Праблема сіроцтва, а асабліва сіроцтва сацыяльнага, па-ранейшаму актуальная. Нягледзячы на ўсе меры, што прымаюцца, псеўдабацькоў, якім не патрэбны ўласныя дзеці, не становіцца менш. Але прама прапарцыянальна нядбайным бацькам расце колькасць тых, хто гатовы зноў падарыць абяздоленым дзецям сямейнае цяпло. У Магілёўскай вобласці такіх сем’яў шмат. Больш як 80% дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, сёння знаходзяцца на сямейным выхаванні. У рэгіёне больш за 500 прыёмных сем’яў і звыш 1100 апякунскіх, дзейнічае 48 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Адзін з найстарэйшых — дзіцячы дом сямейнага тыпу Афанасьевых, які знаходзіцца ў вёсцы Таранава Магілёўскага раёна.
Галіна Афанасьева з тых людзей, у якіх хапае любові для ўсіх дзяцей. На родных і прыёмных яна іх ніколі не дзяліла. Як адзначае гаспадыня дома, усе дзеці ў яе свае, усе аднолькава родныя.
Галіна Аляксееўна родам са Шклоўшчыны. Расла ў дружнай мнагадзетнай сям’і і яшчэ дзяўчынкай вырашыла: у яе самой таксама будзе шмат дзяцей. Дзіцячыя гады пралятаюць непрыметна, юнацкія — яшчэ хутчэй. Галіна Афанасьева атрымала адукацыю і засталася працаваць у роднай вёсцы. Неўзабаве сустрэла будучага мужа, стварыла сваю сям’ю.Муж яе імкненне мець многа дзяцей падтрымаў. Так, адзін за адным у маладой сям’і з’явіліся чатыры сыны: Саша, Руслан, Андрэй, Дзяніс.
— Я тады ўсё марыла пра дачку. Адважыліся мы на пятае дзіця, чакалі дзяўчынку. А нарадзіўся… яшчэ адзін сын — Максім. У той момант у мяне ўпершыню і ўзнікла думка сагрэць мацярынскім цяплом сірату, узяўшы на выхаванне дзяўчынку з дзіцячага дома, — расказвае Галіна Аляксееўна.
Як толькі будучая прыёмная маці пераступіла парог Магілёўскага дома дзіцяці, ёй насустрач адразу кінулася маленькая, худзенькая дзяўчынка.
— Мама! Ты за мной прыехала, — радасна ўсклікнула малая.
У сэрцы Галіны Афанасьевай тады нешта зварухнулася. На іншых дзяцей яна ўжо і не глядзела, хоць ёй і раілі: “Вазьміце на час, прыгледзьцеся”.
— Але я прыглядацца не стала, забрала маленькую Леначку дадому. Менавіта з таго часу і зразумела, што не змагу жыць спакойна, пакуль ёсць дзеткі, якія жывуць хоць і ў вельмі добрых інтэрнатах з добрымі выхавальнікамі, але не маюць той, каму можна сказаць “мама”, — дзеліцца ўспамінамі Галіна Аляксееўна.
Леначка доўга жыла ў сям’і Афанасьевых, а ў шаснаццацігадовым узросце яе ўдачарылі. Расставацца было сумна, але ўдачарэнню прыёмная мама не перашкаджала. Разумела, што адна справа — апека, зусім іншае — свая сям’я. На той момант на выхаванні ў яе знаходзіліся ўжо пятнаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак. З’явіўся і новы статус — дзіцячы дом сямейнага тыпу. За васямнаццаць гадоў існавання сямейнае цяпло і бацькоўскую любоў у ім знайшлі 39 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Дзяцей Галіна Афанасьева брала розных узростаў, не адмаўлялася і ад тых, у каго былі праблемы са здароўем, складанасці з паводзінамі. У кожнага з выхаванцаў нялёгкі лёс, у далікатным дзіцячым узросце ім многае давялося перажыць.
Адзінаццацігадовага Сашу прывезлі “на перавыхаванне”. Хлопчык адпачываў у Італіі і вельмі спадабаўся адной сям’і, але ўсынавіць яго асцерагаліся з-за складанасцей характару. Хлопец нярэдка ўцякаў з інтэрната, грубіяніў выхавальнікам. Па словах Галіны Аляксееўны, перавыхаваць Сашу было нялёгка, але яна здолела.
— Мы даведаліся, што хлопчык мроіць коньмі. Параіліся, сабралі грошай і купілі яму каня! Саша літаральна адразу змяніўся. Зніклі і праблемы з паводзінамі, і да працы хлопчык прывучыўся, бо каня неабходна было даглядаць, — расказвае гаспадыня.У 16 гадоў Саша ўсё ж быў усыноўлены ў Італію. Усынавіцелі праз перакладчыка перадавалі свае ўражанні, адзначаючы, што хлопчык змяніўся на вачах, стаў добрым, працавітым. З таго моманту, як Саша пакінуў дзіцячы дом сямейнага тыпу, прайшло ўжо шмат часу, але хлопец памятае сваю прыёмную маму.
