Усе навучэнцы прыступілі да заняткаў

- 15:49Актуально, Рознае

1 верасня ў гарадской гімназіі Крычава Магілёўскай вобласці чакалі гэтак жа, як і ў іншых установах: у апошнія дні жніўня рыхтавалі ўрачыстую лінейку, даводзілі да ладу кабінеты. Аднак свята не адбылося: літаральна за тры дні да пачатку новага навучальнага года будынак гімназіі абваліўся. Нягледзячы на матэрыяльныя страты, многія ў горадзе, ды і ў цэлым па краіне, адзначаюць: пашанцавала — здарэнне магло адбыцца і падчас навучальнага года, калі б у школе былі сотні дзяцей.

Як афіцыйна паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, 29 жніўня ў 8 гадзін 44 хвіліны паступіла паведамленне пра абвальванне ў будынку гімназіі Крычава. Работнікі падраздзялення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях неадкладна абследавалі будынак: пацярпеўшых і загінуўшых не было.
На той час у будынку гімназіі знаходзіўся толькі вартаўнік, ён і паведаміў пра абвальванне ў аператыўныя службы. Што з’явілася прычынай абвальвання будынка, а ўзведзены ён быў у 1979 годзе, пакуль сказаць немагчыма.
Аднак, як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, ужо зараз па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Службовая халатнасць”.
Як расказала спецыяліст, папярэдне ўстаноўлена, што адбылося абвальванне пліт перакрыццяў першага і другога паверхаў. Плошча абвальвання склала каля 100 м2. Назначана правядзенне шэрага следчых экспертыз, якія і павінны даць адказ на пытанне, чаму адбылося абвальванне і ці магчыма яго было прадказаць. На месцы здарэння працуюць спецыяльныя камісіі.
Зразумела, гэтае здарэнне не засталося без увагі рэспубліканскіх улад. Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Барадун, адразу пасля паведамлення пра абвальванне спецыяльная камісія Міністэрства адукацыі на чале з намеснікам міністра адукацыі Сяргеем Валянцінавічам Рудым выехала на месца здарэння. Сумесна з мясцовымі ўладамі выпрацоўвалася рашэнне аб далейшым размяшчэнні навучэнцаў. І сёння ўжо зразумела: навучанне ў будынку гімназіі немагчыма. Аднак усе навучэнцы ўстановы сустрэлі 1 верасня за школьнымі партамі. Аператыўна было прынята рашэнне аб іх размяшчэнні — па класах і блоках класаў — на базе школ і ліцэя Крычава. Пры гэтым вырашана пытанне аб арганізаваным падвозе дзяцей да ўстаноў адукацыі.

Здарэнне ў крычаўскай гімназіі стала падставай для правядзення праверак у іншых установах адукацыі, якія пабудаваны па аналагічным праекце.
Дзевяць устаноў адукацыі, падобных да крычаўскай гімназіі, абследавала спецкамісія ў Магілёўскай вобласці за мінулыя выхадныя. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў. “Усяго ўстаноў адукацыі, пабудаваных па аналагічным праекце крычаўскай гімназіі, у галіне 5, але абласной камісіяй праведзена дэталёвая праверка яшчэ чатырох падобных школ у Бабруйску, — расказаў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама. — Сур’ёзныя парушэнні ў канструкцыях школ не выяўлены. Усе гэтыя школы сёння прыступілі да работы”. Таксама ў вобласці раённыя камісіі дадаткова праверылі ўсе астатнія ўстановы адукацыі на прадмет гатоўнасці да новага навучальнага года і бяспекі арганізацыі вучэбнага працэсу. Усе 387 устаноў адукацыі вобласці, акрамя крычаўскай гімназіі, адкрыты для наведвання.
“Лёс крычаўскай гімназіі будзе вырашаць урадавая камісія. Пасля завяршэння дэталёвага абследавання і правядзення неабходных экспертыз будзе прынята рашэнне аб мэтазгоднасці аднаўлення і рэканструкцыі часткі будынка, якая абрынулася”, — сказаў Уладзімір Рыжкоў.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота БелТА.