“Усе лекі — яды…”: як не нашкодзіць сабе пры лячэнні

З заўтрашняга дня ў краіне змяняецца парадак водпуску лекавых сродкаў праз аптэчную сетку. Да гэтых змен Міністэрства аховы здароўя і ўся краіна рыхтаваліся на працягу паўгода. За гэты час у грамадстве з’явілася шмат чутак і домыслаў: як такіх, што з ліпеня ўсе лекі будуць рэалізоўвацца толькі па рэцэптах, так і такіх, што атрымаць неабходны сродак наогул будзе немагчыма. Дык як яно будзе на самай справе? Даведаемся пра гэта з першых вуснаў: на найбольш актуальныя пытанні наконт новага парадку рэалізацыі лекаў рэцэптурнага і безрэцэптурнага водпуску адказалі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя.

Рэвалюцыі не будзе

Найперш варта адзначыць, што ў Рэспубліцы Беларусь парадак водпуску лекавых сродкаў праз аптэчную сетку мінімум 20 гадоў рэгламентаваны заканадаўствам. Пры гэтым, як падкрэсліў Васіль Іванавіч Жарко, міністр аховы здароўя, гэтае заканадаў­ства адпавядае сусветнай практыцы. І зараз, пры ўвядзенні новага парадку водпуску лекавых сродкаў, ніякай рэвалюцыі не адбу­дзецца. Гаворка не ідзе аб водпуску ўсіх лекавых сродкаў па рэцэптах, але пэўныя змены ўсё ж будуць уведзены. Прычым неабход­насць увядзення гэтых змен прадыктавана самім жыццём.

Такім чынам, з 1 ліпеня Міністэрства аховы здароўя ўзмоцніць кантроль за выпіскай і рэалізацыяй лекавых сродкаў. Мэта такога кантролю — забеспячэнне рацыянальнага і бяспечнага прымянення лекаў, а таксама папярэджання нядобранадзейных наступстваў самалячэння.

Варта адзначыць, што ў большасці краін свету жорстка рэгламентаваны рэцэптурны водпуск і сфарміраваны пералік безрэцэптурных лекавых сродкаў. Гэты пералік у кожнай краіне свой. У Вялікабрытаніі, напрыклад, безрэцэптурны водпуск складае толькі 30% ад агульнай колькасці зарэгістраваных лекавых сродкаў.

Напэўна, кожны з нас быў сведкам, а магчыма, і прамым удзельнікам сітуацыі, калі ў аптэцы просяць адпусціць які-небудзь лекавы сродак нават не ведаючы, адносіцца ён да рэцэптурнага ці безрэцэптурнага водпуску. А як часта мы “лечымся” па схеме, падказанай суседкай, інтэрнэтам, нават не думаючы пра тое, што такое лячэнне можа больш нашкодзіць, чым дапамагчы? Матывацыя такіх дзеянняў амаль заўсёды аднолькавая: няма часу хадзіць да ўрача. Пазіцыя прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя да такога падыходу ў лячэнні адназначная — гэта ня­правільна.

— Міністэрства аховы здароўя неаднаразова праз сродкі масавай інфармацыі звярталася да насельніцтва з аргументамі наконт шкоды самалячэння. Усе меры, якія мы прымаем па рэцэптурным і безрэцэптурным водпуску лекаў, накіраваны на захаванне здароўя. Грамадзяне павінны разумець, што лячэнне назначае ўрач. Лекавыя сродкі мае права выпісваць толькі ўрач — не фельчар, не памочнік урача, а толькі ўрач, — падкрэсліў Васіль Іванавіч Жарко. — А правізар ці фармацэўт павінен выканаць тое назначэнне, якое прадпісаў урач. У далейшым, калі будзе дынамічнае назіранне за ходам лячэння, калі ўрач будзе бачыць вынікі назначанага лячэння, ён зможа прасачыць і эфектыўнасць лячэння, пры неабходнасці будзе карэкціра­ваць яго. Толькі ў такім выпадку і будзе вынік.

Хацелі як лепш, а атрымалася…

Сусветная арганізацыя аховы здароўя штогод рэгіструе каля 2 млн пабочных сур’ёзных ускладненняў ад прыёму лекавых сродкаў. 5% прыроджаных парокаў таксама абумоўлены бескантрольным прыёмам лекаў. Пагражаючыя маштабы ў свеце прыняла праблема ўстойлівасці мікраарганізмаў да антыбіётыкаў. Таму Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае да разумнага і абгрунтаванага прыёму антыбіётыкаў. У большасці яны павінны прымацца і адпускацца па рэцэпце ўрача. Бескантрольны прыём антыбіётыкаў прыводзіць да таго, што развіваюцца мультырэзістэнтныя формы туберкулёзу, на якія антыбіётыкі не дзейнічаюць.

