Усе дарогі сёння вядуць у Віцебск

- 13:26Культура
Сёння ўвечары ў Летнім амфітэатры ў горадзе на Дзвіне адбудзецца адкрыццё ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Але свята ўжо некалькі дзён ідзе поўным ходам. Яшчэ 9 ліпеня стартавала праграма сольных канцэртаў “Славянскага базару”, якую адкрыў спявак з Санкт-Пецярбурга, ураджэнец Малдавіі, удзельнік расійскага тэлевізійнага праекта Першага канала “Голас” Методзіе Бужор. Летась беларусы ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з ім падчас канцэрта закрыцця фестывалю — Методзіе тады бліскуча выканаў знакамітую песню “Дорогой длинною…”. І заўчора ж са сваёй фірменнай праграмай “Лена” на сцэне Летняга амфітэатра выступіла ўлюбёнка слухачоў, мабыць, з паловы абшару былога Савецкага Саюза Алена Ваенга. Канцэрт прайшоў у падтрымку аднайменнага альбома, які выйшаў восенню мінулага года і парадаваў яе прыхільнікаў разнастайным зместам.

Галоўнай жа падзеяй учарашняга фестывальнага дня стаў пачатак ХІ Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Віцебск-2013”, які традыцыйна праходзіць у канцэртнай зале “Віцебск”. Нагадаем, што нашу краіну сёлета на “Базарчыку” прадстаўляюць дзве таленавітыя 11-гадовыя дзяўчынкі — мінчанка салістка дзіцячай студыі “Мікс” Апалінарыя і выхаванка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г.Мулявіна пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнка Саша Лакціёнава. Напярэдадні ў парку адпачынку Мазурына, што пад Віцебскам, адбылася жараб’ёўка ўдзельнікаў конкурсу, па выніках якой Апалінарыі дастаўся 18 нумар выступлення ў першы дзень 10 ліпеня і 17 — сёння, Аляксандры Лакціёнавай адпаведна — нумары 20 і 2. Паводле ўмоў конкурсу, у першы дзень удзельнікі выконваюць эстрадную песню кампазітара сваёй краіны на роднай мове, у другі — эстрадную песню на свой густ і выбар. У конкурсе сёлета ўдзельнічае 21 артыст з 18 краін, а журы ўзначальвае народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч, які надоечы ў гутарцы з карэспандэнтам Беларускага тэлеграфнага агенцтва прызнаўся, што нават для яго, бывалага ваўка ў судзействе на самых розных конкурсах, даваць ацэнкі дзецям вельмі няпроста. І што для гэтага самім ацэншчыкам трэба вярнуцца ў дзяцінства. “Знаходзячыся сярод дзяцей, судзейскай калегіі проста неабходна напоўніць сябе любоўю, каб потым шчодра дзяліцца гэтым пачуццём з канкурсантамі”, — адзначыў Аляксандр Рыгоравіч. Трэба спадзявацца, што такой жа думкі прытрымліваюцца і астатнія сябры журы дзіцячага музычнага конкурсу: спявачка з Грузіі Манана Тададзэ, балгарская выканаўца Эмілія Валенці (яна была лаўрэатам эстраднага конкурсу “Віцебск-2005”), спявак з Босніі і Герцагавіны Ігар Вукоевіч (лаўрэат конкурсу ў 2003 годзе), латышка Саманта Ціна (леташняя лаўрэатка), лаўрэаты “Віцебска-2004” расіянін Яўген Гор і сербка Ганна Міленкавіч, заслужаная артыстка Украіны Кацярына Бужынская і, напэўна, самы тытулаваны артыст — літовец Данатас Мандвідас (уладальнік гран-пры ХVІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2008”). У сувязі з дзіцячым конкурсам неяк няёмка закранаць меркантыльны момант, але факт застаецца фактам — уладальнік гран-пры атрымае 5 тысяч долараў, лаўрэат 1-й прэміі — 3 тысячы, 2-й і 3-й прэмій — адпаведна 2 тысячы і 1 тысячу. Імёны гэтых шчасліўцаў стануць вядомыя заўтра на гала-канцэрце і цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў ХІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2013”.

