Усе ўмовы, каб працаваць і развівацца

- 9:00Планёрка ў рэгіёне

Снежаньскія клопаты начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага райвыканкама Алены Кірганавай традыцыйныя. Пачынаецца акцыя “Нашы дзеці”, і зараз ідзе падрыхтоўка да абласнога балю, які 23 снежня пройдзе ў Гомелі.

— Нашы школьнікі таксама паедуць на абласную і рэспубліканскую ёлкі. 29 снежня ў нас пройдзе раённая дабрачынная ёлка. Да ўдзелу ў ёй мы прыцягваем спонсараў: арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы раёна. Клопатам і падарункамі імкнёмся максімальна ахапіць дзетак з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў, сірот, тых, хто знаходзіцца пад апекай… Адначасова рыхтуемся да раённага фестывалю “Калядныя сустрэчы”, ініцыятарам якога выступае наш аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Думаем, зімовыя канікулы ўсім дзецям Нараўляншчыны запомняцца прыемнымі сюрпрызамі.

Нараўлянскі раён многім вядомы як “чарнобыльскі”. Тут у 2021/2022 навучальным годзе працуе сем школ і гімназія. У іх 271 педагог выкладае 1259 школьнікам. У дашкольных установах выхоўваецца 457 дзетак.

— Алена Іванаўна, цяпер па­дводзяцца вынікі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Каго накіроўваеце на абласны этап?

— Восем навучэнцаў з Нараўляншчыны прымуць у ім удзел. Перавагу аддаём прадмету “Працоўнае навучанне”. Такая спецыфіка нашага малакамплектнага рэгіёна — дзеці заканчваюць 9 класаў і потым пакідаюць школу, паступа­юць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Сёлета ў нас два адзінаццатыя класы, а летась быў толькі адзі­н. Яго выпускнікі, дарэчы, паступілі ў самыя прэстыжныя ўніверсітэты краіны. І гэта не выпадковасць: у 2020/2021 навучальным годзе наш раён па выніках ЦТ заняў першае месца на Гомельшчыне. Што тычыцца падрыхтоўкі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, у Нароўлі ёсць ліцэй такога профілю. Частка дзяцей пасля заканчэння 9 класа працягвае навучанне менавіта ў ім.

— Пакуль што не пакідае нас кавід. Як навучыліся жыць у спецыфічных супраць­эпідэмічных умовах?

— Людзі адаптаваліся і прывыклі працаваць у сітуацыі пастаяннага самакантролю. Неабходныя супрацьэпідэмічныя меры ва ўсіх установах адукацыі строга выконваюцца. Санітарная служба маніторыць за тыдзень мінімум дзве ўстановы адукацыі. Правяраюць не толькі актуальную эпідсітуацыю, але і правядзенне супрацькавідных мерапрыемстваў, харчаванне, здароўезберагальныя мерапрыемствы… Між тым у нас вакцынавана больш за 73% работнікаў сферы адукацыі. Гэтая тэма знахо­дзіцца на пастаянным кантролі. Ёсць у людзей разуменне, і многія сёння падыходзяць да рэвакцынацыі. Я сама два тыдні назад рэвакцынавалася і ўсіх да гэтага заклікаю.

— Як замацоўваеце кадры ў рэгіёне?

— Ва ўстановы адукацыі Нараўляншчыны ў гэтым навучальным годзе прыбылі 17 маладых спецыялістаў. 12 з іх — ураджэнцы раёна. Калі малады спецыяліст нам вельмі патрэбны, імкнёмся пераканаць педагога заклю­чыць кантракт на пяць гадоў з выплатай 200 базавых велічынь. А ўлічваючы статус маладога спецыяліста, дадаецца яшчэ 60 базавых велічынь. Такім чынам, адначасовая выплата маладому спецыялісту складае 260 базавых велічынь. Сёння гэта 7540 рублёў. Прадастаўляем арэнднае жыллё з ільготнай аплатай на перыяд работы ў галіне. Да таго ж маладыя спецыялісты могуць узяць ільготны крэдыт на працягу першых двух гадоў работы. Гэта вельмі добрае стымуляванне маладых людзей. Калі паўторна заключаецца кантракт яшчэ на пяць гадоў — маладому спецыялісту выплачваецца 300 базавых велічынь.

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага райвыканкама стаў пераможцам абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў у 2020/2021 навучальным годзе сярод аддзелаў адукацыі ў падведамасных установах, дзе вучыцца і выхоўваецца да 4 тысяч дзяцей.

— Алена Іванаўна, якія праблемы хвалююць вас як начальніка сёння?

— У раёне створаны цудоўныя ўмовы для таго, каб працаваць і развівацца, але, на жаль, штогод зніжаецца колькасць дзяцей. Дэмаграфічная сітуацыя па статыстыцы выглядае куды лепш, чым на самай справе. На Нараўляншчыне зарэгістравана значна больш дзяцей, чым рэальна пражывае. Рэгіструюць іх тут, у “чарнобыльскім” раёне, для таго, каб атрымліваць дзіцячыя дапамогі па нараджэнні значна большыя, чым звычайныя. Людзі карыстаюцца дзяржаўнымі грашыма неабгрунтавана. Мы ведаем вельмі многа такіх прыкладаў, але ж паўплываць на сітуацыю не можам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.