Усе дзеці ад прыроды эксперыментатары

- 13:21Адукацыйная прастора

Настаўніца Самахвалавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Ірына Алегаўна Гарошкава імкнецца захапіць сваім прадметам як мага больш вучняў. За гады прафесійнай дзейнасці ў яе склалася свая сістэма працы, якая дапамагае выйгрышна прадстаўляць сямікласнікам новы прадмет і падтрымліваць цікавасць да яго. Вынікам педагог задаволена: вучні ахвотна наведваюць факультатыўныя заняткі і займаюцца даследчай дзейнасцю, добра праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, а некаторыя штогод звязваюць з хіміяй сваю будучую прафесію.

Ірына Алегаўна ў жыцці і працы кіруецца прынцыпам “Хто, калі не я?”. Усё, за што бярэцца, яна стараецца рабіць з пазітыўным настроем і максімальным вынікам. Так склалася, што першапачаткова І.А.Гарошкава, скончыўшы хіміка-біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, займалася навукай. У школу перайшла па сямейных абставінах, аднак неўзабаве зразумела, што яе прызванне менавіта педагагічная дзейнасць. Навуковы падыход, глыбокае веданне прадмета і цікавасць да сучасных тэхналогій дапамаглі хутка ўліцца ў новую сферу і паспяхова працаваць з дзецьмі рознага ўзросту.

— Каб зацікавіць нечым дзяцей, трэба пачынаць з сябе, — расказвае І.А.Гарошкава. — У першую чаргу менавіта ў нас, педагогаў, павінна быць непадробная цікавасць. Гэта не толькі дапамагае захапіць школьнікаў, але і спрыяе асобаснаму росту і самаактуалізацыі. У нас саміх павінны “гарэць” вочы, і тады агонь пазнання мы перададзім нашым вучням.

Творчасць, крэатыўнасць даюць шырокія магчымасці, каб паказаць вучням усю прыгажосць свайго прадмета. Бяспрой­грышны варыянт для гэтага — хімічны эксперымент, на які І.А.Гарошкава робіць стаўку з самага пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці. Усе дзеці ад прыроды эксперыментатары. Сябе ж Ірына Алегаўна з усмешкай называе фанатам хімічнага эксперымента. Вельмі любіць паказваць разнастайныя доследы. У выніку ў вучняў узнікаюць яркія эмоцыі, з­дзіўленне, цікавасць і жаданне паспрабаваць штосьці падобнае самім. І гэта якраз тое, што патрэбна для далейшай стараннай вучобы, каб нават сухая тэорыя ўспрымалася не сумна, а была лагічным працягам таго цікавага працэсу, у якім варта разабрацца. Хімічны эксперымент становіцца выдатнай матывацыяй і для далейшай даследчай дзейнасці.

Настаўніца абавязкова знаходзіць час, каб прадэманстраваць сваім новым вучням — сямікласнікам — цікавыя працэсы. Хімічныя эксперыменты праводзіць часта і не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочнай дзейнасці. Разам з вучнямі яны вырошчваюць крышталі і хімічныя водарасці, вывучаюць прыродныя індыкатары, праводзяць доследы з лімонам… Акрамя таго, у школе па ініцыятыве Ірыны Алегаўны сістэматычна праходзяць яркія хімічныя спектаклі, ставяцца сцэнкі.

Добрай традыцыяй стаў вечар пасвячэння ў хімікі. На ім у цэнтры ўвагі аказваюцца вучні, якія толькі пачалі вывучаць прадмет. А сямікласнікі, якія наведваюць факультатыў, рыхтуюць і ў канцы вучэбнага года паказваюць хімічныя міні-спектаклі і казкі. Іх гледачамі становяцца вучні шостага класа. Пастаноўкі “Тры мушкецёры”, “У чароўнай краіне Хімія”, “Гэтая дзіўная навука хімія” заўсёды праходзяць “на ўра”. Напрыклад, адным з галоўных персанажаў міні-спектакля “Гэтая дзіўная навука хімія” з’яўляецца Баба-Яга, якая расказвае, што з дзяцінства любіць хімію і часта варыць зелле.

