Усе на збор! Будзь гатовы да вялікіх спраў

Самыя актыўныя прадстаўнікі піянерскіх арганізацый, пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, а таксама ветэраны вайны і піянерскага руху сабраліся на злёт “Я — піянер сваёй краіны!”, прысвечаны 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Эстафета значных спраў перадавалася ў гэты дзень ад піянераў 30—40-х гадоў да сённяшніх школьнікаў. На злёце прысутнічалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Баранава і Рыгор Абялеўскі, чыё піянерскае дзяцінства прыпала на даваенныя гады. Валянціна Пятроўна падзялілася ўспамінамі аб піянерскім руху ў 30-я гады. Рыгор Ісакавіч успомніў момант з 1943 года, калі ў шпіталь, дзе ён лячыўся пасля ранення, завіталі піянеры-цімураўцы, як яны дапамагалі раненым байцам, падтрымлівалі іх песнямі і вершамі.
Беларускія піянеры ХХІ стагоддзя таксама працягваюць гэтую традыцыю. Агітбрыгада сярэдняй школы № 18 Гродна, якая выступіла на зборы, так і называецца — “Цімураўцы сённяшняга дня”.
На зборы былі падведзены вынікі цікавых і карысных спраў піянерыі Гродзеншчыны, які яны прысвячалі 70-годдзю Вялікай Перамогі. Аб конкурсе агітбрыгад і абласной гульні “Зарніца”, акцыях “Пісьмо Пераможцу”, “Дзякуй за жыццё”, “Ветэран жыве побач”, літаратурных конкурсах расказала старшыня абласнога савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Марыя Каваленка.
На зборы былі адзначаны пераможцы абласнога літаратурнага конкурсу “Ніколі не забудзем: унукі аб вайне” і конкурсу агітбрыгад “Запалі касцёр дабра”, праекта “Мы захоўваем памяць пакаленняў”, абласнога этапу інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль акцябронак: маленькія зорачкі вялікай краіны”. За рэалізацыю праектаў і праграм, вялікую работу па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі старшыні васьмі раённых саветаў БРПА і педагогі-арганізатары трох навучальных устаноў былі адзначаны падзячнымі лістамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Граматы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ўручаны метадыстам цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі Ганне Кенць (Ліда), Вользе Ігнацік (Слонім), Ірыне Мішчанка (Дзятлава), Гертрудзе Чарняк (Гродна).
За рэалізацыю праектаў у рамках абласной праграмы “Мы разам захоўваем памяць пакаленняў” былі адзначаны піянерскія арганізацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, Ашмянскага, Гродзенскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Свіслацкага, Зэльвенскага і Іўеўскага раёнаў.
Адной з самых яркіх традыцый піянерскіх злётаў з’яўляецца прыём акцябрат у піянеры. Словы ўрачыстай клятвы ў гэты дзень прамовілі вучні гродзенскіх сярэдняй школы № 18 і гімназіі № 5.
Завяршыўся збор музычна-тэатралізаваным паказам “Гартаючы старонкі вайны”, які падрыхтавалі выхаванцы і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.