У Пескаўскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза Віктара Яронькі паспяхова функцыянуе адзінае ў Мастоўскім раёне школьнае лясніцтва. Для ўстановы адукацыі “Лясны дазор” не проста частка іміджу — дзякуючы лясніцтву пра школу ведаюць далёка за межамі Гродзенскай вобласці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Натхненне праз прыроду
— Яшчэ ў 2008 годзе ляснічы Пескаўскага лясніцтва Юрый Казлоўскі прыехаў у Струбніцкую школу з прапановай адкрыць там лясніцтва. Не ведаючы, што гэта такое і як працуе, мы з калегамі, памятаю, спачатку насцярожыліся. Але ўсе сумненні рассеяліся пасля цікавага дыялогу з госцем, які шчыра расказаў пра сваю прафесію і тое, як падчас навучання ён удзельнічаў у аналагічным аб’яднанні ў школе Гродзенскага раёна, — расказвае намеснік дырэктара Пескаўскай сярэдняй школы Тамара Рагацэвіч.

Пасля рэарганізацыі школы ў Струбніцы многія педагогі перайшлі працаваць у Пескі і, вядома, прынеслі з сабой цікавыя формы работы. Тамара Раманаўна і сёння ўспамінае той візіт Юрыя Казлоўскага, які падзяліўся атрыманым у школе вопытам назірання за птушкамі і вырошчвання дрэў.
— Я заўсёды ўсміхаюся, калі хтосьці з сённяшніх выпускнікоў дзеліцца падобнымі ўспамінамі. У жыцці чалавека ніводная сустрэча не бывае выпадковай. А сустрэчы на прафесійным шляху педагога заўсёды многае даюць не толькі яму, — робіць важную заўвагу Тамара Раманаўна.
За 11 гадоў работы яна змагла сфарміраваць каманду, якая эфектыўна працуе і знаходзіць аднадумцаў за межамі ўстановы. Сацыяльнымі партнёрамі школы сёння з’яўляюцца Шчучынскі лясгас, Пескаўскае лясніцтва, Мастоўская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і не толькі.
— Цеснае сацыяльнае партнёрства дазваляе нам паспяхова вырашаць пытанні фарміравання ў навучэнцаў экалагічнай культуры, арыентацыі іх на прафесіі, звязаныя з лясной гаспадаркай, — працягвае Тамара Раманаўна.
І справай, і словам!
Юныя лесаводы з Песак аказваюць дапамогу мясцоваму лясніцтву ў пасадцы лесу, прымаюць удзел у рэспубліканскіх акцыях. Калі гаварыць мовай лічбаў, то толькі ў штогадовы “Тыдзень лесу” ўдзельнікі “Ляснога дазору” высаджваюць да трох тысяч саджанцаў маладога лесу.
У прыярытэце школьнікаў, якія носяць форму зялёнага колеру, — прыносіць карысць лесу не толькі справай, але і словам. Нагода для гордасці намесніка дырэктара і настаўніцы біялогіі, якая курыруе работу школьнага лясніцтва, — цэлая калекцыя даследчых работ і цікавых праектаў школьнікаў. Гартаючы іх, Тамара Раманаўна прыгадвае сваіх вучняў — сённяшніх і тых, хто даўно скончыў школу.

У цесным узаемадзеянні з раённай інспекцыяй прыроды тут рэалізавана шмат даследчых ініцыятыў. Работы навучэнцаў і педагогаў неаднаразова станавіліся пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Празрыстыя хвалі Нарачы”, абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў.
— У гэтым годзе на злётах школьных лясніцтваў нашы вучні былі першымі ў вобласці і трэцімі ў краіне, — з гордасцю адзначае Тамара Раманаўна. — Наогул, такое цікавае пачынанне, як школьнае лясніцтва, вельмі шмат дало і нам, педагогам. Напрыклад, я з вялікім задавальненнем хаджу па грыбы ў лес, які саджала больш за дзесяць гадоў назад разам са сваімі вучнямі. Для мяне гэта больш чым проста ўтульны экаўчастак. У яго асаблівая гісторыя, якая выклікае цёплыя ўспаміны. Таму і грыбы з такога лесу самыя смачныя!
Пуцёўка ў жыццё
Для многіх выпускнікоў установы адукацыі захапленне лясной тэматыкай у школьныя гады стала вызначальным фактарам у выбары прафесіі. У школе ганарацца тым, што чатыры выпускнікі пасля заканчэння ўніверсітэтаў вярнуліся на малую радзіму спецыялістамі ў галіне лясной гаспадаркі. Два чалавекі працягваюць вучобу ў сталічным універсітэце на факультэце лясной інжынерыі і матэрыялазнаўства. А для некаторых пытанне прафесійнага самавызначэння актуальнае ў цяперашні час. Так, вучань 11 класа Даніла Барашка ў гэтым годзе рашуча настроены паступаць у БДТУ.

