Радасць, творчае натхненне, захапленне гледачоў ад сустрэчы з таленавітымі і шчырымі выканаўцамі вымярэнню не паддаецца. І ўсё ж можна з упэўненасцю сказаць: калі б існавалі для гэтага прыборы, то 15 ліпеня ў цэнтры Прыдзвіння быў бы зафіксаваны рэкорд. Безумоўна, сваю ролю тут адыгралі заключныя мерапрыемствы Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Але ж горад нездарма лічыцца сталіцай фестываляў: развітваючыся з адным, ён сустракае новы — той жа дзень быў адзначаны ўрачыстым адкрыццём Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”. Дзіўная рэч: артыстаў з Беларусі і Расіі вітала сама прырода, амаль адразу пасля канцэрта на плошчы Свабоды ў небе ўспыхнула яркая падвойная вясёлка!
Малодшы брат “Славянскага базару”
Фундатарамі свята выступаюць упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і турыстычны аператар “Ілва”, а галоўным арганізатарам — Палац творчасці дзяцей і моладзі Віцебска. Варта адзначыць, што ганаровым старшынёй аргкамітэта з’яўляецца намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіль Будкевіч, а ў склад журы ўваходзяць заслужаныя дзеячы культуры нашай краіны. Малодшаму брату “Славянскага базару” сёлета споўнілася чатыры гады. Па сутнасці, першы фестываль быў даволі сціплым, але вельмі хутка папулярнасць мерапрыемства вырасла, і яно набыло міжнародны статус. Усяго за 4 гады на сцэнічныя пляцоўкі “Вясёлкі” выйшлі больш за 3 тысячы дзяцей і падлеткаў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Прыбалтыкі, прычым геаграфія фестывалю паступова пашыраецца, да яго далучаюцца новыя калектывы і выканаўцы. Вясёлка — сімвал цёплага лета, радасці і сяброўства. У гэтым годзе палітра віцебскай вясёлкі ўвабрала больш за 600 адценняў — менавіта столькі ўдзельнікаў сабрала свята. Дарэчы, самыя першыя яго акорды прагучалі… за некалькі гадзін да адкрыцця “Славянскага базару”: на пляцоўцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі Віцебска прайшоў канцэрт “Праз мастацтва — да міру і згоды”. Гэта ўжо традыцыя, так юныя артысты штогод вітаюць удзельнікаў “старэйшага” фестывалю.
Свята творчасці і сяброўства
З 14 ліпеня ў палацы пачаліся конкурсныя выступленні ўдзельнікаў “Вясёлкі” (вакальная, харавая і інструментальная творчасць). Акрамя таго, у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” з поспехам прэзентавалі канцэртную праграму вакалісты з Растоўскай і Смаленскай абласцей, студыя моды “Кураж” (Ленінградская вобласць), харэаграфічныя ансамблі “Акварэль” і “Засосенскія жамчужынкі” (Маскоўская і Белгародская вобласці адпаведна), а таксама харэаграфічныя калектывы Віцебска. Наступны дзень фестывалю быў шчодры на падзеі. Прадоўжыліся конкурсныя выступленні (вакальна-харавая, фальклорна-этнаграфічная і інструментальная творчасць). З адзінаццаці гадзін на пляцоўцы “Залатога кола Віцебска “Дзвіна” стартавала новая канцэртная праграма: творчую эстафету прынялі харэаграфічныя ансамблі “Карусель” (Томск) і “Аўтограф” (Кастрама), дзіцячы тэатр моды “Какетка” (г.Рудня Смаленскай вобласці) і віцебскія вакалісты. А потым настаў час самага відовішчнага мерапрыемства “Вясёлкі над Віцебскам” — святочнага тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў ад плошчы Леніна да плошчы Свабоды, дзе адбылося афіцыйнае адкрыццё фестывалю. Што да конкурсу, то 16 ліпеня ён перамясціўся ў Віцебскую абласную філармонію — на яе сцэне спаборнічалі за права называцца лепшымі харэаграфічныя калектывы і тэатры мод. На канцэртнай пляцоўцы прадэманстравалі сваё майстэрства вакалісты, вакальныя і інструментальныя калектывы з Расіі, Мінска, Віцебска і Віцебскай вобласці. І, нарэшце, фестываль наблізіўся да кульмінацыі: 17 ліпеня ў абласной філармоніі прайшлі гала-канцэрт удзельнікаў і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Гран-пры на гэты раз адправіўся ў Томск: экспрэсіўная, дынамічная “Карусель” з першых імгненняў знаёмства стала фаварытам журы і гледачоў (дарэчы, ансамбль атрымаў і спецыяльны прыз Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў). Але і калегі па сцэне склалі годную канкурэнцыю лідару, узровень выступленняў у цэлым быў даволі высокі.
Па-за сцэнай
Можа падацца дзіўным, але рэпетыцыі, конкурсы і канцэрты — толькі частка фестывальных мерапрыемстваў. Іх удзельнікі паспелі пасябраваць, абмяняцца творчымі знаходкамі, пазнаёміцца з прыгожым і велічным горадам над Дзвіной, пабываць у доме-музеі Марка Шагала і музеі-запаведніку “Здраўнёва”, дзе напісаў многія свае карціны Ілья Рэпін, паглядзець батлеечны спектакль, арганізаваны пасля ўрачыстага прыёму ў турыстычным салоне “Ілва”, наведаць музей віцебскага трамвая, заапарк, канцэрты “Славянскага базару”… як толькі паспелі? Хіба што навучыліся расцягваць суткі з 24 гадзін да бясконцасці?
— Так і ёсць, — пагаджаецца дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі Віцебска Ларыса Мішурная. — А калі сур’ёзна, то гэта толькі здаецца, быццам артысты — людзі імпульсіўныя і летуценныя. Сцэна дысцыплінуе, выхоўвае, вучыць рацыянальна выкарыстоўваць час, упарта працаваць і мэтанакіравана дабівацца поспеху. І высока цаніць кожную хвіліну, праведзеную з сябрамі. Перамога ў конкурсе — жаданая мэта, але мне прыемна прызнаць: дзяцей і кіраўнікоў творчых калектываў прывабліваюць не столькі конкурсы, колькі тое, што іх суправаджае — атмасфера згоды, узаемаразумення, зацікаўленага супрацоўніцтва. Значыць, мы дасягаем галоўнай мэты — бо фестываль якраз і прысвечаны яднанню нацыянальных культур. Наступным летам мы будзем рады зноў вітаць старых сяброў і пазнаёміцца з новымі. Чакаем вас у Віцебску!