Усе ўмовы для тэхнічнай творчасці

- 10:53Дадатковая адукацыя

Цырымонію адкрыцця другога модуля комплексу тэхнапарка “Карал” сумясцілі з адкрыццём на яго базе дзіцячага тэхнапарка. Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі пераехаў у новае памяшканне. Больш як 500 дзяцей, якія вучацца робататэхніцы, электроніцы і інфармацыйным тэхналогіям, атрымалі шыкоўныя ўмовы для творчасці.

— Амаль 90% выкладчыкаў дзіцячага тэхнапар­ка — гэта стыпендыяты Прэ­зідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама трэнеры, якія падрыхтавалі пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных профільных конкурсаў, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

У гэты ж дзень у дзіцячым тэхнапарку прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Пазнаёміцца з яго магчымасцямі прыехалі каля трох тысяч дзяцей з Гомеля і раёнаў вобласці.

Тэхнапарк “Карал” склаў 12 дагавораў аб супрацоўніцтве з вядучымі ўстановамі вышэйшай, сярэдняй і дадатковай адукацыі, навуковымі ўстановамі і іншымі беларускімі тэхнапаркамі. Пасля цырымоніі адкрыцця падпісаны яшчэ адзін дагавор — з Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П.В.Сухога па стварэнні на базе тэхнапарка філіяла кафедры “Матэрыяла­знаўства ў машынабудаванні”.

Неабходнасць стварэння сумеснай адукацыйнай пляцоўкі прадыктавана часам: каб рэалізоўваць сучасныя навуковыя ідэі, студэнтам патрэбна адпаведная база. Тэхнапарк можа прапанаваць УВА магутныя камп’ютары і 3D-прынтары апошніх мадэляў. Студэнты гомельскіх УВА і раней займаліся ў памяшканнях “Карала”, аднак зараз, пасля адкрыцця новага корпуса, маладым людзям выдзеляць асобныя вучэбныя кабінеты і лабараторыі, дзе яны змогуць ствараць канкурэнта­здольныя распрацоўкі. Між тым, многія кампаніі-рэзідэнты даўно працуюць са старшакурснікамі УВА Гомеля: іх бяруць на стажыроўку, лепшых пакідаюць працаваць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.