Усе — на лыжню!

- 11:23Спартыўныя падзеі

Надзвычай спартыўнымі выдаліся мінулыя выхадныя. Здавалася, на лыжы стала ўся краіна. У Раўбічах у біятлонных стартах моладзь высвятляла, хто ж стане лепшым снежным снайперам, а ў сталіцы ўсіх аматараў зімняга спорту і здаровага ладу жыцця сабрала “Мінская лыжня”.

Першы ў гісторыі старт “Мінскай лыжні” быў дадзены больш за 30 гадоў назад — у лютым 1986 года. Тады быў арганізаваны лыжны прабег на 15 кіламетраў па маршруце Баравая — Раўбічы. З 2003 года па ініцыятыве Міністэрства спорту і турызму спаборніцтвы трансфармаваліся ў рэспубліканскае спартыўнае свята, якое праводзіцца кожную зіму. І ў 2019 “Мінская лыжня” збірае мноства жадаючых адчуць азарт спаборніцтваў і атмасферу свята.

Больш за 5000 чалавек прыехалі ў суботу на снежную трасу ў сталічным мікрараёне Вяснянка. Асаблівасцю “Мінскай лыжні” сёлета стала правядзенне не толькі лыжных гонак, але і спаборніцтваў па біятлоне.

Удзел у рэспубліканскім зімнім спартыўным свяце ўзяў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выйшаў на старт, а таксама пагутарыў з журналістамі.

Прэзідэнт звярнуў увагу на значнасць асабістага прыкладу і дадаў, што ў яго сям’і лыжамі захапляюцца як малодшы, так і старэйшыя сыны, таму асабісты прыклад вельмі важны. І такі станоўчы прыклад усім жыхарам нашай краіны яе кіраўнік даў на трасе. Каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў эстафетнай гонцы.

Падчас біятлоннай эстафетнай гонкі кожны ўдзельнік прайшоў дыстанцыю 3,6 кіламетра з двума агнявымі рубяжамі. Стральба была арганізавана з адлегласці 45 метраў са становішча лежачы. За кожную незакрытую мішэнь удзельнік павінен быў прайсці адзін штрафны круг даўжынёй 50 метраў.

Эстафетная гонка запрасіла на старт каманды Адміністрацыі прэзідэнта, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, Вярхоўнага Суда, Канстытуцыйнага Суда, Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Другое месца ў гэтым спаборніцтве заняла каманда Гродзенскага аблвыканкама, а на трэцяй пазіцыі размясцілася каманда Савета Міністраў.

Наступнымі на старт выйшлі жанчыны. Ім прапаноўвалася біятлонная гонка з масавым стартам на 1,5 кіламетра. Гэты прыгожы забег атрымаў назву “Узыходзячыя зоркі”. Перамогу ў ім святкавала Настасся Старасціна.

Апошнім спаборніцтвам па біятлоне стала эстафетная гонка сярод міністэрстваў і ведамстваў сілавога блока, іх структурных падраздзяленняў. На першую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася каманда Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Далей біятланісты ўступілі трасу лыжнікам. Пачаліся лыжныя спаборніцтвы эстафетнай гонкай з удзелам каманд рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання — міністэрстваў і ведамстваў з колькасцю апарату 100 чалавек і больш. Перамогу ў эстафеце заваявала каманда Міністэрства па падатках і зборах. У аналагічнай эстафеце сярод міністэрстваў і ведамстваў з колькасцю апарату менш за 100 чалавек перамагла каманда Інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Дарэчы, абавязковай умовай спаборніцтваў было тое, што ў склад каманд міністэрстваў і ведамстваў павінны былі ўвайсці іх кіраўнікі або намеснікі кіраўнікоў. Яны дэманстравалі добрую спартыўную падрыхтоўку і сапраўдны спартыўны дух.

Выйшлі на старт у гэты дзень і каманды УВА. Лепшымі на трасе сталі лыжнікі каманды Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Годна выступілі і спартсмены з галоўнай педагагічнай УВА. Камандзе БДПУ імя Максіма Танка зусім крыху не хапіла, каб узняцца на прыступку п’едэстала гонару, — яна заняла 4-е месца.

Завяршылася “Мінская лыжня” масавым стартам на 2,5 км. Удзел у забегу мог узяць кожны, хто зарэгістраваўся на спаборніцтвы. І ўсе, хто дасягнуў фінішу, атрымалі медалі.

Сярод стартуючых на “Мінскай лыжні” была і каманда Міністэрства адукацыі. У яе склад увайшлі першы намеснік міністра І.А.Старавойтава, начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі С.А.Каспяровіч, начальнік аддзела дадатковай адукацыі дарослых А.А.Машарскі, начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Н.М.Жызнеўская. Камандзе не ўдалося ўвайсці ў лік прызёраў лыжнай эстафеты, але гэта не паменшыла радасці і задавальнення ад удзелу ў мерапрыемстве.

— Удзел у “Мінскай лыжні” — гэта новыя эмоцыі, непаўторная атмасфера, неварагодны спартыўны дух, — падзялілася ўражаннямі І.А.Старавойтава. — Гэта магчымасць зразумець, што адчуваюць нашы дзеці, якія ўдзельнічаюць у такіх мерапрыемствах і на якіх мы ўскладаем так шмат надзей. Спорт яднае нас, дорыць нам адчуванне пляча і падтрымкі. Мы разам трэніраваліся, разам дасягалі вынікаў, адчувалі падтрымку калег, якія хварэлі на трыбунах. Упэўнена, гэтае яднанне дапаможа нам і ў штодзённай рабоце.

“Мінская лыжня” стала цудоўным цімбілдынгам для каманд. Мерапрыемства аб’ядноўвае і матывуе. І не толькі каманды, але таксама сяброў, знаёмых. “Мінская лыжня” збліжае і сем’і. Напрыклад, сям’я Конюх прыйшла сюды ў поўным складзе: мама, тата, сын і дачка.

— У мінулым годзе мы з дзецьмі ўдзельнічалі ўтраіх, у таты не атрымалася з-за спраў. Дома дзеці з такім запалам расказвалі пра мерапрыемства, што ў гэтым годзе тата спланаваў усё загадзя, каб мы прыйшлі на лыжню ўсёй сям’ёй, — расказвае Кацярына Конюх. — І мы не пашкадавалі. Адчуваем сябе камандай, сябрамі, адзіным цэлым. Тут пануе такая атмасфера, якую немагчыма апісаць словамі. Гэтыя эмоцыі яшчэ доўга будуць нас радаваць.

Самыя гарачыя эмоцыі падарыў людзям гэты халодны дзень. І ні ў каго не засталося сумненняў, што “Мінская лыжня” ўдалася на славу. Азарт і жаданне стаць на лыжы адчулі ўсе: удзельнікі, каб палепшыць свае вынікі, і гледачы, каб таксама стаць удзельнікамі “Мінскай лыжні”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.