Усе дарогі вядуць у школу

Чацвер 27 лютага для настаўнікаў і навучэнцаў Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна выдаўся багатым на падзеі. Сюды на сустрэчу ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Школа актыўнага грамадзяніна” прыехаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Ён выканаў пачэсную місію — перадаў школе спартыўны інвентар.

Лунненская сярэдняя школа — адна з шасці невялікіх сельскіх школ краіны, якая атрымала інвентар для ўмацавання спартыўнай базы. Гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Пачаўся візіт у сельскую школу са знаёмства з яе спартыўнымі традыцыямі. Як вобразна выказаўся дырэктар навучальнай установы Віктар Чэрнік, сюды вядуць усе дарогі, школа сапраўды з’яўляец­ца сацыяльна-культурным і спартыўным цэнтрам Лунна. А новы спартыўны інвентар — трэнажоры, тэнісныя сталы, мячы — будуць выкарыстоўваць школьнікі і іх бацькі, настаўнікі і жыхары Лунна.

Дырэктар школы В.Чэрнік расказвае міністру адукацыі аб патрыятычнай рабоце.

Са спартыўнымі традыцыямі і дасягненнямі лунненскай школы і Мастоўскага раёна прысутных пазнаёміла перасовачная выстава, якую ў раёне арганізавалі ў алімпійскі год, каб кожны навучэнец больш даведаўся пра знакамітых спартсменаў-землякоў і браў з іх прыклад. Ёсць тут звесткі і пра выпускніка Лунненскай сярэдняй школы футбаліста Сяргея Чэрніка.

Міністр адукацыі, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Валяваты, начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянцін Ціхановіч пабывалі на спартыўным свяце, дзе навучэнцы прадэманстравалі свае ўменні ў розных відах спорту, а навучэнка 9 класа Марыя Сідар падзякавала гасцям за ўвагу да школы і расказала пра любоў навучэнцаў да спорту.

— Я перакананы, што ў кожнага з вас ёсць магчымасць дасягнуць добрых вынікаў у вучобе, спорце, творчасці. Дабрачынныя сродкі акцыі “Нашы дзеці” накіраваны на ўмацаванне спартыўнай базы вялікіх і маленькіх сельскіх школ. Таму гэтым разам мы дорым падарункі вашай школе. Спадзяюся, што вы знойдзеце для спартыўнага інвентару дастойнае прымяненне, — сказаў І.В.Карпенка.

Тэма ШАГа ў гэты дзень — “Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь: на варце бяспекі і суверэнітэта”. Гэтая тэма блізкая і зразумелая лунненскім школьнікам, таму што ў школе, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета, паважаюць гераічныя традыцыі папярэдніх пакаленняў і захоўваюць памяць аб іх. Музей баявой славы быў створаны ў школе яшчэ ў 1957 годзе. А некалькі дзён назад члены піянерскай дружыны імя Івана Шарамета прынялі ўдзел у пачатку патрыятычнага марафону “Моладзь памятае…” і запалілі агонь памяці ў гонар героя ля школы, дзе стаіць яму помнік. 75 дзён вучні будуц­ь падтрымліваць агонь як сімвал у­дзячнасці маладога пакалення героям Вялікай Айчыннай вайны. На пешым паверсе школы стварылі інтэр­актыўную зону, дзе кожны жадаючы можа зрабіць паштоўку-віншаванне да Дня Перамогі.

Да службы ва Узброеных Сілах краіны хлопцы лунненскай школы рыхтуюцца ўжо зараз. У раённай спартакіядзе сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі па зімовым мнагаборстве комплексу “Абаронца Айчыны” ў лютым гэтага года каманда школы заняла 1-е месца. Таму і першае пытанне міністру адукацыі было пра тое, як ён сам праходзіў службу ў арміі, які вопыт там набыў. Ігар Васільевіч падрабязна адказаў на гэтае пытанне і падкрэсліў, што важна ўмець абараняць сваю радзіму, а армія дае разуменне калектыву, прывівае пачуццё адказнасці.

Старшакласнікі пачулі інфармацыю ад міністра адукацыі аб правілах прыёму і цэнтралізаваным тэсціраванні, сістэмах адукацыі іншых краін. У сваю чаргу Ігар Васільевіч задаваў пытанні дзецям, напрыклад, ці цікава ім “Школа актыўнага грамадзяніна”, з кім яны сустракаліся падчас яе правядзення. Меркаванне лунненскіх школьнікаў было аднагалосным: ШАГ патрэбны і цікавы сустрэчамі з новымі людзьмі, знаёмствам з іх вопытам, поглядамі на жыццё. І.В.Карпенка падкрэсліў, што такія сустрэчы дапамагаюць захоўваць і ўмацоўваць сувязь пакаленняў, больш ацаніць гісторыю, традыцыі нашай краіны.

Пабываў міністр адукацыі і ў школьным музеі, дзе юныя экскурсаводы расказалі пра гісторыю лунненскай зямлі і Лунненскай сярэдняй школы. На памяць пра наведванне школы яны падарылі Ігару Васільевічу кнігу “Повязь часоў, пакаленняў, традыцый”, прысвечаную іх малой радзіме.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.