Усе ўмовы для вучобы і самаразвіцця

Ва ўстановах прафесійнай адукацыі Магілёўскай вобласці зладжана ідзе ўступная кампанія. Сваіх будучых навучэнцаў чакаюць у 25 прафесійных ліцэях і каледжах.

— Жадаючым атрымаць прафесію прапануецца навучанне па 43 спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і 41 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Кваліфікацыі ахопліваюць усе галіны эканомікі і сацыяльнай сферы. У адпаведнасці з запытамі сучаснага рынку працы сёлета адноўлена падрыхтоўка па прафесіях вальшчык лесу, аператар швейнага абсталявання, кантралёр якасці, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачата падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання”. Усяго плануецца правесці прыём 3380 чалавек для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, з іх 629 — на вячэрнюю форму навучання. Для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць на навучанне 2213 чалавек, з іх за кошт сродкаў бюджэту — 1733, — паведаміў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі МДАІРА В.Г.Талсціхін.

Усе ўстановы прафесійнай адукацыі намераны на­браць даведзеную колькасць першакурснікаў. Гэтаму павінна істотна паспрыяць значная прафарыентацыйная работа, цеснае супрацоўніцтва з арганізацыямі і прадпрыемствамі. Напрыклад, у дзяржаўным прафесійным ліцэі № 9 Магілёва планы набору складаюць толькі зыходзячы з маніторынгу рынку працы і ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў.

— Мы рэгулярна абнаўляем спецыяльнасці, цесна працуем з арганізацыямі, назіраем за патрэбнасцю ў тых ці іншых рабочых. У гэтым годзе пашырылі набор на спецыяльнасць “Апрацоўчыя і будаўнічыя работы”, а таксама адкрылі новую кваліфікацыю “слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў”. Усяго плануем набраць на навучанне 186 маладых людзей. Планы набору, як правіла, выконваем. Апошнія пяць гадоў наш ліцэй з’яўляецца адной з лепшых устаноў ПТА вобласці. А па выніках конкурсу Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва мы ўжо сем гадоў у лідарах сярод навучальных устаноў краіны, якія рыхтуюць рабочых будаўнічых спецыяльнасцей. Нашы выпускнікі вельмі запатрабаваныя. На 140 чалавек выпуску гэтага года было 320 заявак ад прадпрыемстваў. Ліцэй вядомы не толькі сярод магілёўскай моладзі. Падлеткі даведваюцца пра нас дзякуючы сістэмнай прафарыентацыі, у якой мы задзейнічаем розныя інавацыйныя формы работы, інтэрнэт-рэсурсы, — расказала дырэктар ліцэя В.Я.Правашынская.

Дарэчы, у ліцэй № 9 маладыя людзі ідуць не толькі дзеля навучання перспектыўнай прафесіі. Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для самаразвіцця моладзі.

— У нас шырокія магчымасці для дадатковай адукацыі. У вячэрні час можна атрымаць яшчэ адну прафесію, пералік якіх фарміруецца зыходзячы менавіта з запытаў вучняў. У рамках пазаўрочнай занятасці маладыя людзі мо­гуць развіваць свой творчы і спартыўны патэнцыял. Важна, што да кожнага навучэнца мы стараемся знайсці індывідуальны падыход. Упэўнены, што ўсе па-свойму таленавітыя, таму ўсю сістэму выхаваўчай работы будуем на стварэнні сітуацыі поспеху для кожнага падлетка. Стараемся раскрыць патэнцыял сваіх навучэнцаў, дапамагчы ім чагосьці дасягнуць. У выніку на выхадзе з ліцэя нашы выпускнікі і сацыяльна адаптаваныя, і прафесійна падрыхтаваныя. Напэўна, дзякуючы ўсім падыходам у комплексе, учарашнія школьнікі пра нас добра ведаюць і ахвотна да нас ідуць. На некаторыя спецыяльнасці нават назіраецца конкурс, — падкрэсліла Вольга Яўгенаўна.

