Урокі ткацтва — урокі продкаў

На Брагіншчыне, у вёсцы Хракавічы, адкрылася прыватная экспазіцыя, якую яе стваральнікі, педагогі мясцовай сярэдняй школы, назвалі “Іванава сядзіба”. Некалі тут жыла вялікая сям’я былой настаўніцы пачатковых класаў Ларысы Ткачэнка і гаспадаром быў яе бацька Іван. Мудрыць не сталі, тым больш Іванамі некалі звалі кожнага чацвёртага мужчыну ў вёсцы.

Ініцыятарам стварэння стаў настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі, а некалі дырэктар школы Міхаіл Казачэнка. Гаворыць, вельмі захацелася паказаць нашчадкам, як проста і разумна жылі продкі, як быў нала­джаны іх быт, якія каштоўнасці цанілі…

— Так здарылася, што ў мяне самога няма малой ра­дзімы, — з горыччу ўздыхае Міхаіл Ярасавіч. — Маю вёску Смалегаў на Нараўляншчыне пасля Чарнобыльскай аварыі зарылі ў зямлю. А мець такі куток, дарагі сэрцу, вельмі важна. Вось мы з калегамі і стварылі музей.

Дзевяць гадоў у хаце, якая засталася ў спадчыну Ларысе Ткачэнка, ніхто не жыў. Дом стаяў замкнёны, але ж яго не спасцігла доля многіх, якія разбурылі ўшчэнт і знеслі. Справа пачала рухацца пасля таго, як мясцовыя ўлады правялі вясной прыём грамадзян і падтрымалі ініцыятыву настаўнікаў аб стварэнні музея. Дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Андрэй Смалянчук расказвае, што людзей падтрымаў і раённы аддзел адукацыі:

— З вясны пайшлі актыўныя работы па добраўпарадкаванні гэтай сядзібы. Да іх падключыліся практычна ўсе педагогі школы. На суботнікі прыходзілі і вучні. Дарэчы, у Хракавіцкай школе сёння вучацца 70 школьнікаў.

Агульныя намаганні прынеслі плён. Экспазіцыя, у якой сёння каля 150 прадметаў, адкрыта для наведвання. У калекцыі прадстаўлены рэчы і прадметы ХХ стагоддзя, якія суправаджалі чалавека на працягу ўсяго жыцця. Напрыклад, цалкам адноўлены працэс вытворчасці льнянога палатна — ад апрацоўкі снапа пры дапамозе церніцы да вырабу льняной тканіны на станку. За ткацкі станок, дарэчы, садзіцца сам Міхаіл Ярасавіч і дэманструе старажытную тэхналогію. Гаворыць, многія рэчы былі знойдзены на гарышчы гэтага ж дома, а многія потым прынеслі аднавяскоўцы, калі даведаліся, што ў родным населеным пункце ствараецца этнаграфічны куток.

— Некаторыя рэчы прыйшлося адрэстаўрыраваць, а некаторыя яшчэ чакаюць аднаўлення, — адзначае ініцыятар вясковага музея. — Ведаеце, у хаце самая галоўная — печ. Яна тут захавалася і дзейнічае. Так што можна распаліць і дранікі пячы хоць зараз. А яшчэ тут можна праводзіць урокі ткацтва — каб не згубілася наша старажытнае майстэрства.

Між тым ужо сёння стваральнікі мараць пра тое, што экспазіцыя з хаты выйдзе на двор. Бо ёсць сапраўдныя старажытныя воз і жорны — ім там самае месца. Цяпер прыватная калекцыя ўрачыста перададзена Хракавіцкай школе. Але ж, гаворыць Міхаіл Ярасавіч, прыйшоў час надаць экспазіцыі статус музея. Педагог-калекцыя­нер толькі што вярнуўся з мясцовага Брагінскага музея, дзе даведаўся, як афармляць для гэтага дакументы. Між тым наведаць “Іванаву сядзібу” можна ў любы дзень тыдня. Аднак папярэдне ўзгадніць гэта са стваральнікамі калекцыі ці адміністрацыяй школы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.