— Рэгулярна ён дасылае нам лісты, у госці прыязджае. У Італію перабраліся і іншыя дзеці, якія шмат гадоў пражылі ў нас. Яны таксама мяне не забываюць, — адзначае Галіна Афанасьева.
Паводле яе слоў, многім іншым яе прыёмным дзецям прыйшлося перажыць сапраўдныя сямейныя драмы.
Кацюша пастаянна хавала пад падушку хлеб, хоць ежы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу заўсёды было ўдосталь. Аказалася, дзяўчынка проста не магла забыцца пра пачуццё голаду. Біялагічная мама часта кідала дзяцей на волю лёсу. Старэйшая Каця збірала ў школьнай сталовай хлеб, каб накарміць свайго малодшага браціка. Нядбайная маці рэгулярна знікала з хаты на дзень, два, а аднойчы восенню знікла на тыдзень. Малышы галадалі, мерзлі ў халодным доме, пакуль Каця не адважылася расказаць пра ўсё настаўніцы. Дзяцей тут жа забралі ў прытулак, а затым прывезлі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Афанасьевай. Тут яны, нарэшце, адчулі сябе роднымі і патрэбнымі.
Мама Волечкі ніколі не адрознівалася прыстойным ладам жыцця. Яна пастаянна ўжывала спіртное, у доме часта былі п’яныя гулянкі, ні на адным месцы працы жанчына доўга не затрымлівалася. Пра дачку яна ўспамінала рэдка, а потым і зусім пайшла па крымінальнай сцежцы. Здзейсніла крадзеж, трапіла ў турму. Так Оля апынулася на выхаванні ў Галіны Афанасьевай. Праз колькі гадоў мама дзяўчынкі адбыла крымінальны тэрмін, выйшаўшы на волю, захацела забраць Олю. Вось толькі дзяўчынка такога жадання не выказала. Да прыёмнай мамы яна прыкіпела душой больш, чым да роднай. Оля сама напісала заяву аб пазбаўленні сваёй шалапутнай маці бацькоўскіх правоў і засталася жыць у дзіцячым доме сямейнага тыпу. Зараз яна ажыццяўляе сваю мару — атрымлівае прафесію педагога ў МДУ імя А.А.Куляшова.
Маленькія расіяне Рэгіна, Света, Вера і Ілья таксама апынуліся ў Афанасьевай з-за амаральных паводзін іх біялагічнай мамы. Чаго толькі не давялося перажыць гэтым малым! Іх маці жыла з сужыцелем, не працавала, п’янствавала, потым і зусім засталася без прытулку, начавала з дзецьмі ў хлявах, на вуліцы. За парушэнне пашпартнага рэжыму жанчыну дэпартавалі з краіны.— Дзетак адразу змясцілі ў прытулак, а ўжо пасля яны аказаліся ў мяне. З імі было шмат цяжкасцей. З-за аслабленага імунітэту малыя часта хварэлі. Былі праблемы з атрыманнем грашовых выплат, бо дзеці з’яўляліся грамадзянамі Расіі і ў іх не было статусу сацыяльных сірот, — уздыхаючы кажа Галіна Афанасьева. Але ў яе атрымалася ўсё пераадолець. Біялагічную маму-зязюлю пазбавілі бацькоўскіх правоў, дзецям аформілі беларускае грамадзянства.
Па словах Галіны Аляксееўны, адагрэць дзіцячыя душы, поўныя недаверу і болю, не заўсёды было проста. Малышы, якія ад самых блізкіх людзей ніколі не чулі добрага слова, часта замыкаліся ў сабе. Універсальныя лекі, дзякуючы якім удалося вылечыць кожнае параненае дзіцячае сэрцайка, знайшліся. Імі сталі бязмежная любоў, памножаная на мацярынскі клопат і ласку. Дзецям, якія трапілі на выхаванне да Афанасьевай, менавіта гэта дапамагло зноў стаць жыццярадаснымі і шчаслівымі.
Усе дзеткі адплацілі Галіне Аляксееўне ўзаемнасцю. Амаль усе з іх называюць сваю прёмную маму не інакш як “мама”. Выхаванцы, якія ўжо выраслі і ўладкаваліся ў жыцці, не забываюць пра яе, пастаянна прыязджаюць у госці, ды не адны, а са сваімі сем’ямі. Падчас такіх візітаў у вялікім доме Галіны Афанасьевай становіцца цесна. Усё таму, што яе ўтульны дом заўсёды поўны дзетак: на змену адным прыходзяць іншыя.
