Усе ўмовы для творчасці

- 10:07Навіны рэгіёнаў

Заняткі ў Мазырскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі цяпер ідуць у новым уласным будынку. Дзверы новага дома для юных талентаў урачыста расчынілі і стужачку перарэзалі. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей павіншаваў педагогаў і дзяцей з наваселлем.

— Разгледзець талент у дзіцяці, раскрыць яго, падтрымліваць, калі яно сумняваецца, і ўпэўнена весці да майстэрства і заваявання новых вяршынь — задача сумленнага творчага педагога. Доказам гэтага служаць 90 узнагарод рознай вартасці ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, якія дзеці заваявалі за мінулы навучальны год. На працягу некалькіх гадоў цэнтр застаецца адным з лідараў у сваім кірунку ў Гомельскай вобласці, — адзначыў Генадзь Міхайлавіч.

Між тым некалі ў чатырох­павярховым будынку, які сёння напоўніўся дзіцячымі галасамі, размяшчаўся раённы суд. Заняткі з дзецьмі і падлеткамі тым часам праводзіліся ў прыстасаваных памяшканнях, у абмежаваных умовах. Месца было мала — 200 квадратаў для амаль тысячы дзяцей. Новы дом па плошчы ў пяць разоў большы за ранейшы, і таму тут ёсць дзе разгарнуцца ўдзельнікам 73 аб’яднанняў па інтарэсах. Самыя папулярныя з іх — дэкаратыўна-прыкладное, вакальнае, выяўленчае мастацтва, харэаграфія. Ацанілі новыя ўмовы і 60 педагогаў цэнтра на чале з кіраўніком установы Аксанай Казачэнка.

Высокія госці зазірнулі практычна ва ўсе кабінеты, дзе дзеці імкнуліся расказаць пра сваю дзейнасць і прадэманстраваць свае поспехі. Тут дзейнічаюць дзіцячыя і мала­дзёжныя арганізацыі: добраахвотніцкі атрад, інтэлектуальны клуб, аб’яднанне юных журналістаў. Яны, дарэчы, уручылі губернатару свежы выпуск сваёй газеты. Генадзь Салавей пры размове з прадстаўнікамі маладзёжнага парламента заўважае, што гэтая арганізацыя — першая прыступка да ўдасканалення нашага жыцця:

— Тут вы набываеце навыкі ў тых кірунках, якія вам спатрэбяцца ў жыцці. Дадатковая адукацыя таксама дапаможа ў выбары жыццёвага шляху. Я хачу, каб дзякуючы вашым педагогам вы адчувалі сябе тут камфортна. Не горш, чым мы ў свой час, калі наведвалі дамы піянераў, якія станавіліся для нас стымулам развіцця. Я хачу, каб ваш мазырскі вопыт распаўсюджваўся. Нам важна ўлічваць вашы погляды на жыццё, на нашу работу — мы бу­дзем прыслухоўвацца да вашай думкі. Вы можаце смела дзяліцца сваім пунктам гледжання з намі, прадстаўнікамі старэйшага пакалення. І будзьце ўпэўнены: мы вас пачуем. Вельмі прыемна, што Мазыр развіваецца ў тым ліку дзякуючы вам, маладыя людзі. Дзякуй, што вы такія актыўныя і ўдзельнічаеце ў маладзёжным руху. Мазыр — горад, які ствараецца для вас, і хочацца, каб моладзь гэта адчувала. А вы павінны быць праваднікамі сучасных ідэй па паляпшэнні жыцця ў такім прыгожым горадзе.

Пры адкрыцці ўстановы губернатар падарыў цэнтру сертыфікат на Br50 тысяч для далейшага развіцця і ўмацавання базы. Яшчэ адзін сертыфікат перадала ўстанове старшыня Мазырскага райвыканкама Алена Паўлечка. Яна адзначыла, што гэтае адкрыццё — яшчэ адзін падарунак да Дня горада і абласнога свята “Дажынкі”, якое тут неўзабаве пройдзе.

Капітальны рамонт будынка закрануў дах і фасад, былі ўмацаваны апорныя канструкцыі сцен, зроблены ўнутраны рамонт кабінетаў, санвузлоў, заменены вокны і дзверы. Абсталяваны выставачная і харэаграфічная залы і куток для адпачынку бацькоў. Для бяспекі зманціравана аўтаматычная пажарная сігналізацыя.

На будаўніча-мантажныя
работы было накіравана больш за Br545 тысяч. На набыццё мэблі, абсталявання і інвентару — Br83,4 тысячы. Жыхары Мазыра частку сродкаў сабралі на суботніку — 8% ад агульнага кошту ўсіх выдаткаў. Гэтыя грошы пайшлі на набыццё мэблі і неабходнага інвентару.

На першым паверсе цяпер размясціўся гаспадарчы цэнтр з гардэробам і касцюмернымі, на другім і трэцім — прастора для творчасці выхаванцаў, чацвёрты адведзены пад адміністрацыю. Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі складаецца з больш як 1700 філіялаў. У гэтым навучальным годзе ў ім упершыню пачалі работу з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Створана таксама пастаянная экспазіцыя дзіцячай творчасці і відаў рамёстваў Палесся.

— Упэўнены, пры такім высокім патэнцыяле і дзякуючы створаным камфортным умовам для работы і творчасці, юныя мазыране будуць і далей развіваць свае таленты, пакараць новыя вяршыні, праслаўляць рэгіён і краіну сваімі поспехамі, — падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.