Усе грані навуковага патэнцыялу

Адкрытая маскоўская прыродазнаўчая канферэнцыя школьнікаў нездарма носіць назву “Патэнцыял”. Мерапрыемства сапраўды дае магчымасць прадэманстраваць свой навуковы, інтэлектуальны патэнцыял навучэнцам і падтрымлівае ўсіх, хто да гэтага імкнецца. Прадстаўнікі Мінскай вобласці ўжо некалькі гадоў запар паспяхова выступаюць на канферэнцыі, не стаў выключэннем і гэты год.

Адкрытая канферэнцыя “Патэнцыял” праводзіцца ў Маскве, у ліцэі № 1502 пры Маскоўскім энергетычным інстытуце, з 1992 года. Сёлета яна 27-ы раз запрасіла адораных вучняў 9—11 класаў з розных рэгіёнаў Расіі і блізкага замежжа. 434 удзельнікі прадставілі 318 дакладаў. Свае дасягненні яны дэманстравалі ў рамках 14 секцый. Мінскую вобласць прадстаўлялі навучэнцы Дзяржынскага, Нясвіжскага і Салігорскага раёнаў. Вучні паказалі ўсе грані свайго навуковага патэнцыялу і атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Маргарыта Пагірэйчык, навучэнка гімназіі № 1 Салігорска, бліскуча выступіла ў секцыі “Матэматыка” (“Даследаванні ў геаметрыі і матэматычным аналізе”) з работай “Лакальнае падабенства графаў”. У выніку дзяўчына атрымала дыплом I ступені. Пакарыцелем царыцы навук стаў таксама яшчэ адзін прадстаўнік салігорскай гімназіі: Раман Кудлакоў за работу “Гадзіннік з паскарэннем” узнагароджаны дыпломам II ступені (“Новыя метадычныя напрамкі элементарнай матэматыкі”). Адзначыліся салігарчане і ў секцыі “Інфармацыйныя тэхналогіі”: Іван Пляцінскі заслужыў дыплом II ступені за работу “Android-дадатак “Школьны памочнік”.

Багата ўзнагарод атрымалі знаўцы фізічных навук. Варвара Галавач, вучаніца сярэдняй школы № 4 Нясвіжа атрымала дыплом II ступені за работу “Осмас, або Новы погляд на прывычныя рэчы” ў секцыі “Фізіка” (“Тэарэтычныя і прыкладныя мадэлі ў фізіцы”). У гэтай жа секцыі Настасся Ваньковіч, вучаніца Ланскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нясвіжскага раёна атрымала дыплом III ступені за работу “Даследаванне магчымасцей прымянення газавых разрадаў у дэфектаскапіі металічных канатаў”.

У секцыі “Фізіка” (“Эксперыментальныя метады даследавання фізічных з’яў”) Даніла Шыман і Рыгор Алімаў, навучэнцы Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, і Ула-дзіслаў Светлакоў з гімназіі № 1 Дзяржынска адзначаны дыпломам ІІ ступені за работу “Фотаэлемент на прыродным фарбавальніку”. У гэтай жа секцыі годна прадставіў свае даследаванні яшчэ адзін прадстаўнік дзяржынскай гімназіі № 1: Максім Акуліч з работай “Атрыманне і даследаванне ўласцівасцей металапалімернай вадкасці” атрымаў дыплом ІІІ ступені.

І яшчэ адно “серабро” — дыплом ІІ ступені — у Мікіты Чарняўскага, вучня сярэдняй школы № 3 Нясвіжа. Ён прадставіў у секцыі “Машынабудаванне і робататэхніка” работу “Мая будучая прафесія — IT (Стварэнне рабатызаванай машынкі)”.

Каб прадэманстраваны падлеткамі патэнцыял і далей знаходзіў паспяховую рэалізацыю, для іх былі арганізаваны лекцыі і майстар-класы ад вядучых навукоўцаў Масквы.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў канферэнцыі.