Вясёлыя касцюміраваныя выступленні абавязкова суправаджаюцца дэманстра­цыяй яркіх і займальных доследаў. Праверана: гэта дзейнічае. Пасля прагляду ў школьнікаў узнікае жаданне стаць юнымі алхімікамі, а значыць, вучыць хімію і наведваць факультатыўныя заняткі. Шасцікласнікам хочацца, каб такі прадмет хутчэй з’явіўся ў іх раскладзе, узнікае пазітыўны настрой. Як правіла, менавіта тыя дзеці, якія прыходзяць на факультатывы, у далейшым займаюцца яшчэ і даследчай дзейнасцю. Акрамя таго, развіваць цікавасць да гэтага кірунку можна і праз спаборніцтвы ў выглядзе гульняў, ін­тэлектуальных турніраў, віктарын, якія Ірына Алегаўна праводзіць на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. Часам жаданне перамагчы, прадэманстра­ваць свае веды становіцца моцным стымулам да пазнання.

Даследчай работай з вучнямі І.А.Гарош­кава займаецца з 2004 года. Штогод юныя хімікі з Самахвалавіч працуюць у гэтым кірунку і выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях, атрымліваюць узнагароды як на раённым, так і на абласным узроўнях. З самага пачатку ў настаўніцы склаліся прынцыпы, якіх яна заўсёды прытрымліваецца ў даследчай дзейнасці. У іх ліку — абавязковая ўласная захопленасц­ь справай і тэмай, павага да вучня (педагог і вучань — члены адной каманды, паміж якімі павінны быць бесканфліктныя адносіны супрацоўніцтва). Ірына Алегаўна пераканана: няма няздольных вучняў, ёсць тыя, у каго магчымасці проста не раскрыты. Галоўнае, каб у дзіцяці з’явілася жаданне займацца даследчай дзейнасцю, быў дапытлівы розум. Настаўніца абавязкова стварае не толькі ўмовы для развіцця, але і сітуацыю поспеху. Гэта надае школьнікам упэўненасці ў сваіх сілах і здольнасцях, што пазней дазваляе дасягаць намечанага ў дарослым жыцці.

Спачатку неабходна сфарміраваць і развіць у вучняў самыя простыя даследчыцкія ўменні. Гэта І.А.Гарошкава рэалізоўвае праз правядзенне лабараторных доследаў і практычных работ, выкананне дамашніх эксперыментаў (прыгатаванне раствору для мыльных пузыроў, выраб лакмусавай паперы і г.д.). Падчас такой дзейнасці дзеці знаёмяцца з асноўнымі прыёмамі лабараторных работ, набываюць практычныя ўменні працы з хімічным посудам, абсталяваннем і рэактывамі, рашаюць найпрасцейшыя даследчыя вучэбныя задачы. Зараз ёсць магчымасць назіраць хімічныя доследы і ў віртуальных лабараторыях з выкарыстаннем складанага, дарагога абсталявання. Гэта таксама выклікае цікавасць вучняў да эксперыментальнай дзейнасці.

— Першае, з чаго мы пачынаем, — выбар тэмы даследавання. Гэта, напэўна, самае галоўнае і важнае пытанне, — разважае І.А.Гарошкава. — Я прапаноўваю тэмы сама, абавязкова выслухоўваю вучняў. Акрамя таго, варта пазнаёміцца і з тэмамі даследчых работ, якія былі прадстаўлены на міжнародных канферэнцыях. Анатацыі на іх публікуюць многія сайты. Разам з дзецьмі мы абмяркоўваем перспектыўнасць, актуальнасць і практычныя магчымасці раскрыцця кожнай тэмы.

