Усе бар’еры — у нашай галаве

Інклюзія — гэта прымета высокай ступені развіцця грамадства, і гэта той шлях, па якім упэўнена крочыць наша краіна. Каб інклюзіўная плынь мацнела, неабходна эфектыўная прафесійная падрыхтоўка і працаўладкаванне людзей з асаблівымі патрэбамі. Гэта адзін з найбольш важных аспектаў рэалізацыі паўнавартаснай інклюзіі. Пра гэта гаварылі на семінары “Тэорыя, падыходы і практычная рэалізацыя інклюзіўнага падыходу ў рамках сістэмы адукацыі і прафесійнага навучання Беларусі”, што прайшоў у сталіцы.

Семінар ладзіўся ў рамках праекта “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”. Глабальная мэта праекта — адаптаваць сістэму прафесійнай адукацыі Беларусі да сучасных умоў і рэалій. А сучасныя ўмовы і рэаліі патрабуюць увагі да ўразлівых катэгорый грамадзян.

Аўстрыйскі вопыт

Міжнароднае разуменне інклюзіўнага падыходу прадставіў Том Зульевіч-Саламон — эксперт па сацыяльнай інклюзіі, прафесійнай адукацыі і інтэграцыі, які шмат гадоў працуе ў гэтым напрамку.

Том перакананы, што найбольш складаны выклік у працэсе трансфармацыі грамадства — не стварыць безбар’ернае асяроддзе (гэта, як кажуць, справа тэхнікі), а змяніць свядомасць, светапогляды людзей, успрыманне грамадствам людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Інклюзія — гэта безумоўнае прыняцце ўсіх людзей такімі, якія яны ёсць. Аднак не ўсе да гэтага гатовы.

Эксперт падкрэсліў выключную важнасць прафесійнай падрыхтоўкі людзей з асаблівасцямі развіцця — без гэтага немагчыма іх паўнавартаснае ўключэнне ў грамадскае жыццё. У ліку асноўных кірункаў інклюзіі адзін з найважнейшых — стварэнне адзінага рынку працы для ўсіх. Штучна ствараць працоўныя месцы для такіх людзей — не самае аптымальнае рашэнне, як і ствараць для іх спецыяльныя аддзелы або вытворчасці. Трэба ў звычайных умовах знаходзіць для іх тыя прафесійныя абавязкі, з якімі яны могуць справіцца.

— Нам трэба перастаць кваліфікаваць людзей па тым, чаго яны не могуць рабіць. Трэба, наадварот, адштурхоўвацца ад таго, што яны могуць, якія ў іх таленты і жаданні, — падкрэслівае Том Зульевіч-Саламон. 

Спецыяліст прывёў прыклад арганізацыі прафесійнай адукацыі для асоб з інваліднасцю ва ўмовах інклюзіі ў Аўстрыі, дзе ён працуе. Там ужо больш як 20 гадоў назад пачалі рэформу сістэмы адукацыі з фокусам на інклюзію, і сёння гэтая краіна мае перадавы вопыт. Калі дзіця дасягае школьнага ўзросту, бацькі выбіраюць, куды яго адправіць: у спецыялізаваную школу ці звычайную. У звычайным класе ў пачатковай школе вучацца да 25 дзяцей, а калі гэты клас інклюзіўны, то не больш за 20. Пры гэтым у такім класе працуюць 2 педагогі: адзін факусіруецца на рабоце з дзецьмі без асаблівых патрэб, а другі — дапамагае дзецям з асаблівасцямі развіцця. Педагогі, што працуюць у такіх класах, асвойваюць спецыяльную магістарскую праграму, каб стаць інклюзіўным настаўнікам.

Дзеці не застаюцца без увагі і пасля заняткаў. У кожным раёне працуюць спецыяльныя педагагічныя цэнтры, якія аказваюць падтрымку дзецям і іх бацькам па-за школай.

