Усе праблемныя дамы будуць здадзены да лістапада

Праблемныя дамы ў Беларусі будуць здадзены да лістапада бягучага года. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр КРУЧАНАЎ.

На 31 ліпеня ў Беларусі налічвалася 15 праблемных дамоў — 1 у Віцебскай вобласці і 14 у Мінску.
Гатоўнасць праблемнага дома ў Віцебскай вобласці складае 83 працэнты. Паводле слоў Аляксандра Кручанава, прычынай зацягвання тэрмінаў стала неўкамплектаванасць дома дольшчыкамі. “Мясцовыя органы ўлады цяпер прымаюць меры, крайні тэрмін вырашэння праблемы — верасень”, — дадаў ён.
Што тычыцца дамоў са звышнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва ў сталіцы, то 6 з 14 дамоў былі падрыхтаваны да здачы ў ліпені. “Падпісанне актаў займае некаторы час, таму 6 дамоў у стадыі афармлення. Астатнія дамы будуць уведзены ў жніўні — верасні. Для аднаго дома тэрмін устаноўлены ў кастрычніку”, — растлумачыў Аляксандр Кручанаў.
“Мінскім гарвыканкамам прыняты кардынальныя меры, можна сказаць, радыкальныя, строгія, і я думаю, што ў пастаўленыя тэрміны дамы са звышнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва будуць уведзены”, — дадаў першы намеснік міністра.
“Лічу, што бягучы год стане пераломным, калі мы ўсё ж такі вырашым праблему гэтых дамоў”, — рэзюмаваў ён.
Паводле слоў Аляксандра Кручанава, у краіне ў першым паўгоддзі выканана 68,7 працэнта гадавога плана па ўводзе жылля. “У першым паўгоддзі ўведзена 2 млн 747 тысяч кв.м жылля, што складае 101,4 працэнта да ўзроўню першага паўгоддзя 2014 года. Мы падлічвалі сітуацыю да канца года і разлічваем, што будзе пабудавана 4 млн 110 тысяч кв.м жылля. Заданне на год па ўводзе жылля — 4 млн кв.м, такім чынам, мы перавыканаем яго на 2,8 працэнта”, — сказаў Аляксандр Кручанаў.
З дзяржпадтрымкай у першым паўгоддзі пабудавана 905,4 тысячы кв.м жылля (57,4 працэнта ад гадавога задання).
Што тычыцца планаў па будаўніцтве на наступны год, то першы намеснік міністра нагадаў, што ў 2016 годзе плануецца ўвесці амаль 4 млн кв.м жылля, у тым ліку 1 млн 580 тысяч кв.м жылля з дзяржпадтрымкай.