Усе дзеці будуць знаць, як па вуліцы ступаць!

- 11:17Дашкольная адукацыя

Дзяцей заўсёды цікавіць вуліца і ўсё, што на ёй адбываецца. Часта, захопленыя чым-небудзь незвычайным, яны трапляюць у небяспечныя сітуацыі. Самыя распаўсюджаныя памылкі, якія робяць дзеці, — гэта нечаканы выхад на праезную частку ў забароненым месцы ці з-за транспарту, які стаіць, непадпарадкаванне сігналам святлафора, парушэнне правіл язды на веласіпедзе. Каб засцерагчы дзяцей ад небяспекі, неабходна як мага раней выпрацаваць станоўчыя звычкі бяспечных паводзін. У санаторным яслях-садзе № 9 Смаргоні выбудавана сістэма работы ў гэтым кірунку.

Ужо ў другой малодшай групе нашы педагогі знаёмяць дзяцей з работай святлафора, фарміруюць уяўленне аб вуліцы, вучаць адрозніваць наземныя віды транспарту. У сярэдняй групе дзяцей знаёмяць з класіфікацыяй відаў транспарту, фарміруюць навыкі культурных і бяспечных паводзін у транспарце. У старшай групе працягваюць замацоўваць і дапаўняць веды аб некаторых правілах дарожнага руху, выхоўваюць культуру паводзін на вуліцы, знаёмяць дзяцей з дарожнымі знакамі “Пешаходны пераход”, “Дзеці”, “Рух пешаходаў забаронены”, “Прыпынак аўтобуса” і іншымі.
Нашы выхаванцы ведаюць, што па вуліцы трэба хадзіць спакойным крокам, прытрымлівацца правага боку тратуара, пераходзіць дарогу толькі па пераходзе пры зялёным сігнале святлафора. Яны знаёмы са словамі “праезная частка”, “аднабаковы і двухбаковы рух”, “пешаходны пераход (наземны і падземны)”. Дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту знаёмы з дарожнымі знакамі “Пешаходны пераход”, “Скрыжаванне”, “Пункт харчавання”, “Месца стаянкі”, “Пункт медыцынскай дапамогі”.Вялікую ўвагу ў азнаямленні дзяцей з правіламі дарожнага руху мы ўдзяляем прагулкам і экскурсіям, падчас якіх звяртаем увагу дзяцей на рух транспарту, пешаходаў, просім назваць колеры святлафора. Атрыманыя веды замацоўваем у працэсе арганізаваных відаў дзейнасці: на занятках па аплікацыі наклейваем святлафор, машыны, на занятках па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў вучым адрозніваць левы і правы бакі, на занятках па канструяванні будуем вуліцы і дарогі.
Мы праводзім з дзецьмі займальныя тэматычныя гульні, прапаноўваем рашыць лагічныя задачы, галаваломкі, стварыць і разыграць праблемныя сітуацыі, якія развіваюць увагу і кемлівасць. Фарміруем арыенціроўкі ў прасторы, хуткую рэакцыю на змяненне навакольнай абстаноўкі. Дзякуючы разнастайным формам работы з выхаванцамі, у іх назапашваецца вопыт руху па вуліцы, узбагачаецца слоўнікавы запас, павышаецца ўзровень прасторавай арыенціроўкі. Дзеці ахвотна ўключаюцца ў ролевыя гульні, вучацца мадэляванню дарожных сітуацый, пошуку правільнага рашэння, што забяспечвае атрыманне і засваенне ведаў на практыцы.
У сваёй рабоце выкарыстоўваем дыдактычныя гульні: “Назаві, пра што я раскажу”, “Складзі святлафор”, “Разразныя карцінкі”, “Раскажам лялькам аб правілах для пешаходаў” і інш. З іх дапамогай фарміруем у дзяцей уменне параўноўваць і групаваць па знешнім выглядзе, адрозніваць віды транспарту, замацоўваем веды сігналаў святлафора, правілы для пешаходаў.
У цёплы перыяд года работу па навучанні правілам дарожнага руху праводзім на вуліцы, на спецыяльна абсталяванай транспартнай пляцоўцы, дзе ўстаноўлены святлафор, зроблена дарожная разметка з пешаходнымі пераходамі, ёсць веласіпеды, самакаты, атрыбуты для сюжэтна-ролевых гульняў. Дзеці вучацца правільна пераходзіць дарогу, рэгулюемыя і нерэгулюемыя скрыжаванні, вучацца правільна паводзіць сябе на прыпынку пасажырскага транспарту, знаёмяцца з правіламі паводзін веласіпедыстаў на дарозе.
У кожнай узроставай групе ёсць аформленыя куткі па вывучэнні правіл дарожнага руху. Сабраны наглядны і дыдактычны матэрыял папаўняецца і абнаўляецца на працягу ўсяго навучальнага года. У кутках размешчаны насценныя стэнды, макеты дарогі, развіццёвыя гульні, камплект машын спецыяльнага прызначэння, канструктары, вучэбныя карцінкі, кнігі, дарожныя знакі. Педагогі вырабляюць настольныя і дыдактычныя гульні, падлогавую дарогу з разметкай, збіраюць папкі з творамі і загадкамі аб правілах дарожнага руху.
Мы прыцягваем бацькоў да выканання сумесных творчых работ з дзецьмі, праводзім кансультацыі, гутаркі, анкетаванне. У бацькоўскіх кутках размяшчаецца маляўнічы ілюстраваны матэрыял, памяткі і рэкамендацыі для бацькоў па прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Дарослыя разам з дзецьмі ўдзельнічаюць у спартыўных святах, акцыях “Дзіцячае крэсла”, “Флікер”, “Увага: дзеці!”.

Наталля ШЫДУК,
выхавальніца санаторнага ясляў-сада № 9 Смаргоні.