Тэма павінна быць цікавай абодвум бакам — і педагогу, і юнаму даследчыку. Толькі ў такім выпадку ўсё складзецца і вынік бу­дзе станоўчым. У ходзе работы тэму можна карэкціраваць. Яшчэ адна важная ўмова выбару тэмы — наяўнасць якой-небудзь супярэчнасці ці адсутнасць аб’ектыўных даных. Напрыклад, пры вывучэнні сінтэтычных мыйных сродкаў у 10 класе вучні рыхтавалі паведамленні пра разнастайныя сродкі для мыцця. Цікава, што пры гэтым школьнікі звярнулі ўвагу на тое, што ні на адной інструкцыі па прымяненні вадкіх мыйных сродкаў для посуду не быў указаны час змывання ці колькасць паласканняў. У выніку з’явілася тэма для даследавання “Вызначэнне ступені змывальнасці вадкіх мыйных сродкаў з посуду”, з якой вучні І.А.Гарошкавай выступілі і атрымалі дыплом ІІ ступені на абласным конкурсе.

Яшчэ адзін прыклад: вывучаючы будову нуклеінавых кіслот на ўроках біялогіі, якую раней таксама выкладала Ірына Алегаўна, вучні карысталіся ма­дэлямі малекул, але выказвалі жаданне ўбачыць самі малекулы. У навукова-папулярнай літаратуры прапаноўваецца простая методыка выдзялення ДНК. Акрамя таго, у той час у інтэрнэце якраз з’явіліся відэаролікі, у якіх гаварылася, што з тканак пладоў банана выдзяліць малекулы ДНК можна ледзь не дома на кухні. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніцы вырашылі праверыць, ці магчыма вы­дзяліць чыстую ДНК з тканак расліннага паходжання ва ўмовах школьнай лабараторыі, ці існуе сувязь паміж ступенямі дыферэнцыяцыі тканак і ўтрыманнем у іх РНК і ДНК. Так і была вызначана тэма даследавання “Вызначэнне ступені ачысткі і канцэнтрацыі нуклеінавых кіслот, выдзеленых з расліных тканак”. А пры вывучэнні тэмы “Кіслоты” вучні самі прапанавалі праверыць, ці выпадаюць у Самахвалавічах кіслотныя дажджы. Група старшакласнікаў занялася распрацоўкай тэмы “Маніторынг асадкаў і іх уплыў на рост і развіццё раслін”. З ёй вучні выступалі на рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ вучняў агульнаадукацыйных устаноў і устаноў дашкольнага навучання і выхавання.

— Мой вопыт арганізацыі даследчай дзейнасці паказаў: найбольш цікава і вынікова работа над тэмай даследавання ажыццяўляецца не адным вучнем, а камандай аднадумцаў, аб’яднаных агульнай мэтай, — дзеліцца сваімі высновамі настаўніца. — Дзеці розныя, кожны ўносіць свой уклад. Адны прапануюць гіпотэзы, іншыя вельмі акуратна рыхтуюць і праводзяць эксперымент, а хтосьці добра афармляе прэзентацыі і г.д. Да таго ж, работа ў камандзе фарміруе ў школьнікаў такія важныя кампетэнцыі, як кааперацыя, камунікацыя. Яны вучацца слухаць і разумець іншых, выказвац­ь і адстойваць свой пункт гледжання, знахо­дзіць кампраміс у спрэчных сітуацыях і ўзаемадзейнічаць.

Над тэмай “Выкарыстанне цыбульнага шалупіння як крыніцы біялагічна актыўных рэчываў” працавала група вучняў. У кожнага была свая зона адказнасці: адзін старшакласнік з цікавасцю даследаваў уздзеянне цыбульнага шалупіння на захоўванне морквы ў падвале бацькоўскага дома, другі — рабіў выцяжкі цыбульнага шалупіння, трэці прарошчваў насенне агуркоў, а затым апрацоўваў расліны настоем цыбульнага шалупіння. Дзякуючы каманднай рабоце ўдалося весці даследаванне адразу ў некалькіх кірунках і сабраць намнога больш інфармацыі.