Заўтра ж давядзецца па-сапраўднаму пахвалявацца і ўдзельнікам дарослага ХХІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2013” падчас жараб’ёўкі, што адбудзецца ў Віцебскай абласной філармоніі. Сёлета конкурс сабраў 21 удзельніка з 21 краіны свету: Вікторыя Балоніна (Аўстралія), Урэж Кіракасян (Арменія), Аляксандр Салаўёў (Беларусь), Красіміра Атанасава (Балгарыя), Ёвана Ральіч (Боснія і Герцагавіна), Арчыл (Грузія), Вальтэр Росі (Італія), Бердыбек Кулгараеў (Казахстан), Аціс Іевіньш (Латвія), Юлія Ягорава (Літва), Ніка Г’ёргіеўскі (Македонія), Яўген Андрыянаў (Малдова), Міхал Качмарэк (Польшча), Рая Маўсісян (Расія), Хрысці (Румынія), Сварогаў (Славенія), Сардор (Узбекістан), Ганна Азарава (Украіна), Сабрына (Харватыя), Мадалена Жоао (Чэхія), АртС (Эстонія). Ці не праўда, каларытны і незвычайны ўжо сам па сабе гэты россып імёнаў — ад аўстралійкі Вікторыі Балонінай да чэшкі Мадалены Жоао? Разгадка адшукваецца, калі пільна прыгледзецца да біяграфій удзельнікаў. Напрыклад, Вікторыя Балоніна нарадзілася ў Яраслаўлі, а ў аўстралійскім Сіднеі жыве з 10 гадоў, працуе там у рускім тэатры “А.Р.Т” і наогул актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці рускай дыяспары. А Мадалена Жоао з Чэхіі таму і Жоао, што мае ангольскія карані, хаця жыве ў чэшскім Брно.

Варта заўважыць, што літаральна ўсе ўдзельнікі сёлетняга конкурсу выканаўцаў эстраднай песні ў Віцебску неаднойчы станавіліся лаўрэатамі іншых (нацыянальных і міжнародных) конкурсаў. Што тычыцца нашага Аляксандра Салаўёва, нягледзячы на свой малады ўзрост (нарадзіўся ў 1987 годзе), ён валодае цэлай калекцыяй яркіх перамог — гран-пры VІІІ Рэгіянальнага конкурсу маладых выканаўцаў “Адна зямля” (2008), лаўрэацтва І ступені на V Рэспубліканскім конкурсе маладзёжнай музыкі маладых выканаўцаў
“БЕЛазаўскі акорд — 2006”, гран-пры і прыз сімпатый гледачоў конкурсу маладых выканаўцаў Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2009” і інш. З 2010 года і па сённяшні дзень з’яўляецца салістам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Аўтару гэтых радкоў аднойчы на прэс-канферэнцыі давялося пачуць, як маэстра захоплена адгукаецца аб сваім выхаванцы. Застаецца пажадаць Аляксандру ўдачы, якая б прынесла яму калі не гран-пры коштам у 15 тысяч долараў, то, прынамсі, адно з прэміяльных месцаў. Журы ХХІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2013” узначаліць народная артыстка Расіі Ларыса Доліна, а разам з ёй ацэньваць выступленні канкурсантаў будуць народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка, старшыня Саюза кампазітараў Арменіі Роберт Амірханян, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Грузіі спявак і кампазітар Джэмал Сепіяшвілі, заслужаны дзеяч Рэспублікі Казахстан спявак і кампазітар Ерлан Какееў, заслужаны артыст Украіны, спявак, кампазітар і прадзюсар Дзмітрый Клімашэнка, папулярныя спевакі Нелі Рангелава (Балгарыя), Бірутэ Петрыкітэ (Літва), Данута Блажэйчык (Польшча), Дамір Кеджо (Харватыя) і Ярэк Шымек (Чэхія).

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” сёлета будзе доўжыцца менш, чым у мінулыя гады. Але такі новы фармат — ні ў якім разе не ўсечаная версія яркага і змястоўнага свята, да якога за 21 год паспелі ўжо прывыкнуць віцябляне і госці горада на Дзвіне. Толькі на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца 15 канцэртаў (некалькі з іх ужо адбыліся). А ўсяго на фестывалі пройдзе больш за 60 разнастайных мерапрыемстваў, іх культурны спектр задаволіць і меламанаў, і тэатралаў, і кінаманаў, і прыхільнікаў выяўленчага мастацтва, і проста… тусоўшчыкаў, аматараў актыўнага ладу жыцця. Не будуць пазбаўлены асалоды віртуальна пабываць на форуме мастацтваў і мільёны тэлегледачоў. Для самога ж Віцебска так характэрна быць культурным.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.