Усе зараджаны, усе нацэлены, усе гатовы выканаць пастаўленыя задачы

Тэставыя спаборніцтвы да II Еўрапейскіх гульняў пачнуцца ў жніўні. Аб гэтым паведаміў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук.

Міністр расказаў аб ступені гатоўнасці краіны да правядзення маштабнага спартыўнага мерапрыемства. “Ужо ў жніўні пачынаюцца тэставыя спаборніцтвы, многія аб’екты гатовыя да правядзення, некаторыя яшчэ “дашліфоўваюцца”, — адзначыў Сяргей Кавальчук. — Падрыхтоўка ідзе планамерна. Ёсць план, ёсць людзі, усе хочуць, каб мы паказалі “тавар у наяўнасці”, паказалі краіну ў першую чаргу, паказалі вынікі ў спорце. Што больш галоўнае з гэтага, мне цяжка вызначыць. Як спартыўнаму функцыянеру, напэўна, лепш, каб вынікі ў спорце былі добрыя, але як чалавеку дзяржавы важна і краіну нашу паказаць людзям, якія прыедуць на гэтыя Еўрапейскія гульні. Усе зараджаны, усе нацэлены, усе гатовы выканаць пастаўленыя задачы”.

Адказваючы на пытанне аб масавай фізічнай культуры і выніках у вялікім спорце, міністр падкрэсліў важнасць абодвух напрамкаў. “Масавы спорт таму вельмі важны, што гэта здароўе людзей, усёй нацыі. Чым больш людзей будуць займацца рознымі відамі спорту, тым больш яны будуць адцягнуты ад нейкіх негатыўных момантаў, якія ў жыцці існуюць. А вынік у спорце — наш гонар. Мы прадстаўляем інтарэсы краіны, паказваем сябе на сусветнай арэне, мы параўноўваем сябе з іншымі краінамі і дэманструем, на што мы здольныя. У нас вельмі шмат у краіне таленавітых, маладых, адораных спартсменаў, якія гатовы паказваць гэтыя вынікі”, — рэзюмаваў Сяргей Кавальчук.

II Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года на 12 спартыўных аб’ектах. Больш за 4000 атлетаў з 50 краін разыграюць 201 камплект узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў 10 відах спорту стануць кваліфікацыйнымі да летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *