Усе фарбы “Вясёлкавага карагода”

- 15:53Рознае, Сацыяльны ракурс

Днямі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшоў гала-канцэрт гарадскога этапу ХІ Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і спецыяльных школ “Вясёлкавы карагод”. У рамках мерапрыемства была арганізавана выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. У фестывалі прынялі ўдзел больш як 300 дзяцей са сталічных устаноў адукацыі. Іх выступленні і творчыя праекты ацэньвалі прадстаўнікі рэспубліканскага журы пад старшынствам начальніка аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніны Міхайлаўны Змушко.

Вітала ўдзельнікаў фестывалю начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Браніславаўна Юркевіч. Яна адзначыла, што ўсе дзеці правялі вялікую работу падчас падрыхтоўкі да гэтага мерапрыемства, кожная ўстанова прадставіла сваю ўнікальную творчую праграму.

“Харэаграфічная замалёўка “Скрынка з алоўкамі” адкрывае сённяшні гала-канцэрт, — падкрэсліла Марына Браніславаўна. — Жадаю, каб гэтыя каляровыя алоўкі расфарбавалі наш вясёлкавы фестываль, зрабілі яго яркім і прыгожым, а кожнаму з нас захацелася дакрануцца да праменьчыкаў вясёлкі — да талентаў дзяцей, што выступяць на канцэрце”.

Да пачатку канцэрта на выставе работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва дэманстраваліся сапраўдныя шэдэўры дзіцячай творчасці — класічная вышыўка і вышыўка стужкамі, вырабы з выкарыстаннем тэхнікі бісерапляцення, работы ў тэхніцы сrazy wool (“вар’яцкая” нітка), кветкавыя кампазіцыі, самаробныя лялькі-цільды, работы ў тэхніцы баціку, валення, а таксама жывапісныя карціны, зробленыя пры дапамозе воўны, работы з дрэва, у тэхніцы дэкупажу і г.д.

Падчас канцэрта прагучалі папулярныя эстрадныя і народныя песні, а таксама класічныя музычныя творы. Гледачы атрымлівалі асалоду ад творчасці вакалістаў і ўдзельнікаў музычных і танцавальных калектываў і ансамбляў. Музычны калектыў “Вясёлыя рабяты” ЦКРНіР Першамайскага раёна Мінска сумесна з валанцёрамі БДПУ імя Максіма Танка, а таксама выхаванцы спецыяльных груп дзіцячага дома № 3 Мінска выконвалі харэаграфічныя замалёўкі. Нумар арыгінальнага жанру паказалі ўдзельнікі лялечнага тэатра — выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска, якія прадставілі танцавальна-харэаграфічную кампазіцыю “Васільковае неба”. Ансамбль акардэаністаў “Асарці” са спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку Мінска выканаў “Чэшскую польку”. Меланхалічны вальс на гітары выканаў навучэнец гэтай жа школы Сяргей Шаўцоў. Вакальныя здольнасці прадэманстравалі таксама дзяўчынкі са 188-й школы Ульяна Калюжная і Мар’яна Бабіч. Сола на сінтэзатары выканаў Фёдар Жалдыбакаў — навучэнец ЦКРНіР Кастрычніцкага раёна Мінска. Пад яго акампанемент спявала Кацярына Поцюс і выступаў тэатр танца “Чарлі” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”. Жэставую песню і пантаміму “Жыццё як адзін дзень” разыгралі юнакі і дзяўчаты са спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 для дзяцей з парушэннем слыху. Інклюзіўная група школы танцаў на калясках “Дар” і харэаграфічны калектыў “Масцярок” з сярэдняй школы № 111 Мінска прадставілі нумар “Экзотык”. У гала-канцэрце таксама прынялі ўдзел навучэнцы з АПФР з сярэдніх школ № № 91 Мінска імя Хасэ Марці, 111,159.

Старшыня журы А.М.Змушко падчас уручэння ўзнагарод удзельнікам фестывалю адзначыла: “У адзінаццаты раз Міністэрства адукацыі праводзіць Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. Фестывалю споўнілася амаль 25 гадоў. За гэтыя гады ён стаў яркай з’явай у адукацыйнай сферы нашай краіны. Ён аб’ядноўвае самыя неабароненыя катэгорыі нашых навучэнцаў. Абласныя этапы конкурсу і мінскі гарадскі этап сталі асноўнымі мерапрыемствамі фестывалю, на якія выязджае рэспубліканскае журы. Сёння мы адзначаем вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі гала-канцэрта ў Мінску, мы проста зачараваны выступленнямі дзяцей”.

Канечне, лепшыя выканаўцы і калектывы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У мастацкай самадзейнасці дыпломам I ступені ўзнагароджана спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку, а ў выставе выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці пераможцамі стаў калектыў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху. У асобных намінацыях лепшымі творчымі калектывамі прызнаны танцавальны калектыў “Школьныя гады” сярэдняй школы № 91 Мінска імя Хасэ Марці; дзіцячы ўзорны тэатр пантамімы “Спадарожнік” спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху; Дар’я Шпакоўская і танцавальны калектыў “Летуценнікі” спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 Мінска для дзяцей з парушэннем слыху; творчы калектыў “Вясёлыя рабяты” Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Першамайскага раёна Мінска. Лепшымі выканаўцамі ў асобных жанрах сталі: Сяргей Шаўцоў, навучэнец спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку; Ульяна Калюжная, навучэнка спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку; Раман Юшкевіч, навучэнец сярэдняй школы № 159 Мінска (вакал); Данііл Сеннікаў, выхаванец дзіцячага дому № 6 Мінска.

У рамках фестывалю спецыяльным дыпломам Міжнароднага дабрачыннага фонду народнага артыста Расіі Юрыя Розума за яркае і арыгінальнае выступленне была ўзнагароджана Мар’яна Бабіч — навучэнка спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Пераможцы фестывалю атрымалі прызы ад Міністэрства адукацыі, а таксама ад Белаграпрамбанка, Беларусбанка, РІПА і АПА. Да таго ж яны змогуць адпачыць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, дзе 7 чэрвеня адбудзецца заключны гала-канцэрт “Вясёлкавага карагода”, у якім прымуць удзел пераможцы з усёй рэспублікі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Калейдаскоп талентаў, дзіцячая радасць, усмешкі, пазітыў — такім быў абласны этап фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” на Магілёўшчыне.

Як адзначыла старшыня рэспубліканскага журы начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Змушко, гісторыя “Вясёлкавага карагода” налічвае ўжо амаль чвэрць стагоддзя.

— За гэты час праз фестываль прайшло не адно пакаленне асаблівых дзяцей. Усіх іх аб’яднала творчасць. Сёлетнія канкурсанты не выключэнне. Гэта таксама неверагодна таленавітыя дзеці. Часцяком гледачы нават не заўважаюць, што ў некаторых з іх сур’ёзныя праблемы са здароўем. У сваю чаргу ўдзел у фестывалі вельмі натхняе дзяцей, спрыяе іх паспяховай сацыялізацыі, умацаванню інклюзіўных працэсаў у грамадстве, — падкрэсліла Антаніна Міхайлаўна.

У ходзе трох адборачных тураў у творчым спаборніцтве па вобласці прынялі ўдзел звыш шасцісот хлопчыкаў і дзяўчынак з ліку навучэнцаў устаноў спецыяльнай адукацыі, санаторных школ, школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот, выхаванцаў дзіцячых дамоў. Каля 200 асаблівых дзяцей прадэманстравалі свае таленты ў выніковым гала-канцэрце.