Ва ўзросце 16—18 гадоў юнакі і дзяўчаты робяць прафесійны выбар. Яны могуць выбраць звычайнае прафесійнае навучанне: яно доўжыцца тры гады, і за гэты час чалавек асвойвае пэўную прафесію. Сёння прапануецца каля 150 прафесій. Можна выбраць пашыраную праграму падрыхтоўкі: яна доўжыцца 5 гадоў і акрамя прафесійных навыкаў чалавек атрымлівае тэарэтычныя веды. Яшчэ адзін варыянт — частковае навучанне. Калі немагчыма дасягнуць прафесійнага стандарту поўнасцю, чалавек вывучае адну ці не калькі аперацый з усяго прафесійнага набору пэўнай спецыяльнасці. Напрыклад, калі чалавек не можа цалкам асвоіць прафесію повара, ён можа навучыцца гатаваць толькі снеданні і стаць поварам снеданняў.

У людзей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі ёсць магчымасць паступіць ва ўніверсітэт. Для гэтага трэба здаць экзамены. Паступаюць такія юнакі і дзяўчаты на аднолькавых умовах з усімі астатнімі. А вось пры навучанні ім дапамогуць — для гэтага існуе цэлая сістэма падтрымкі. 

Беларускія інклюзіўныя ініцыятывы

У Беларусі атрымаць прафесійную адукацыю людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця могуць як у спецыялізаваных вучэбных групах, так і ў агульных вучэбных групах разам са сваімі звычайнымі аднагодкамі, — расказала Аляксандра Пятрова, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі, начальнік упраўлення ПТА і ССА Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сёння 46 устаноў ПТА і 31 установа ССА навучаюць юнакоў і дзяўчат з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дзейнічаюць 8 цэнтраў прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі, дзе назапашаны надзвычай багаты вопыт работы.

Ва ўстановах прафесійнай адукацыі можна знайсці прыклады цудоўных “інклюзіўных ініцыятыў”. Немагчыма не прыгадаць Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, дзе ўжо больш за 10 гадоў дзейнічае ўнікальны Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тут створана дасканалае безбар’ернае асяроддзе. У лінгвагуманітарным каледжы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацыі”. Мінскі гарадскі педагагічны каледж працуе над тым, каб пачаць выпускаць педагогаў, гатовых працаваць у групах з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Значнай падзеяй гэтага года стаў Брэсцкі абласны фестываль прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з асаблівымі патрэбамі, які прайшоў упершыню ў краіне.

І ўсё ж яшчэ трэба многа працаваць над стварэннем інклюзіўнай культуры і ўкараненнем інклюзіўнай свядомасці.

Сёння нярэдка пад інклюзіяй разумеюць усталяваныя пандусы ці спецыяльныя пад’ёмнікі. Насамрэч інклюзія — гэта поўнае ўключэнне ў працэс навучання людзей з рознымі адукацыйнымі патрэбамі.

Як адзначыла намеснік начальніка цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі РІПА Вольга Салаўёва, у многіх установах прафесійнай адукацыі, у цэнтрах прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі назапашаны шматгадовы вопыт навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёння ж такая работа павінна весціся практычна ў кожнай установе, што дапаможа пашырыць пералік кваліфікацый для асваення людзьмі с асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Таму неабходна назапашаны вопыт і методыку работы перадаваць прафесійным каледжам і ліцэям, каб яны маглі арганізаваць гэтую работу і ў сябе.

Усе кіраўніцкія і метадычныя структуры павінны стымуляваць працэсы стварэння адаптыўнага асяроддзя, ладзіць спецыяльную падрыхтоўку педагогаў для работы ва ўмовах інклюзіі, узмацняць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне асоб з асаблівымі патрэбамі, пашыраць прафесійныя траекторыі для іх.

Сёння самая галоўная задача — ствараць ва ўстановах безбар’ернае асяроддзе, знішчаючы перш-наперш бар’еры ў сваёй галаве, у свядомасці людзей.

Дар’я РЭВА.