Усе канструктыўныя маладзёжныя ініцыятывы ў нашай краіне будуць падтрыманы

- 9:54Інфармацыйная гадзіна

26 сакавіка ў Мінску ў рамках першага Беларускага маладзёжнага парламенцкага форуму стартаваў нацыянальны конкурс “Каманда будучыні”. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з удзельнікамі праекта ў напрамку “Палітыка”, даведалася аб іх ініцыятывах і адказала на пытанні.

Наталля Качанава павітала маладых парламентарыяў — удзельнікаў конкурсу. Яна прызналася, што рада бачыць прадстаўнікоў маладзёжных парламентаў з рэгіёнаў, і заклікала іх больш актыўна папулярызаваць сваю дзейнасць сярод равеснікаў, паколькі, паводле яе слоў, інтарэс сярод юнакоў і дзяўчат да гэтай работы вялікі. “Усе канструктыўныя маладзёжныя ініцыятывы ў нашай краіне, накіраваныя на яе развіццё, безумоўна, будуць падтрыманы. Упэўнена: працяг гэтага конкурсу па іншых напрамках бу­дзе не менш цікавым і дасць магчы­масць нам выявіць новых лідараў”, — сказала спікер.

Наталля Качанава таксама паразмаўляла з удзельнікамі форуму: пытанняў у юнакоў і дзяўчат было шмат. Адказваючы маладому парламентарыю на пытанне аб назначэнні на кіруючыя пасады, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што кадравая палітыка ў краіне выбудавана правільна, падбор на пасады ажыццяўляецца з аналізам вопыту і кампетэнцый, асабістых якасцей. І малады ўзрост тут не перашкода.

Нехта цікавіўся, як трапіць у сакратарыят Савета Рэспублікі. “У дзяржслужбе чалавек павінен прайсці пэўныя этапы, лепш пачынаць з прыступак ніжэйшых”, — параіла Наталля Качанава. А тым маладым і ініцыятыўным юнакам і дзяўчатам, якія адчуваюць у сабе сілу займацца дэпутацкай работай і хочуць паўдзельнічаць у маючых адбыцца выбарах у мясцовыя саветы, нагадала, што публічнасць вырашае многае. Неабходна многа сустракацца з людзьмі, выступаць у СМІ.

На пытанне, чаму цяжка дазваніцца на прамую тэлефонную лінію кіраўніка верхняй палаты парламента, спікер растлумачыла: званкі ідуць бесперапынна. І нават прапанавала аўтару пытання з Пухавіч папрысутнічаць на найбліжэйшай лініі, каб у гэтым пераканацца. “Ні на мінуту ад тэлефона не адыходжу. За тры гадзіны я магу адказаць прыкладна на 30 званкоў. На прыёмы грамадзян запісваецца яшчэ больш. Хто не трапіў — ім прапануюць запісацца на наступны. Мы робім усё магчымае, каб максімальна сустракацца з людзьмі. І галоўнае — усе пытанні ставяцца на кантроль”, — расказала Наталля Качанава. Акрамя таго, малады чалавек прапанаваў, каб кожную раніцу з 7.00 да 9.00 вышэйшыя службовыя асобы на першым канале Беларускага радыё праводзілі своеасаблівыя прамыя лініі — адказвалі на пытанні слухачоў у прамым эфіры. “Прапанова цікавая. Мы падумаем над тым, як рэалізаваць вашу ідэю”, — адказала яна.

Пасля некалькіх гадзін сустрэчы Наталля Качанава падзялілася ўражаннямі ад першага форуму: ён ёй дакладна запомніцца. “Мяне вельмі парадавала, што юнакі і дзяўчаты па-даросламу дума­юць і ўспрымаюць усё тое, што адбываецца ў грамадстве. І хочуць больш актыўна ўдзель­нічаць у жыцці краіны, гатовыя займаць кіруючыя пасады. Сёння мы шмат пра гэта гаварылі. Я бачу іх зацікаўле­насць у тым, каб працаваць на дзяржслужбе. Для нас гэта важна, таму што ёсць ратацыя кадраў. Маладыя і перспектыўныя нас цікавяць”, — адзначыла яна.

Анансаваны на VI Усебеларускім народным сходзе конкурс стартаваў з напрамку “Палітыка” — для выяўлення маладзёжных лідараў у гэтай галіне. Пераможцы змогуць стаць на час дублёрамі першых асоб дзяржавы, правесці з імі адзін дзень, паспрабаваць сябе ў гэтай сферы, папрацаваць.

Удзельнікамі конкурсу сталі юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 18 да 31 года, якія не менш за год займаюцца грамадскай дзейнасцю. Было пададзена шмат заявак.