— Нашы выхаванцы ў гэтым фестывалі ўдзельнічаюць пастаянна. Разам з педагогамі яны займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, старанна рыхтуюць канцэртныя выступленні. У гэтым годзе сваю творчасць паказалі чатыры навучэнцы. Да абласнога тура дайшлі не ўсе. Але ж для асаблівых дзяцей важная не перамога. Для іх падзея — выхад на вялікую сцэну, удзел у выставе, — расказала дырэктар Магілёўскага абласнога ЦКРНіР Алена Мазалоўская.

Дарэчы, на выставе дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці абласнога этапу “Вясёлкавага карагода” было прадстаўлена звыш пяцісот дзіцячых работ. Багацце створаных рукамі юных майстроў вырабаў уражвала разнастайнасцю творчых тэхнік: выдатныя малюнкі, аплікацыі, вышыўка, бацік, квілінг, выцінанка, работы з гліны, бісеру, саломкі. Творчасць канкурсантаў нікога не пакідала абыякавым, бо зроблена яна была не толькі якасна, але і з душой.

Цеплыня, душэўнасць пранізвала і канцэртную праграму фестывалю. Юныя артысты з усёй сваёй дзіцячай шчырасцю і непасрэднасцю спявалі, ігралі на інструментах, танцавалі, дэкламавалі вершы, паказвалі невялікія тэатралізаваныя пастаноўкі. Таленты гледачам і журы дарылі навучэнцы Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкім парушэннем маўлення, Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Асіповіцкай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната, Бабруйскай дапаможнай школы, Каменскай і Раснянскай дапаможных школ-інтэрнатаў, Глускай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй, Магілёўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннямі псіхічнага развіцця, Мсціслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Бабруйскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху, а таксама выхаванцы магілёўскіх гарадскога, абласнога і Мсціслаўскага ЦКРНіР, Бабруйскага дзіцячага дома, ясляў-садоў № 1 Краснаполля, № 5 Чэрыкава і № 1 Быхава, сацыяльна-педагагічнай установы “SOS-дзіцячая вёска Магілёў”. Дзе-нідзе канкурсантам дапамагалі педагогі, але ўвогуле ўсе яны паказалі добрую падрыхтоўку і высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Кожны нумар адрозніваўся арыгінальнасцю, гарманічна пераплятаўся з мультымедыйным суправаджэннем.

Абласны этап фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” быў больш падобны не на конкурснае спаборніцтва, а на сардэчную сустрэчу сяброў. Між тым ён у літаральным сэнсе закруціў у віхуры дзіцячых талентаў. А, як вядома, кожны талент знаходзіць свая ўзнагарода. Са шчаслівымі ўсмешкамі ўдзельнікі атрымлівалі заслужаныя ганаровыя дыпломы і шматлікія падарункі. Пераможцам у мастацкай самадзейнасці журы прызнала прадстаўнікоў Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкім парушэннем маўлення, а па выніках выставы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці дыплом першай ступені атрымалі навучэнцы Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Падчас цырымоніі ўзнагароджання былі ўручаны і спецыяльныя дыпломы па намінацыях. Выхаванцы Бабруйскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху былі адзначаны як лепшы тэатральны калектыў. Самымі музычнымі назвалі выхаванцаў ясляў-сада № 5 Чэрыкава.

У эстрадна-цыркавым жанры лепш за астатніх выступілі навучэнцы Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкім парушэннем маўлення. Сярод салістаў-вакалістаў не было роўных Ганне Зыкавай з сацыяльна-педагагічнай установы “SOS-дзіцячая вёска Магілёў”, а сярод чытальнікаў пераможцамі назвалі Аляксандра Кучынскага з Бабруйскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і Данііла Пракопчыка з Глускай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй.

У намінацыі “Лепшы фальклорны калектыў” перамаглі прадстаўнікі Каменскай дапаможнай школы-інтэрната, а сярод танцораў — выхаванцы ясляў-сада № 1 Быхава. Некаторых пераможцаў наперадзе чакае рэспубліканскі этап фестывалю. Без сумненняў, у сталіцы магілёўскія дзеці праявяць сябе не менш цудоўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.