы, працэс чытання павярхоўны, няякасны. Хвалюе педагога і тое, што дзеці часам знаёмяцца са скарочаным зместам праграмных твораў па літаратуры. Як зацікавіць дзяцей чытаннем? З гэтай мэтай Галіна Дзмітрыеўна выкарыстоўвае пэўныя хітрыкі.

“Калі мы вывучаем літаратуру ХІХ стагоддзя, задаю дзяўчынкам пытанне, хто з іх хоча стаць мадэллю і дэманстраваць адзенне, — дзеліцца педагог. — І прапаную зачы­таць урывак з тэксту твора, уявіць, як былі апрануты дамы таго часу. Магу пацікавіцца ў вучняў: “Магчыма, хтосьці з вас хоча стаць архітэктарам?” Знаёмлю з урыўкамі, дзе характарызуюцца стылі архітэктуры розных эпох. Вывучэнне твора звычайна пачынаю з яго выразнага чытання дзецям уголас, каб зацікавіць іх, каб яны працягнулі чытанне. Магу даць тэст па творы. Складаю яго сама, таму гатовых адказаў знайсці вучням не ўдасца. Гэта дазваляе мне хутка праверыць веданне тэксту і біяграфіі аўтара. Даю стымулюючыя заданні, напрыклад, падрыхтаваць творчую работу або выпуск газеты па тэме “Каханне ў жыцці Ясеніна”. Прапаную для самастойнага чытання вершы, якія потым абмяркоўваем з дзецьмі ў класе. Пры падрыхтоўцы вучняў да напісання сачыненняў акрэсліваю іх магчымыя тэмы, нагадваю аб неабходнасці скласці план сачынення: што трэба сказаць у яго пачатку, у асноўнай частцы і ў канцы. Тэмы сачыненняў, як правіла, фармулюю канкрэтна, таму што дзеці часам імкнуцца ўключыць у работу ўсю інфармацыю, якую знайшлі пра аўтара, пачынаючы з яго біяграфіі. Думаюць, што чым больш напішуць, тым лепш. Для мяне важны не аб’ём сачынення. Нават калі яно на старонку­паўтары, мне хочацца разгледзець у ім уласнае мысленне вучня, а не спісаныя з інтэрнэту чужыя думкі. Калі навучэнец не зусім правільна выкладзе свае думкі, па­дзіцячы проста і наіўна накшталт: “З Ясеніным я знаёмы не так даўно, класа так з сёмага…” — я падтрымаю яго, усміхнуся і ўдакладню: “І даўно ты з Ясеніным сустракаўся?”


“Вучні прывыклі, што я праводжу з імі цікавыя хвілінкі цішыні і фізкультпаўзы, — адзначае настаўніца. — Праходзіць палова ўрока, дзеці кладуць рукі на парту, галаву на рукі, заплюшчваюць вочы і пачынаюць слухаць цішыню. Праз  хвілінку я высвятляю ў іх: “Што вы пачулі?” Адказы звычайна такія: “Гадзіннік цікаў”, “Машына шумела”, “Прайшоў хтосьці па калідоры”. Гэта супакойвае вучняў і настройвае на наступны этап урока.

Працуючы са школьнікамі, свайго ўзросту не адчуваю, на ўроках не сяджу за сталом, стараюся рухацца. Выконваю з дзецьмі фізкультурныя практыкаванні. Напрыклад, агучваю наступныя радкі: “Дует ветер нам в лицо, закачалось деревцо, ветер тише, тише, тише (приседаем), деревцо всё выше, выше”. Раблю і прысяданне — у гэты момант усяму класу цікава назіраць, як у мяне атрымаецца ўстаць”.

Галіна Дзмітрыеўна з разуменнем і павагай ставіцца да вучняў. І яны адказваюць ёй узаемнасцю. Часам прыйдзе настаўніца на ўрок і скажа: “Дзеці, сёння ў мяне баліць галава, давайце дамовімся: працуем актыўна, але ціха”. І вучні ўсё разумеюць. Педагог можа падзяліцца з дзецьмі асабістай інфармацыяй, расказаць пра сваю ўнучку, пра тое, дзе была ў выхадныя дні з сям’ёй. У сваю чаргу задасць пытанне вучням, як яны правялі свой вольны час. Па адказах адразу бачна, у каго сям’я моцная, дружная. Галіна Дзмітрыеўна часта водзіць школьнікаў па музеях і тэатрах. У аграгарадку Ждановічы, дарэчы, знаходзіцца Музей­дача Васіля Быкава.


Сямейную традыцыю прадоўжыла дачка Галіны Дзмітрыеў­ны Шушкевіч — настаўніца англійскай мовы і намеснік ды­рэктара па выхаваўчай рабоце Ждановіцкай сярэдняй школы Марына Вітальеўна Дарожка. Пасля заканчэння дзевяці класаў гэтай жа школы Марына паступіла ў Мінскі гарадскі педагагічны каледж. На чацвёртым курсе, перад абаронай дыплома, яе запрасілі ў родную школу выкладаць англійскую мову. БДПУ імя Максіма Танка Марына Вітальеўна скончыла завочна.

Падрастае ў Галіны Дзмітрыеўны і ўнучка­выдатніца Вiкторыя — вучаніца 9 класа. Яна з’яўляецца юным інспектарам дарожнага руху, старшынёй дзіцячай палаты Мінскага раённага савета БРПА, шматразовай пераможцай алімпіяд па правілах дарожнага руху. Вікторыя атрымала дыплом на рэспубліканскім этапе конкурсу “Выконваем законы дарог”, дыплом на раённым этапе конкурсу юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма”, дыплом на раённым этапе конкурсу “АрхНавацыя” (за відэаагляд славутасцей аграгарадка Ждановічы). Дзяўчынка пакуль што канчаткова не вызначылася з будучай прафесіяй, спрабуе сябе ў журналістыцы, прымала ўдзел у ХV Рэспубліканскім фестывалі­конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер”, фінал якога адбыўся ў НДЦ “Зубраня” ў змене “Прэс­перспектыва”. Разважае і наконт магчымасці працягнуць сямейную справу.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва гераіні.