— Я нарадзіўся ў аграгарадку Пескі. Кругом — лес, азёры ды рака Зяльвянка. З дзяцінства любіў пахадзіць з кошыкам, збіраючы грыбы, ягады. Здаецца, заўсёды марыў выбраць прафесію, якая была б звязана з лесам. Паўплывала на гэта і школа, і прыклад бацькі, які шмат гадоў працуе вальшчыкам лесу, — дзеліцца Даніла і тут жа прыгадвае цікавую жыццёвую сітуацыю. — Мабыць, гадоў у пяць я вырашыў восенню пасадзіць жолуд і вырасціць з яго дуб. На той час нічога не ведаючы аб насенным спакоі, я кожную раніцу бег глядзець, ці не вырас ужо мой дубок. Эксперымент з трэскам праваліўся, а цяга да навукі не прапала. Сёння разумею, што хачу займацца селекцыяй раслін. Цікава было б, напрыклад, размнажаць сасну пасынкаваннем. Многія вучоныя лічаць, што гэта немагчыма, але я буду спрабаваць (усміхаецца).
У школе настойліваму даследчыку прарочаць вялікую будучыню. Малады чалавек ужо заявіў пра сябе на ўзроўні краіны, стаўшы дыпламантам ІІІ ступені ў рэспубліканскай алімпіядзе “Лясныя рэсурсы і лясны комплекс Беларусі”. Да таго ж разам з аднагодкамі-аднадумцамі ён вучыўся ў Рэспубліканскай школе юных лесаводаў.
“Школьны” лес — тэрыторыя адкрыццяў
З вокнаў школы ў Песках адразу відаць лес, які ўсе даўно называюць школьным. Для юных аматараў прыроды тут абсталявана вучэбна-доследная сцяжынка, дзе прадстаўлены розныя экалагічныя сістэмы. Менавіта тут дзеці праводзяць свае даследаванні. Аб’ектам іх цікавасці нярэдка становіцца і школьны гадавальнік з туямі і сібірскімі кедрамі, а таксама тэрыторыя каля школы, шчодра засаджаная клёнамі і каштанамі.

— Мінулым летам ідэю добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі вырашылі абыграць, канечне ж, у экалагічным напрамку. Ідучы ў школу, нашы вучні цяпер заўсёды праходзяць міма арыгінальнай і цікавай птушынай сталовай з кармушкамі і сінічнікамі. Кожны домік для крылатых сяброў — справа рук нашага ўмелага дырэктара Генадзя Пятровіча. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што “Лясны дазор” — справа, якая аб’ядноўвае ў нашай школе ўсіх і кожнага, — дадае Тамара Раманаўна.
Тое, што экалагічная культура сфарміравана не ў аднаго пакалення школьнікаў, спрыяе павышэнню бытавой культуры насельніцтва ўсяго аграгарадка. Раней педагог і ўдзельнікі школьнага лясніцтва падчас санітарных акцый збіралі ў лесе некалькі мяшкоў смецця, а сёння на тым жа маршруце — не больш за адзін пакецік.
— Узаемаразуменне і падтрымка, адкрыты стыль зносін, павага правоў і меркаванняў іншых, любоў да малой радзімы і краіны — гэта не проста прыгожыя словы, а лад жыцця нашай установы адукацыі. І ўсё гэта актуальна для нас у тым ліку дзякуючы школьнаму лясніцтву, — падсумоўвае Тамара Рагацэвіч.
Слухаючы яе і гледзячы на захопленыя твары яе вучняў, разумееш: “Лясны дазор” — гэта не проста школьнае аб’яднанне, гэта цэлая філасофія, прасякнутая любоўю да прыроды, клопатам пра навакольны свет і імкненнем зрабіць малую радзіму лепшай.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





