Урокі на ўсё жыццё

- 12:42Адукацыйная прастора

Першы раз у школу я прыйшла не ў 7 і нават не ў 6 гадоў. Упершыню ў школу мама мяне прывяла ў 3 гады. Я гадавалася паміж кабінетамі матэматыкі і біялогіі. Мае першыя дзіцячыя ўспаміны — лагарыфмічная лінейка і адарваны хвост пудзіла вераб’я. Ужо ў 3 я ведала, што ў школе — Марыя Сцяпанаўна, а дома — мама.

У 28 гадоў Марыі Сцяпанаўне Кійко прапанавалі выконваць абавязкі дырэктара Раклевіцкай сямігодкі, што ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Мама часова згадзілася. Ці магла яна тады ведаць, што часова — гэта на 31 год (а агульны педагагічны стаж у яе складае 52 гады).

Канечне, было цяжка, няёмка перад паважанымі калегамі. Многа чаго не ведала, не ўмела, але з кожным крокам станавілася больш упэўненай і рухалася наперад. Слухала парады мудрых калег, выконвала даручэнні кіраўніцтва і любіла сваю работу. На многія пытанні пра патрэбы школы, цяжкасці навучання, гаспадарчыя праблемы (ці мала іх у школе, тым больш у вясковай) шукала адказы разам са сваёй сям’ёй. Добрым дарадцам быў дзядзька Іван — местачковы настаўнік усіх навук і па сумяшчальніцтве вясковы паэт — Пятрусь Граніт. Чалавек цалкам адданы роднай зямлі, пасля вайны вучыў чытаць-пісаць у пачатковай школе дзяцей і трапна складваў у радкі смяшлівыя вясковыя гісторыі. Самі сабой пляліся ў вершы-карункі назіранні за вясковым жыццём. Шкада, што выйшла толькі адна яго кніжка — вершы для дзяцей “Сцяжынка”. Але, нягледзячы на гэта, штогод наша сям’я ладзіць чытанні яго вершаў, і сваіх дзяцей і ўнукаў гадуем на калыханцы пра пеўнікавы боты.

На гэтых сямейных педсаветах, а настаўнікаў у нашай сям’і 9 чалавек, абмяркоўваем метадычныя навінкі, інавацыйныя праекты, параўноўваем аловак дзядзькі Івана з сучаснымі інтэрактыўнымі дошкамі. Тут ужо я салірую, бо працую ў самай электроннай школе Мінска № 51. Расказваю пра электронны журнал і дзённік, электронныя карты школьніка, свой кабінет інфарматыкі, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Але нягледзячы на мае інавацыйныя праекты, мамін педагагічны вопыт перамагае ў любой дыскусіі.

За гады мамінага дырэктарства не памятаю дня, каб яна не клапацілася пра работу. Пад яе кіраўніцтвам школа неаднаразова была пераможцай шматлікіх раённых конкурсаў сярод базавых школ. Усплываюць успаміны пра тэатральныя пастаноўкі на Новы год, выпускныя вечары, восеньскія балі; турыстычныя паходы; экскурсіі па гарадах-героях Савецкага Саюза; спартыўныя святы. Асабліва “Зарніца”, калі ўся школа “ваюе” ў лесе. Толькі цяпер, з цягам часу, я разумею, як складана арганізаваць такую гульню і якая адказнасць за дзяцей у лесе.

Многа ўвагі ў пазакласнай і пазашкольнай рабоце ўдзялялася вывучэнню гісторыі роднага краю. Складваліся “чырвоныя” кнігі расліннага і жывёльнага свету сваёй мясцовасці, летапісы школы, навакольных вёсак і іх слаўных працаўнікоў, даглядаліся помнікі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, аказвалася пасільная дапамога сем’ям загінуўшых.

Без зладжанай каманды далёка не зойдзеш. Добрымі словамі ўспамінаю былых сваіх настаўнікаў, а маміных калег — Л.М.Кульбей, В.В.Касцюшка, А.П.Савашынскага, М.А.Ёрш, Я.Э.Левэ, Л.С.Гаўрош, А.І.Васюкевіча, Я.В.Юшкевіча, Л.І.Юшкевіч, Я.В.Сёмуха, Д.М.Залеўскую. Многіх, на жаль, няма ўжо з намі. Але менавіта яны пакінулі адбітак у маім педагагічным лёсе, на іх уроках я смакавала музыку роднай мовы, спасцігала азы інфармацыйных тэхналогій. Ужо тады ў нашай вясковай школе быў свой радыёвузел і гурток праграміравання на мікракалькулятары “Электроніка”.

Мы, вучні, любілі сваю школу, таму многія вярнуліся да сваіх вытокаў, працуюць тут настаўнікамі. Гэта М.А.Калеснік, Д.І.Кузьма, Л.А.Ступчык. Узначальвае школу ў цяперашні час былы мамін вучань і мой дарагі піянерважаты Аляксандр Іванавіч Васюкевіч.

Не адно пакаленне прайшло праз маміны рукі. Нават было і так: вучыла і дзеда, і бацьку, і сына. І ўсё адной навуцы — быць чалавекам. І таму павага і ад аднавяскоўцаў, і ад дзяржавы: мама ўзнагароджана ганаровымі граматамі раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, знакам “Выдатнiк адукацыi Рэспублiкi Беларусь”.

А сёння яна дапамагае выхоўваць малодшага ўнука. Бядуе разам з ім над дамашнімі заданнямі. І пры кожнай сустрэчы паўтарае мне: “Калі ўрокі праводзіць з павагай да маленькага чалавека, з любоўю да свайго прадмета, з верай у душы і марай за плячыма, то яны будуць праходзіць без званкоў і стануць урокамі на ўсё жыццё”.

Ірына ГЕРМАН,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 51 Мінска.