Зараз у гэтым дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюцца сямёра дзяцей: Арцём, Пеця, Наташа, Рэгіна, дзве Насці і Ілья. Іх, як і ўжо дарослых сваіх дзяцей, Галіна Аляксееўна стараецца выгадаваць добрымі, працавітымі людзьмі, законапаслухмянымі, годнымі грамадзянамі. Дзеці выхоўваюцца на аснове любові, узаемапавагі, узаемаразумення, самастойнасці.
— Адна з галоўных якасцей, якія я імкнуся прывіць дзецям, — працавітасць. Раблю гэта неназойліва, далучаючы іх да ўдзелу ў хатняй гаспадарцы, доглядзе жывёл, раслін. Я вучу дзяцей усім хатнім прамудрасцям: займацца прыбіраннем, шыць, вязаць, мыць, гатаваць розныя стравы. А яшчэ мы разам займаемся дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Робім вырабы са скуры, пацерак, — расказвае Галіна Афанасьева.
Прывіццё працоўных навыкаў дае плён. Усе дзеці, пасталеўшы, цалкам адаптаваныя да сучасных рэалій жыцця. Нярэдка працоўныя ўрокі прыёмнай мамы прыводзяць дзяцей да першых жыццёвых поспехаў. Выхаванцы Галіны Афанасьевай — пастаянныя прызёры творчых конкурсаў. А прыёмная дачка Надзя Багдановіч у 2014 годзе стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па абслуговай працы.
За доўгія гады ў гэтым доме сямейнага тыпу склаліся свае традыцыі. Вечар кожнага дня заканчваецца сумесным чаяваннем. А яшчэ тут арганізоўваюцца вясёлыя святы, танцы, усе прымаюць удзел у масавых спартыўных і культурных мерапрыемствах. Аднак на асаблівым месцы — догляд зімовага саду — сямейнай гордасці, дзе сабрана больш за дзвесце відаў пакаёвых раслін.
Усіх сваіх выхаванцаў Галіна Афанасьева бясконца любіць, тым не менш яна ніколі не перашкаджала іх зносінам з біялагічнымі бацькамі. Наадварот, сама старалася выйсці з імі на сувязь, дапамагчы наладзіць адносіны з дзецьмі, але ў большасці выпадкаў шалапутныя бацькі так і не бяруцца за розум, поўнасцю забываючыся пра тое, што ў іх ёсць дзеці.
Малымі такая здрада, вядома, успрымаецца цяжка, аднак ласка і любоў прыёмнай мамы дазваляе ім усё ж цешыцца часам дзяцінства.
— Нам у мамы Галі падабаецца. Тут можна гуляць, а яшчэ мы шмат чаму тут вучымся. Умеем і ў доме прыбраць, і ежу прыгатаваць, і вырабы прыгожыя змайстраваць, — хваляцца Насця, Рэгіна, Арцём і Наташа.
— Я маму люблю, — кажа дванаццацігадовы Пеця і тут жа дадае, — таму што яна вясёлая, добрая і нас вельмі любіць.
Ці не такія словы лепшая пахвала для любой маці? Галіна Аляксееўна згаджаецца.
— Самая высокая мая ўзнагарода — тое, што амаль усе прыёмныя дзеці называюць мяне мамай, што яны не забываюць мяне, стаўшы дарослымі, — падкрэслівае яна.
Шмат у Галіны Афанасьевай і афіцыйных узнагарод. Яна адзначана ордэнам Маці і ордэнам Святога благавернага царэвіча Дзімітрыя, Маскоўскага і Угліцкага цудатворца, з’яўляецца ўладальніцай спецыяльнай прэміі аблвыканкама “Чалавек года” і прэміі “Жанчына года” ў намінацыі “Дасягненне ў выхаванні дзяцей”. Маючы за плячыма такі вялікі вопыт работы і прызнанне працоўных заслуг, Галіна Аляксееўна не перастае займацца самаадукацыяй. Яна актыўна ўдзельнічае ў пасяджэннях метадычных аб’яднанняў для прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў, выступае ў абласным клубе бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
…Родныя сыны Галіны Афанасьевай даўно выраслі, абзавяліся сем’ямі. Моцныя сем’і ёсць і ў многіх выхаванцаў гэтага сямейнага дзіцячага дома.
— Усе дарослыя дзеці рэалізаваліся ў жыцці. Ва ўсіх ёсць ужо свае дзеці, сем’і. Тыя, што яшчэ непаўналетнія, таксама толькі радуюць. Усведамленне таго, што ў дзяцей усё добра, і ёсць маё шчасце, жыццёвае і матчына, — упэўнена кажа Галіна Аляксееўна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.