Пачынаючы даследчую дзейнасць з вучнямі, Ірына Алегаўна раіць не пускацца ў фантазіі: навуковых адкрыццяў чакаць не трэба. Важным тут з’яўляецца сам працэс даследавання і атрымання вынікаў, няхай і не заўсёды чаканых. Гэта вельмі каштоўна, бо для дзіцяці любы атрыманы ім вынік — падзея, якая дазваляе адчуць поспех і ўпэўненасць у сваіх сілах і здольнасцях.

Вызначыўшы кірунак работы, педагог вучыць дзяцей адбіраць і аналізаваць інфармацыю па пытанні, якое даследуецца, знаходзіць і фармуляваць праблему, вызначаць аб’ект і прадмет даследавання, ставіць мэту і вызначаць шляхі яе дасягнення, праводзіць аналіз і інтэрпрэтаваць атрыманыя вынікі. Важнае месца тут займае фарміраванне і развіццё эксперыментальных навыкаў — правільна арганізаваць сваё працоўнае месца, падрыхтаваць неабходнае абсталяванне і рэактывы, правесці хімічны эксперымент, прытрымліваючыся ўсіх правіл бяспекі. Яшчэ адзін момант, на які настаўніца заўсёды робіць стаўку, — развіццё прэзентацыйных кампетэнцый, уменне правільна прадставіць вынікі сваёй працы.

Вялікае значэнне для паспяховай арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў мае супрацоўніцтва з навуковымі ўстановамі. У такім выпадку магчымасці школьнікаў істотна пашыраюцца. Пры правядзенні даследаванняў І.А.Гарошкава з вучнямі часта звяртаюцца па кансультацыі і дапамогу да навуковых супрацоўнікаў РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і агародніцтве”, які знаходзіцца ў Самахвалавічах. Унікальная магчымасць карыстацца яго сучасным лабараторным абсталяваннем яшчэ больш павышае цікавасць вучняў да даследчай дзейнасці. Пры вызначэнні кіслотных ападкаў юныя даследчыкі навучыліся працаваць са стацыянарным рН-метрам. Вызначэнне ступені ачысткі нуклеінавых кіслот, выдзеленых ва ўмовах школьнай лабараторыі, а таксама выдзяленне нуклеінавых кіслот з тканак прарослых бабоў фасолі праводзілі на нанаспектаметры “Implen 300” у лабараторыі РНПЦ НАН Беларусі “Інстытут пладаводства”.

Хімічны эксперымент, даследчая дзейнасць, інтэрактыўныя тэхналогіі — на да­дзены момант гэта самыя важныя, правераныя, неад’емныя складнікі педагагічнай дзейнасці Ірыны Алегаўны. Але яна ніколі не стаіць на месцы. У планах — зрабіць стаўку яшчэ і на прапедэўтыку хімічных ведаў. Безумоўна, такая адданасць справе і навукова-творчы падыход да прафесіі прыносяць свой плён. У 2017/2018 навучальным годзе вучань І.А.Гарошкавай Аляксей Літвінаў атрымаў дыплом ІІІ ступені на раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, у мінулым годзе дыпломы І ступені раённага этапу заваявалі Іван Валько і Антон Шалькевіч.

Цёплыя, сяброўскія адносіны з вучнямі ў Ірыны Алегаўны захоўваюцца і пасля таго, як яны пакідаюць школьныя сцены. У іх памяці яна застаецца не толькі як прафесіянал, педагог, які любіць свой прадмет і перадае цікавасць да адкрыццяў, даследаванняў і хімічных эксперыментаў дзецям, але і як яркая, неардынарная, рознабаковая асоба. Інакш і немагчыма! Ірына Алегаўна ўжо пяць гадоў ез­дзіць на працу на веласіпедзе, пастаянна чытае, наведвае тэатры, падарожнічае… У настаўніцы шмат цікавых захапленняў. Яна вучыць не толькі хіміі, але і каштоўнаму ўменню многае паспявац­ь, цаніць і правільна выкарыстоўваць час, жыць ярка, прыгожа і насычана!

Таццяна ШЫМКО.