“У фінал прайшлі 14 праектаў, яны тычацца розных сфер жыцця, цікавыя і па прапановах, і па змесце, і па спосабах рэалізацыі. Усе яны прывабныя, і я хацеў бы, каб канкурсанты знайшлі магчы­масць для іх рэалізацыі на сваіх рабочых месцах, у навучальных установах. Таму што ўсе яны арыентаваны на тое, каб маладыя людзі сталі паўнацэннымі і актыўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і маглі весці за сабой равеснікаў”, — расказаў член журы, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Вячаслаў Абрамаў.

Але гэта конкурс, і былі выбраны толькі 3 пераможцы. Першае месца — у студэнткі 6 курса лячэбнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта Ганны Казловай. Дзяўчына шмат размаўляе з замежнымі студэнтамі ВНУ і ведае, праз якія этапы пазнання Беларусі яны праходзілі. “Замежныя грамадзяне часта не ведаюць аб дасягненнях нашай краіны, у іх шмат стэрэатыпаў. Мой праект “Беларусь без меж” звязаны з турызмам, моладдзю, патрыятызмам, развіццём міжнароднага супрацоўніцтва і нават прыцягненнем інвестыцый. Я прапаную стварыць базу з кароткімі анкетнымі данымі беларусаў, якія ведаюць замежныя мовы, любяць сваю Радзіму, ведаюць мясціну, у якой жывуць, і гатовы ў выбраны дзень стаць своеасаблівымі гідамі для таго ці іншага госця. Так людзі, якія прыязджаюць да нас, будуць адчуваць сябе больш камфортна, бяспечна, змогуць больш даведацца пра нашу краіну. А беларусы адчуюць яшчэ большы патрыя­тызм, калі ўбачаць захапленне ў вачах гасцей, як яго часта бачу я”, — растлумачыла дзяўчына сваю ідэю.

Праект студэнткі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце “Аратар XXI стагоддзя” Настассі Равуцкай атрымаў высокую ацэнку і даў магчымасць заняць 2-е месца. Дзяўчына прапануе развіваць у моладзі прамоўніцкае мастацтва, для чаго будуць прыцягвацца ў якасці экспертаў і вопытныя палітыкі, і дзяржаўныя кіраўнікі.

На 3-м месцы — праект “Упэўнены Я” 22-гадовага Андрэя Будэйкі, кіраўніка псіхалагічнага інтэграцыйнага тэатра Mo/on пры Цэнтры інклюзіўнай культуры ў Гомелі. Праект прызначаны дапамагчы лю­дзям з інваліднасцю адчуць упэўненасць у тым, што яны могуць і павінны ўдзель­нічаць у прыняцці важных дзяржаўных рашэнняў. На першым этапе прадугледжваюцца адбор удзельнікаў, анкетаванне, вызначэнне лідарскіх якасцей, зацікаўленасці, актыўнасці. На другім — на працягу тыдня людзям з інваліднасцю дапамогуць праз майстар-класы, заняткі з коўчамі пераадолець бар’еры, развіць матывацыю. Іх чакаюць трэнінгі па псіхалогіі, бізнесе. І на адзін дзень нават бу­дзе магчымасць прымераць на сябе ролю кіраўнікоў праз удзел у дэбатах. Нарэшце, удзельнікам трэба будзе падрыхта­ваць і прэзента­ваць свае ініцыятывы.

Работа, якой займаецца Андрэй Будэйка, зацікавіла Наталлю Качанаву. Яна адзначыла, што будзе карысна правесці ў Гомелі выязное пасяджэнне Савета Рэспублікі па тэме стварэння інклюзіўнага грамадства.

Нацыянальны праект “Каманда будучыні” — кадравы конкурс для пошуку, развіцця і падтрымкі перспектыўных лідараў. Ён прадугледжвае фарміраванне ва ўдзельнікаў кампетэнцый у сферы кіравання, у тым ліку праз праходжанне навучання, стварэнне камунікацыйнай пляцоўкі для абмену вопытам паміж удзельнікамі, садзейнічання іх далейшаму развіццю і распаўсюджванню лепшых практык.

На працягу ўсяго года пройдзе некалькі этапаў па напрамках: палітыка, прамысловасць, сацыяльная сфера. Удзель­нікі выканаюць заданні і прой­дуць комплексную ацэнку агульных ведаў, інтэлектуальных здольнасцей, кіраўніцкага патэнцыялу, лідарскіх якасцей. Яны падрыхтуюць і прэзентуюць праекты па зададзенай тэматыцы, пройдуць тэсціраванне і інтэрв’ю.

Арганізуе конкурс Маладзёжны парламент, аператар — маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Рух наперад”.