Усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу павінны прытрымлівацца пэўных правіл і норм

На гэтым тыдні намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай правёў дзве рабочыя сустрэчы з педагагічнымі калектывамі гімназіі № 10 і сярэдняй школы № 30 Мінска. У цэнтры ўвагі было абмеркаванне актуальных пытанняў сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі.

Як адзначыў намеснік міністра, у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі не прадугледжана ніякіх рэформ, аднак змены чакаюцца. І каб зразумець настрой педагогаў, а таксама даведацца пра іх меркаванні, міністэрства ініцыіравала такія сустрэчы.

Гаворка пачалася з абмеркавання аб’яднання выпускных экзаменаў па рускай, беларускай мовах і матэматыцы за курс сярэдняй школы і цэнтралізаванага тэсціравання. Гэтая ініцыятыва ўжо не раз агучвалася. Мяркуецца, што пасля прыняцця канчатковага рашэння на рэалізацыю такога аб’яднання будзе адведзена тры гады. Па праекце экзамены будуць здавацца не ва ўстановах адукацыі, а на пунктах здачы ЦТ. Плануецца, што здавацца яны будуць да заканчэння вучэбнага года (у красавіку).

Такі тэрмін закладваецца для таго, каб перавесці вынік экзаменаў у адзнаку, якая пойдзе ў атэс­тат, і каб быў час для ўнясення вынікаў у базу (для выключэння магчымасці паўторнай здачы падчас асноўнага этапу ЦТ, які будзе праводзіцца традыцыйна ў чэрвені). Плануецца, што ў ліку выпускных экзаменаў за курс 11 класа застанецца замежная мова, а экзамен па гісторыі Беларусі будзе перанесены ў 9 клас.

Як адзначыў намеснік міністра, пры абмеркаванні такога новаўвядзення са спецыялістамі АПА, НІА, з педагогамі ў рэгіёнах  выказваюцца думкі наконт розных рызык, але ў агульным ідэя падтрымліваецца. “Тым не менш абмеркаванне працягваецца, таму ладзяцца такія сустрэчы”, — заўважыў Аляксандр Уладзіміравіч.

Затым ён звярнуў увагу на шляхі рэалізацыі профільнай адукацыі, адзначыўшы, што на дадзены момант на базе дзвюх устаноў адукацыі (Брэсцкага ліцэя і Ліцэя БДУ) праводзіцца эксперымент па выкладанні прадметаў модулямі, з магчымасцю аб’яднання гадзін у пары. Такі падыход дазваляе арганізоўваць паглыбленую прафілізацыю.

Сталічныя педагогі станоўча ацанілі такі эксперымент, але заўважылі, што дагэтуль мае месца неадпаведнасць: калі пры паступленні ў 10 профільны клас сярэдняй школы вучні павінны па профільных прадметах мець адзнакі не ніжэйшыя за “сямёркі”, то ў 10-я класы гімназій бяруцца ўсе выпускнікі 9-х класаў. Намеснік міністра ў адказ заўважыў, што гэтае пытанне будзе вырашацца. Пры абмеркаванні аб’яднання выпускнога экзамену па матэматыцы і ЦТ спыталі таксама, як быць тым адзінаццацікласнікам, якім не патрэбна матэматыка і якія, напрыклад, збіраюцца паступаць у медыцынскі або лінгвістычны ўніверсітэт? На гэта Аляксандр Уладзіміравіч сказаў, што ўсё абмяркоўваецца.

Натуральна, падчас сустрэчы намесніка міністра з настаўнікамі зайшла гаворка пра праект этычнага кодэкса педагога. Аляксандр Кадлубай пачаў з тыпавых правіл унутранага распарадку для навучэнцаў, у якія былі ўнесены змены ў снежні мінулага года. Гэтыя правілы рэгулююць адносіны паміж вучнямі і педагогамі. Як заўважылі ў 10-й гімназіі Мінска, правілы практычна не змяніліся, таму іх прымяненне не выклікае ніякіх пытанняў.  “У нашай гімназіі да тыпавых правіл усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу паставіліся вельмі спакойна, таму мы працуем у штатным рэжыме”, — адзначыла дырэктар Марына Ільіна.

Што датычыцца этычных патрабаванняў да педагогаў, то дакумент бурна абмяркоўваецца. З аднаго боку, узнікае пытанне, навошта нейкія правілы, калі настаўнік апрыёры павінен быць узорам для сваіх вучняў — высокамаральным, выхаваным і культурным чалавекам. А з другога боку, узнікаюць выпадкі, калі педагогі сваімі паводзінамі дыскрэдытуюць прафесію.

“Пры абмеркаванні гэтых правіл было вырашана, што дакумент павінен быць лаканічным, адлюстроўваць усе суб’ект-суб’ектныя адносіны: педагог — настаўнік, педагог — педагог, педагог — бацькі. Самае галоўнае пытанне, якое часцей за ўсё задаюць: ці будзе гэты дакумент выкарыстоўвацца як нейкі інструмент уздзеяння? Не. Ён не для гэтага ствараўся. Яго асноўная мэта — нагадаць, што ў навучальнай установе ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу павінны прытрымлівацца пэўных правіл і норм. І настаўнікі не толькі вучаць, але і выхоўваюць сваіх вучняў. Асабліва на гэтым павінны засцяроджвацца маладыя педагогі”, — адзначыў намеснік міністра.

Па меркаванні сталічных настаўнікаў, каб этычны кодэкс не стаў фармальнасцю, яго павінны абмеркаваць і адаптаваць да сваіх рэалій у кожнай установе адукацыі краіны. Акрамя таго, важна, каб усе будучыя настаўнікі яшчэ падчас навучання ва ўніверсітэце вывучалі педагагічную этыку. Гэты прадмет павінен быць абавязковым.

Сёння вельмі актуальнай становіцца праблема прафесійнага выгарання. Надзвычай складана ўтрымліваць духоўны і душэўны баланс, калі не збаўляць абаротаў, не рабіць перадышкі. Так, сучасныя вучні, ды і жыццёвыя ўмовы, патрабуюць не адставаць ад прагрэсу, але ж уменне своечасова спыніцца і адпачыць таксама жыццёва неабходна. Нервовыя зрывы, як вядома, маюць свае наступствы. Каб мінімізаваць такія праявы, у праграмы курсаў павышэння кваліфікацыі АПА і абласных інстытутаў развіцця адукацыі закладваюцца гадзіны на заняткі, дзе настаўнікаў будуць вучыць таму, як пазбягаць стрэсу.

Дарэчы, у 10-й гімназіі з гэтага навучальнага года пачаўся праект па развіцці эмацыянальнага інтэлекту. І, як заўважыла дырэктар, праект ахоплівае ўсіх педагогаў. Разам з тым ён выявіў, што далёка не ўсе настаўнікі ўмеюць адпачываць, таму гэтаму сапраўды трэба вучыць.

Свае пытанні намесніку міністра задавалі і прадстаўнікі пачатковай школы. Намеснікаў ды­рэктараў, якія курыруюць пачаткоўцаў, ужо не першы год хвалююць тэрміны падачы дакументаў у першыя класы. Ёсць прапанова не цягнуць з прыёмам да 29 жніўня. У адказ Аляксандр Кадлубай запэўніў, што ў міністэрстве пра гэта веда­юць, але на ўзгадненне прымальных тэрмінаў патрэбен час.

Абедзве сустрэчы намесніка міністра былі прадукцыйнымі. Ён падзякаваў педагогам за пытанні і неабыякавасць, адзначыўшы важнасць такіх сустрэч для прыняцця канчатковых рашэнняў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.