Заўсёды з конкурсам праходзіць набор і ў Магілёўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. У гэтай навучальнай установе разумеюць, што сёння на рынку працы патрэбны спецыялісты і рабочыя, якія могуць эксплуатаваць складанае аўтаматызаванае абсталяванне. Таму тут пастаянна ўдасканальваюць матэрыяльную базу, карэкціруюць вучэбныя праграмы, мяняюць пералік спецыяльнасцей, каб адпавядаць сучасным рэаліям.

— Сёлета мы плануем набраць на навучанне 450 маладых людзей. Пералік спецыяльнасцей у нашым каледжы даволі вялікі. Акрамя таго, упершыню праводзіцца набор на новую спецыяльнасць “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання”. Раней у нас была спецыяльнасць “Мехатроніка”, вялася падрыхтоўка рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Зараз жа з’явілася кваліфікацыя “тэхнік-электронік”, і мы адразу адрэагавалі на запыт эканомікі. Набор першакурснікаў ужо завяршаецца. На многія спецыяльнасці конкурс складае фактычна два чалавекі на месца. Мы пастаянна павышаем якасць адукацыі, наша ўстанова — у ліку лепшых у сваім профілі на Магілёўшчыне. Як вынік, сярод абітурыентаў каледж папулярны, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.М.Федаськова.

І сапраўды. Не паспела прыёмная камісія політэхнічнага каледжа пачаць работу, як з’явіліся першыя абітурыенты. Так, Нэлі Балахонава прыехала падаваць сюды дакументы з Лельчыц Гомельскай вобласці.

— Я вельмі доўга і дэталёва выбірала, куды пайсці вучыцца. Політэхнічны каледж падышоў па ўсіх маіх крытэрыях. Тут я знайшла для сябе жаданую спецыяльнасць — “Маркетынг”, і бытавыя ўмовы цалкам задаволілі, — падзялілася дзяўчына.

А вось магіляўчанін Багдан Зайцаў даведаўся аб політэхнічным каледжы ад сяброў, якія тут вучацца.

— Рэкамендацыі сяброў адыгралі сваю ролю. Але галоўнае — у гэтым каледжы знайшоў спецыяльнасць, якая мне падабаецца і на навучанне якой праходжу па балах. Буду паступаць вучыцца на элетратэхніка — прафесія заўсёды запатрабаваная ў грамадстве, — расказаў малады чалавек.

Важна, што абсалютна ўсе навучэнцы політэхнічнага каледжа пры неабходнасці забяспечваюцца месцам у інтэрнаце. Ва ўстанове таксама ёсць усё неабходнае для таго, каб маладыя людзі маглі развіваць свае таленты і здольнасці.

— Гэтаму моманту мы ўдзяляем вялікую ўвагу. Як вынік — нашы навучэнцы пастаянна ў лідарах на самых прэстыжных спаборніцтвах і конкурсах, у тым ліку і прафесійнага майстэрства, — заўважыла Маргарыта Міхайлаўна. — Адметна, што ў нашых навучэнцаў таксама ёсць магчымасць паступова павышаць свой адукацыйны ўзровень. Усе спецыяльнасці інтэгруюцца паміж сабой. Паступіўшы на ўзровень ПТА, у далейшым малады чалавек можа працягнуць навучанне на ўзроўні ССА, а пры жаданні і атрымаць вышэйшую адукацыю, бо ў нас наладжаны цесныя сувязі са многімі УВА.

Наогул, абсалютна ва ўсіх установах прафесійнай адукацыі Магілёўшчыны створаны ўсе ўмовы і для паўнавартаснай прафесійнай падрыхтоўкі, і для развіцця індывідуальных якасцей, творчых здольнасцей, спартыўных навыкаў навучэнцаў. Моладзі, якая робіць выбар на ка­рысць рабочай прафесіі, шкадаваць пра гэта дакладна не давядзецца.

НА ЗДЫМКАХ: прыёмная кампанія ў Магілёўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы і дзяржаўным прафесійным ліцэі № 9 Магілёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.