— А адкуль з’явіліся дысбактэрыёзы, імуна­дэфіцыты? — дадае Васіль Іванавіч Жарко. — Адкуль амаль 15% бясплодных шлюбаў — усё гэта хранічныя працэсы, якія развіваюцца на фоне самалячэння запаленчых працэсаў, гэта бескантрольны прыём гарманальных кантрацэптываў у маладым узросце.

Дарэчы, у Беларусі выпадкі ўскладненняў ад прыёму лекаў рэгіструюцца і расследуюцца Цэнтрам экспертыз і іспытаў Міністэрства аховы здароўя. У бягучым годзе цэнтрам расследуецца ўжо больш за 100 паведамленняў па пабочных уздзеяннях лекавых сродкаў.

— Я зараз узначальваю цэнтр лекавых паталогій. За час правядзення аднаго з даследаванняў мы выявілі за 5,5 года назіранняў 132 выпадкі смерці ад лекаў толькі па Мінску, — дадае Мікалай Канстанцінавіч Кеўра, прафесар кафедры клінічнай фармакалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. — Насамрэч, як казаў вядомы старажытны медык і філосаф, усе лекі — яды, і ўсе яды — лекі, усё залежыць ад дазіроўкі, а зараз можна дадаць — і ад правільнасці ўжывання.

Спачатку да ўрача, потым — у аптэку

У цэлым на цяперашні час у краіне зарэгістраваны 5032 лекавыя сродкі.

З мэтай неабгрунтаванага і бескантрольнага прымянення пры самалячэнні толькі па рэцэптах урача будуць адпускацца 1985 лекавых сродкаў, ці 38,4% лекавых сродкаў ад усіх зарэгістраваных. Гэта наркатычныя, псіха­тропныя, моцнадзеючыя сродкі, сродкі, што прымяняюцца для лячэння эпілепсіі, псіхалагічнай і фізічнай залежнасці ад розных рэчываў, інсуліны, гармоны, анаболікі, некаторыя антыарытмічныя, гіпертэнзійныя і кардыятанічныя лекавыя сродкі, а таксама лекавыя сродкі, што прымяняюцца для лячэння анкалагічных хворых. Гэта тыя прэпараты, бескантрольны прыём якіх можа прывесці да цяжкіх наступстваў для чалавека. Адметна, што да рэцэптурнага водпуску адносяцца і антыбіётыкі трэцяга і чацвёртага пакалення, у той час як больш “сталыя” анты­біётыкі можна будзе набыць і без рэцэпта ўрача.

Такая варыятыўнасць тлумачыцца тым, што нельга дапускаць развіцця рэзістэнтнасці мікраарганізмаў да сучасных лекавых сродкаў. Інакш, пры паступленні чалавека ў стацыянар з больш складанымі формамі хваробы, медыкі вымушаны прымяняць толькі антыбіётыкі апошняга пакалення. А што далей? Калі паўторна трапляе чалавек у стацыянар?

— Справа ў тым, што мікраарганізмы вельмі складана абараняюцца. Больш за тое, мікраарганізмы зараз фарміруюць супольнасці і перадаюць адзін аднаму генетычную аснову рэзістэнтнасці да тых ці іншых лекаў, — патлумачыў Мікалай Канстанцінавіч Кеўра. — Калі ж нейкія лекі перастануць шырока прымяняць, то праз пэўны час мікра­арганізмы страцяць выпрацаваную сістэму абароны. Так было ў некаторых краінах Амерыкі з пеніцылінам. Калі пеніцылін перастаў працаваць, ён быў забаронены, праз 8—10 гадоў урачы выявілі, што ён зноў працуе.

За падказкай можна звярнуцца і да фармацэўта

— Лекавыя сродкі, якія з 1 ліпеня бу­дуць адпускацца без рэцэпта ўрача, гэта сродкі, пры прымяненні якіх у тэрапеўтычных дозах, указаных на ўпакоўцы ці інструкцыі, не ўзнікае рэзкага развіцця ўскладненняў і пабочных уздзеянняў. З улікам практыкі, што склалася, на аснове атрыманых экспертных заключэнняў (у Міністэрстве аховы здароўя працавала група спецыялістаў — вучоныя, галоўныя спецыялісты, урачы-практыкі, а таксама прадстаўнікі грамадскасці) мы сфарміравалі пералік безрэцэптурных лекавых сродкаў. 4 ліпеня была падпісана адпаведная пастанова Міністэрства аховы здароўя, — расказаў міністр аховы здароўя. — Пералік безрэцэптурнага водпуску лекавых сродкаў уключае 3279 найменняў, гэта 61,6% лекавых сродкаў ад усіх зарэгістраваных у краіне.

