Усе прадпрыемствы павінны мець свае планы перспектыўнага развіцця

Абарона планаў перспектыўнага развіцця прадпрыемстваў павінна быць скрупулёзнай работай для раённых і гарадскіх улад. Пра гэта заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у час рабочай паездкі ў Заводскі раён Мінска, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.

Спікер наведаў прамысловыя прадпрыемствы Завод­скага раёна Мінска, азнаёміўся, у прыватнасці, з фінансава-эканамічнай дзейнасцю Мінскага падшыпнікавага завода і завода зборных жалезабетонных канструкцый. “Адказваючы на пытанне аб развіцці прамысловага комплексу, старшыня Савета Рэспублікі акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе прад­прыемствы павінны мець свае планы перспектыўнага развіцця. Гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы. І абарона гэтых планаў павінна быць не фармальнай, а вельмі скрупулёзнай работай — для раённых і гарадскіх улад. Тады можна будзе выявіць вузкія месцы, дапамагчы іх пераадолець. І ў гэтым, безумоўна, павінны быць зацікаўлены мясцовыя адміністрацыі”, — падкрэсліў ён.

Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч закрануў пытанні будаўнічай галіны. Ён адзначыў, што беларускія будаўнікі запатрабаваны і ў краіне, і за мяжой, што сведчыць пра высокі ўзровень канкурэнтаздольнасці. Поспехі некаторых будаўнічых арганізацый, на думку спікера, звязаны з тым, што яны ма­юць цесныя кантакты з беларускімі ВНУ, якія выпускаюць спецыялістаў для галіны. “Ужо на гэтай стадыі яны пачынаюць адбі­раць сабе лепшых, а затым павышаюць іх кваліфікацыю на ўласных вучэбных камбінатах. У гэтых адносінах вельмі добрыя водгукі пра будаўнічы каледж — былы архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, гэта выдатна”, — сказаў кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента.

У гэты ж дзень Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з актывам адміністрацыі Заводскага раёна. Разгледжаны пытанні развіцця прамысловага комплексу раёна, будаўніцтва жылля, добраўпарадкавання. Закраналіся таксама праблемныя пытанні ў сферы аховы здароўя. Сітуацыю ў цэлым у Мінску старшыня Савета Рэспублікі ахарактарызаваў як стабільную, не патрабуецца прыняцця якіх-небудзь спецыяльных мер або намаганняў. Але ёсць пытанні, якія хацелася б вырашаць больш паспяхова, звярнуў увагу спікер. Адно з іх — капітальны рамонт жылога фонду і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. Звяртаючыся да кіраўніцтва адміністрацыі раёна, Міхаіл Мясніковіч адзначыў неабход­насць мець банк даных з адпаведнай інфармацыяй, паколькі з гэтымі пытаннямі чалавек сутыкаецца кожны дзень.

Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што сёння практычна ўвесь жылы фонд сталіцы знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, і выказаўся за тое, каб праводзіць работу з ўласнікамі жылля ў тым напрамку, каб яны нейкім чынам удзельнічалі ў капітальным рамонце. “Трэба складаць доўгатэрміновыя пра­грамы рамонту жылога фонду і паступова адыходзіць ад бюджэтнага фінансавання. Патрэбны пераходны перыяд, у працэсе якога будзе змяншацца доля бюджэтнага фінансавання і павялічвацца доля сродкаў грамадзян. Для гэтага павінны быць адпаведныя рахункі, вялікая растлумачальная работа, намаганні органаў мясцовага самакіравання. Рана ці позна гэтым давядзецца займацца”, — дадаў ён.

У адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Міхаіл Мясніковіч правёў прыём грамадзян. Узнімаліся пытанні будаўніцтва інтэрнатаў для работнікаў аховы здароўя, а таксама жылля для работнікаў Мінскага аўтамабільнага завода. Адна з прысутных папрасіла ўладкаваць пешаходны тратуар уздоўж вуліцы Паўлоўскага. Міхаіл Мясніковіч даручыў зрабіць гэта да восені. Акрамя таго, яна папрасіла разгледзець пытанне аб будаўніцтве веладарожкі, якая злучае Сосны і Мінск. Старшыня Савета Рэспублікі даручыў прапрацаваць гэтае пытанне.