Урокі “васільковай сіняй цішыні”

- 13:55Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

Спытайце ў новалукамчаніна Міхаіла Байкова: дзе самыя прыгожыя світанкі і заходы, лясы і лугі, кветкі і травы? Адказ знойдзеце ў работах мастака­педагога. Карціны майстра — пра прыгажосць роднай Чашніччыны.

…Нарадзіўся будучы аўтар цудоўных пейзажаў у пасёлку Румянцава, недалёка ад украінскай Горлаўкі. Там і цяпер жывуць яго родныя. Ціхае хараство беларус­­кай прыроды з-пад пэндзля нашага земляка ўспрымаецца сёння як апафеоз міру і жыцця.

У Беларусь будучы педагог разам з бацькамі прыехаў у сямігадовым узросце. Байковы-старэйшыя перабраліся на радзіму, каб будаваць горад энергетыкаў: на Чашніччыне ўжо грымела Усесаюзная камсамольская будоўля. Міша стаў вучнем першай новалукомскай школы. У адным з першых гарадскіх дамоў сям’я атрымала кватэру. І многае ў жыцці ўпершыню адкрылася Міхаілу менавіта ў гэтым горадзе.

Як індзейцы ў прафесію прывялі

Хлопцаў з пад’езда, дзе жыў Міша, аб’яднала агульнае захапленне: хлопчыкі вучыліся маляваць індзейцаў. Кожны праяўляў шмат фантазіі пры стварэнні “жывапісных” вобразаў. Бліс­нуць “шэдэўрам” перад сябрамі і ўдастоіцца іх высокай ацэнкі было запаветнай марай кожнага хлопчыка. Мішу гэта ўдавалася. Аднойчы яго ін­дзей­цаў убачыў дзядзька, вядомы беларускі мастак Ягор Батальёнак, які і прадказаў пляменніку прафесійную будучыню. Прадказанне спраў­дзілася. Індзейцы сталі пуцёўкай у прафесію і для іншых хлопцаў з дваровай кампаніі: ніву мастака выбралі браты Аляксандр і Яўген Вахрамеевы. Старэйшы Аляксандр, які цяпер жыве ў Мінску, пакарыў нямала творчых вяршынь, з’яўляецца членам Парыжскай акадэміі мастацтваў.

Зрэшты, не толькі індзейцы натхнялі хлопчыкаў на твор­часць. Будучыя майстры пэндзля га­дзі­намі праводзілі час на прыродзе. Юныя душы прагна ўбіралі ў сябе прыгажосць роднага краю. Урокі “васільковай сіняй цішыні”, якая ў нашай глыбінцы — за кожнай ваколіцай, не прайшлі дарма для Міхаіла.

Да мары праз церні

Пасля заканчэння школы Міхаіл Байкоў падаў дакументы на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Аднак першая спроба стаць студэнтам скончылася няўдачай. Замест пленэру і вучэбнай аўдыторыі давялося асвойваць слясарнае майстэрства ў падраздзяленні БЭРНа Лукомскай ДРЭС. А далей — ваенныя будні ў Закаўказскай ваеннай акрузе. Служыў картографам у штабе арміі.

Атрымаць студэнцкі білет і месца ў ВНУ атрымалася пасля дэмабілізацыі. Мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута імя П.М.Машэрава — альма-матар многіх вядомых беларускіх мастакоў — стаў пачаткам для Міхаіла Пятровіча. Пяць гадоў студэнцтва з лекцыямі, семінарамі, экзаменамі, дзе было месца і каханню, расчараванню, сяброўству, праляцелі непрыметна. Перад выпускніком, які абараніў дыпломную работу па жывапісе, адкрывалася шмат перспектыў. Былі прапановы з’ехаць у сталіцу або застацца працаваць у Віцебску. Але ён так і не змог супрацьстаяць прыцягненню чашніцкай глыбінкі, забыць урокі “васільковай сіняй цішыні”.

Ні дня без малюнка

З 1985 года Міхаіл Пятровіч працаваў у сельскіх школах Чашніцкага раёна. Большая частка прафесійнай біяграфіі звязана з Лукомскай школай. Апошнія 11 гадоў аж да закрыцця быў яе дырэктарам. Паспеў падрыхта­ваць дастойную змену. Два дзясяткі сельскіх дзетак пайшлі па слядах настаўніка. Сярод іх ёсць школьныя выкладчыкі.

Настаўнік, які ўжо на заслужаным адпачынку, застаецца для былых выхаванцаў прыкладам сапраўднага служэння справе. У яго архіве каля 300 жывапісных работ, узровень якіх высока ацэньва­юць спецыялісты. Сёння працоўны дзень Міхаіла Байкова пачынаецца ў дзевяць раніцы. З мальбертам і фарбамі ён адпраўляецца на ўрокі “васільковай сіняй цішыні”. Дадому вяртаецца ўвечары.

Яго прынцып — ні дня без малюнка. Тэматыка аўтарскага жывапісу — пейзаж і нацюрморт. Міхаіл Пятровіч з’яўляецца членам раённага клуба “Майстар” пры Чашніцкім доме рамёстваў. Работы сельскага педагога — у фондах установы.

Персанальныя выставы Міхаіла Байкова прайшлі ў Віцебску, Новалукомлі, Чашніках, Лепелі. Новалукамчанін — неаднара­зовы ўдзельнік выстаў у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Маскве. Работы майстра можна ўбачыць у прыватных замежных калекцыях Германіі, ЗША, Латвіі. У 90-я гады 6 работ педагога з Чашніччыны набыло фінскае пасольства.

Сапраўдны майстар ніколі не спыняецца на дасягнутым, працягваючы шукаць, асвойваць новае. Сёння Міхаіл Пятровіч захоп­лены абстрактным жывапісам і ўжо гатовы прадставіць прыхільнікам новыя творы.

Ірына ТОРБІНА.