Да безрэцэптурнага водпуску аднесены лекавыя сродкі, найбольш вядомыя для насельніцтва, з шырокім дыяпазонам бяспечнай дозы, тыя, што доўгі час выкарыстоўваюцца ў клінічнай практыцы, якія дазваляюць купіраваць вострыя неадкладныя станы да кансультацыі ўрача, а таксама шырока прадстаўленыя ў аптэчнай сетцы.

Так, для лячэння сістэмы кровазвароту з антыарытмічных лекавых сродкаў у лік безрэцэптурных лекавых сродкаў унесены такія, як атэналол, метапралол і іншыя, якіх раней у пераліку не было. Сярод антыгіпертэнзійных у спіс безрэцэптурнага водпуску ўнесены такія, як каптапрыл, эналапрыл — вядомыя для ўсяго насельніцтва. З групы антыінфекцыйных — гэта ўсе антыбіётыкі першага і другога пакалення: ампіцылін, амаксіцылін, эратраміцын і іншыя. Шырока прадстаўлена група процізапаленчых лекавых сродкаў — дзіклафенак, індаметацын. Акрамя таго, усе процімікробныя, гарманальныя мазі будуць адпускацца без рэцэптаў. У пералік безрэцэптурнага водпуску таксама ўнесены гарманальныя сродкі для экстраннай кантрацэпцыі — пасцінор, эскапел. Пры гэтым безрэцэптурныя лекавыя сродкі бу­дуць рэалізоўвацца праз аптэкі як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці, а таксама праз аптэчныя пункты фельчарска-акушэрскіх пунктаў, на аптэчных пунктах урачэбных лаба­раторый.

— Пералік безрэцэптурных лекавых сродкаў штогод будзе пераглядацца з улікам практыкі прымянення, ускладненняў, што мелі месца, — дадаў міністр аховы здароўя. — Азнаёміцца з поўным пералікам безрэцэптурных лекавых сродкаў можна на сайце Міністэрства аховы здароўя. У любым выпадку, адносяцца лекавыя сродкі да рэцэптурнага ці безрэцэптурнага водпуску, назначаць іх павінен урач.

Але пэўная роля і адказнасць ляжыць і на правізарах.

— Ва ўсім свеце фармацэўтычныя работнікі ажыццяўляюць так званую фармацэўтычную апеку, гэта значыць, фармацэўт абавязаны праверыць выпісаны рэцэпт. Калі не разумее рэцэпт — павінен сазваніцца з урачом і ўдакладніць запіс, — патлумачыла Людміла Аляксандраўна Равуцкая, начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя. — Фармацэўтычны работнік абавязаны паведаміць пацыенту кратнасць прыёму, дазіроўку, правілы захоўвання лекавых сродкаў дома. Гэта яго абавязак. Акрамя таго, абавязкам фармацэўтычнага работніка з’яўляецца фармацэўтычнае кансультаванне па лекавых сродках безрэцэптурнага водпуску. Тут ён нясе поўную адказнасць. Акрамя таго, ён удзельнічае ў наглядзе за пабочнымі рэакцыямі ад лекавых сродкаў.

Па словах прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя, супрацоўнікі ведамства паклапаціліся пра тое, каб не дапусціць нейкіх цяжкасцей для пацыентаў пры неабходнасці выпіскі рэцэпта і набыцця неабходных лекаў.

— З мэтай неабгрунтаванага ажыятажу вакол тэмы рэцэптурнага водпуску лекавых сродкаў Міністэрствам аховы здароўя прыняты апераджальныя меры, — падкрэсліў міністр аховы здароўя. — Выпісваць рэцэпт можа любы ўрач, які мае сваю пячатку: тэрапеўт, дзяжурны ўрач, вузкі спецыяліст. Урачамі, якія ажыццяўляюць медыцынскую дзейнасць у дзяржаўных і недзяржаўных установах, пры выпісках са стацыянара і на кансультацыйным прыёме будуць выпісвацца рэцэпты на ўсе неабходныя лекавыя сродкі. Пры гэтым урач мае права выпісваць рэцэпты як на лекавыя сродкі рэцэптурнага, так і безрэцэптурнага водпуску. Для хранічных хворых, а таксама для льготнікаў лекі могуць выпісвацца на тэрмін да 6 месяцаў. Тое ж адносіцца і да кантрацэптываў.

Што ж да недахопу ўрачоў у паліклініках, то, па словах В.І.Жарко, у хуткім часе гэтая праблема павінна быць вырашана. “З 2006 года мы пачалі дынамічна павялічваць набор у медыцынскія ВНУ. Зараз падыхо­дзіць час, калі будуць вялікія выпускі з медыцынскіх ВНУ — па 3,2—3,5 тысячы выпускнікоў (зараз каля 2 тысяч)”, — прывёў даныя міністр аховы здароўя.

Алена МАРКЕВІЧ.
markevich@ng-press.by