Усе на старт!

Каманда на старт Рэспубліканскага фестывалю “Тыдзень спорту і здароўя” была дадзена ў Гродне.

З 15 па 21 верасня ва ўсіх установах адукацыі і спорту праходзяць сустрэчы з алімпійскімі чэмпіёнамі, пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў, а таксама ўдзельнікамі, пераможцамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету, Еўропы, першынстваў Рэспублікі Беларусь пад назвай “Урок чэмпіёна”, майстар-класы і спаборніцтвы па розных відах спорту, конкурсы на лепшага настаўніка фізічнай культуры, лепшага трэнера па відзе спорту, спартыўныя святы для многадзетных сем’яў “Здаровы я — здаровая сям’я!”, мерапрыемствы для дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў. 20 верасня ва ўстановах вышэйшай адукацыі пройдуць спартыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню студэнцкага спорту.

Фестываль праходзіць восьмы раз. Упершыню старт яму быў дадзены ў Гродне. Гродзеншчына багата спартыўнымі традыцыямі. У склад нацыянальных і зборных каманд краіны ўключаны 557 спартсменаў. Толькі за мінулы год прадстаўнікі вобласці на міжнародных спаборніцтвах заваявалі 67 медалёў, у тым ліку 20 залатых. Падрыхтоўка маладых спартсменаў вя-дзецца ў 56 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах, навучэнцы якіх заваявалі на міжнародных маладзёжных, юніёрскіх і юнацкіх спаборніцтвах 36 медалёў. Удасканальваць сваю фізічную падрыхтоўку дзеці і моладзь могуць на 3318 аб’ектах фізкультурна-спартыўнага прызначэння.

З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў свята звярнуліся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Аляксандр Мацюшонак, алімпійскі чэмпіён па кулявой стральбе Канстанцін Лукашык, начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Аляксандр Мацюшонак зачытаў прывітальны ліст міністра адукацыі Ігара Карпенкі: “Для нашых навучэнцаў і студэнтаў расчыніліся дзверы не толькі школ, каледжаў, гімназій, устаноў вышэйшай адукацыі, у іх распараджэнні — спартыўныя збудаванні краіны — стадыёны, басейны, лядовыя арэны, спартыўныя пляцоўкі. Гэта — вынік клопату нашай дзяржавы аб умацаванні здароўя свайго народа. Сёння ёсць рэальная магчымасць кожнаму школьніку, студэнту, любому жыхару нашай краіны займацца любімымі відамі спорту ў вольны ад вучобы і працы час”. Прывітальны ліст Аляксандр Мацюшонак перадаў начальніку галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандру Сонгіну.

З паказальнымі нумарамі на адкрыцці фестывалю выступілі навучэнцы Гродзенскай прафсаюзнай цэнтральнай спецыя-лізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву адзінаборстваў, школы алімпійскага рэзерву № 3, сярэбраныя прызёры чэмпіянату Усходняй Еўропы чырлідарская група “Дартлі” і іншыя калектывы. У складзе каманды Гродзенскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 9 майстэрства фехтавання прадэманстраваў і чэмпіён Беларусі навучэнец гімназіі № 2 Гродна Ягор Азімка. Як расказала трэнер Людміла Леанідаўна Кумко, зараз Ягор рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы.Задоўга да пачатку цырымоніі, якая адбылася на адной з цэнтральных плошчаў горада, сотні гродзенцаў маглі стаць гледачамі і ўдзельнікамі імправізаваных спартыўных пляцовак — тут выступалі юныя спартсмены, іх трэнеры з усіх спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў Гродна.

Шасцікласнікі гродзенскай сярэдняй школы № 12 Міша Ліцвінчык і Алёша Кадзевіч прыйшлі на свята, каб сустрэцца з гульцамі футбольнага клуба “Нёман”. Хлопчыкі і самі займаюцца спортам: Міхаіл — дзюдо, Аляксей — каратэ. А пра мерапрыемства даведаліся з інтэрнэту і скарысталіся магчымасцю атрымаць аўтограф і майстар-клас ад футбалістаў.

У гэты дзень у Гродне святкавалі 890-гадовы юбілей горада, і гараджане на свае вочы ўбачылі дасягненні юных спартсменаў, магчымасці, якія яны маюць для заняткаў спортам, умацавання здароўя, а таксама маглі сустрэцца з вядомымі спартсменамі. А яшчэ — запісаць сваіх дзяцей у спартыўныя секцыі і школы. У рамках Тыдня спорту і здароўя на Гродзеншчыне праходзіць акцыя “Запішы дзіця ў спартыўную школу”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.