Урокі жыцця, мудрасці і эрудыцыі

Лёс Валянціны Ніканораўны Панковай ужо дваццаць пяць гадоў непарыўна звязаны з сярэдняй школай № 218 Мінска. Яна імкнецца выкладаць так, каб гісторыя і грамадазнаўства былі ў ліку любімых прадметаў навучэнцаў. Кожны ўрок для вопытнай настаўніцы — неабходнасць разам з вучнямі зрабіць яшчэ адзін крок наперад, знайсці новую інфармацыю і нестандартныя спосабы яе падачы, абдумаць розныя падзеі і сітуацыі і вынесці з іх важныя ўрокі.

Валянціна Ніканораўна ніколі не думала пра нейкі іншы шлях, акрамя настаўніцкага. Яна расла ў сям’і педа­гогаў: мама выкладала матэматыку, тата — фізічную культуру. Старэйшая сястра па прыкладзе бацькоў вырашыла вучыцца на настаўніка, а сваім прадметам выбрала гісторыю. Цікава, што Валянціна з цягам часу таксама стала настаўнікам гісторыі, хоць першапачаткова такіх планаў не было. Можна сказаць, што яна была ў пошуку сваёй нішы ў педагогіцы.

Валянціна Ніканораўна скончыла Пінскае педагагічнае вучылі­шча імя А.С.Пушкіна, дзе атрымала кваліфікацыю “выхавальнік дзіцячага сада”. Працавала, набывала вопыт і паступова прыйшла да разумення: неабходна вучыцца далей. Але хацелася ўжо па іншай спецыяльнасці, каб у будучыні, як і бацькі, працаваць у школе. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Максіма Танка (у той час педагагічны інстытут імя А.М. Горкага). Яе прадметамі сталі гісторыя і грамадазнаўства, хаця з няменшай цікавасцю пэўны час выкладала і су­светную мастацкую культуру.

— Прадметы “Гісторыя” і “Грамадазнаўства” тояць у сабе мноства цікавых, важных думак і звестак, якія спатрэбяцца кожнаму не толькі ў школьныя гады, але і ў дарослым жыцці, — разважае Валянціна Ніканораўна. — Нездарма ж гавораць, што без мінулага няма будучыні. Сапраўды, гістарычныя веды адкрываюць шырокія перспектывы. Важна разбірацца ў працэсах, якія адбываюцца, у тым, што было раней, пастаянна пашыраць свой кругагляд, каб быць паспяховым, дасведчаным чалавекам.

Настаўніцу вельмі радуюць неабыякавасць, адкрытасць вучняў, іх жаданне даведацца больш. Каб падтрымліваць у школьніках прагу да ведаў, яна няспынна шукае для іх штосьці новенькае. Зрабіць урок гісторыі больш відовішчным ёй дапамагаюць кароткія відэаролікі пра яркіх асоб і важныя падзеі. Для таго каб новыя паняцці былі засвоены грунтоўна і надоўга, заўсёды робіць падрабязны аналіз. Падбіраюцца падобныя і процілеглыя па значэнні паняцці, разглядаюцца перавагі і недахопы пэўных з’яў, шукаюцца народныя выслоўі, звязаныя з тэмай заняткаў. Такім чынам кожнае паняцце перастае быць незразумелым і сухім, ажывае, і перад вачамі вучняў быццам адна за адной гартаюцца старонкі мінулага. А каб палегчыць запамінанне вялікага аб’ёму інфармацыі, настаўніца часта прыбягае да складання логіка-сэнсавых мадэлей, прыёмаў “Пірамідная гісторыя”, “Канцэптуальная табліца”, “Дэнататны граф” і інш.

На ўроках грамадазнаў­ства адной з упадабаных форм з’яўляюцца дэбаты. Падчас іх правядзення вучні дзеляцца сваімі думкамі і сумненнямі, задаюць хвалюючыя, вострыя пытанні і часам адкрываюцца з новага, нечаканага боку. Даволі часта Валянціна Ніканораўна задае школьнікам сітуацыйныя задачы. Пры іх вырашэнні намнога лепш засвойваюцца веды па такіх важных, няпростых тэмах, як “Права”, “Між­асобасныя адносіны”, “Сацыяльныя нормы і паводзіны асобы”.

Аптымальнае спалучэнне індывідуальнай, парнай, групавой форм работы дазваляюць Валянціне Ніканораўне знайсці цікавае, захапляючае і пасільнае заданне для кожнага вучня. Настаўніца стараецца як мага раней сфарміраваць у дзяцей станоўчыя матывы навучання, жаданне даведвацца новае, стварае для іх сітуацыі поспеху і падбадзёрвае, калі нешта не а­трымліваецца.

— Самае галоўнае для мяне — навучыць дзяцей думаць, не паўтараць за некім, а асэнсоўваць, разважаць, рабіць свае вывады на аснове дадзенай інфармацыі, мець уласны пункт гледжання і ўмець яго патлумачыць, — адзначае В.Н.Панкова. — Безумоўна, многія даты забудуцца ў дарослым жыцці. Але дакладна назаўсёды застануцца ўменне працаваць з інфармацыяй, крытычны, асэнсаваны падыход да яе, разуменне важных тэм і падзей, крэатыўнасць і творчасць. Таму, плануючы ўрок, падбіраючы матэрыял да яго, імкнуся зрабіць так, каб ён патрабаваў ад вучняў менавіта мысленчай дзейнасці.

Адным з цікавых напрамкаў для Валянціны Ніканораўны з’яўляецца даследчая дзейнасць. Безумоўна, радуюць малыя і вялікія перамогі вучняў. Але не менш натхняе і іх простае пытанне: “А ў наступным конкурсе мы таксама бу­дзем у­дзельнічаць? Можа, ужо бу­дзем пачынаць рыхтавацца?” Гэта значыць, што яны таксама ма­юць сапраўдную прагу да ведаў і а­трымліваюць асалоду ад працэсу даследавання. Настаўніца стараецца падбіраць актуальныя і цікавыя школьнікам тэмы. Разам яны вывучалі такія тэмы, як “Медыя­дасведчанасць як сродак бяспекі асобы”, “Кіберзлачынства”, “Экалагічная культура — абавязковы кампанент агульнай культуры чалавека”, “Эгаізм, або Дзякуй мне за тое, што я ёсць”, “Маніпуляцыя, ці Гульня з жыццём”… Ёсць цікавыя планы на будучыню, і гэтым летам настаўніца на сувязі са сваімі вучнямі, якія робяць задзел для будучых даследчых работ.

— Калі дзеці самі нешта прапануюць, я заўсёды за. Стараюся накіроўваць іх, але не абмяжоўваць, даваць магчымасць праявіць свабоду мыслення і крэатыўнасць, паэксперыментаваць, — тлумачыц­ь сваю пазіцыю настаўніца.

На працягу многіх гадоў Валянціна Ніканораўна накіроўвае і падтрымлівае не толькі сваіх вучняў, але і калег. Яна з’яўляецца ня­зменным кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі, грамадазнаўства і сустветнай мастацкай культуры. На час летняга адпачынку настаўніца не развітваецца са школай. Перыядычна заходзіць, каб паліць кветкі ў кабінеце гісторыі, і кожны раз з радасцю адзначае: “Гэта маё роднае месца, дзе нават сцены грэюць!”

Таццяна ШЫМКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.