Усе на старт!

- 11:25Навіны рэгіёнаў

Спартсмены і мастакі настолькі ж розныя, як фізікі і лірыкі. Аднак іх супрацоўніцтва можа быць плённым і ўзаемаўзбагачальным. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі і арганізатары мерапрыемства “Усе на старт!”, якое прайшло ў Мінскай дзяржаўнай абласной сярэдняй школе — вучылішчы алімпійскага рэзерву. Мерапрыемства адбылося ў рамках тыдня спецыяльна-педагагічных дысцыплін, што ладзіўся ва ўстанове. Паўдзельнічаць у ім запрасілі навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.

Юныя мастакі загадзя рыхтавалі свае работы на спартыўную тэматыку для выставы ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Навучэнцы-спартсмены былі вельмі ўражаны зацікаўленасцю юных мастакоў і скульптараў спортам, глыбокім веданнем спартыўнай тэматыкі, адлюстраваннем у работах перажыванняў і пачуццяў спартсменаў у час спаборніцтваў.

Выхаванцы вучылішча падрыхтавалі для мастакоў спартландыю, галоўнай ідэяй якой была прапаганда здаровага ладу жыцця і ўмацаванне сяброўскіх сувязей паміж навучэнцамі ўстаноў адукацыі розных кірункаў.

У спартландыі ўдзельнічалі каманды “Ну, пачакай!” і “Асілкі” — зборныя па 12 чалавек. Удзельнікам мерапрыемства неабходна было прайсці некалькі эстафет: алімпійская, вясёлыя старты, мастацкая, бег у абручах і інш. Падчас спаборніцтваў панаваў сапраўды камандны дух: удзельнікі перажывалі адно за аднаго, дапамагалі, як маглі, падбадзёрвалі. Каманды паказалі спрыт, моц, хуткасць, а галоўнае — атрымалі зарад бадзёрасці і масу станоўчых эмоцый. Перамогу святкавалі “Асілкі”.

Паміж эстафетамі навучэнцы аддзялення фехтавання, грэка-рымскай барацьбы і тэквандо абласной сярэдняй школы вучылішча алімпійскага рэзерву прадставілі паказальныя выступленні, а навучэнка Віталіна Ле Тхі ўсіх захапіла сваім музычным нумарам.

Дырэктар Мінскай дзяржаўнай абласной сярэдняй школы — вучылішча алімпійскага рэзерву Уладзімір Іванавіч Тайнікаў урачыста павіншаваў пераможцаў і пажадаў: “Займайцеся спортам, умацоўвайце сваё здароўе, развівайце сілу і вынослівасць!”

Ірына ПАПЛАЎСКАЯ,
выкладчык Мінскай дзяржаўнай абласной
сярэдняй школы — вучылішча алімпійскага рэзерву.

Фота Вольгі ТУПІК.