Усе зоркі — у “Галактыцы”

На базе гімназіі № 1 Іўя другі год запар працуе 9-дзённы дзіцячы аздараўленчы летнік з кругласутачным знаходжаннем “Галактыка”. Сюды прыязджаюць вучні з усіх школ раёна. У летніку дзеці развіваюць інтэлектуальныя, спартыўныя, творчыя здольнасці, атрымліваюць новыя веды, знаходзяць сяброў.

З першага дня ўдзельнікі летніка становяцца зоркамі — падарожнікамі, якія вандруюць, наведваючы розныя планеты.

Першай на іх шляху была планета Знаёмстваў, дзе прайшлі адаптацыйныя і спартыўныя гульні, сустрэча з інспектарам РАНС В.Г.Марушэўскім, дыскатэка.

У другі дзень выхаванцы трапілі на планету Эканомікі. Дзеці наведалі Беларусбанк, дзе даведаліся пра розныя віды пластыкавых картак, работу розных фінансавых структур. У канцы дня адбылася фінансавая алімпіяда.

Наступныя планеты — Падарожжаў і Добрага настрою — гасцінна запрасілі выхаванцаў у дом-музей Адама Міцкевіча, 220-гадовы юбілей якога адзначаецца ў снежні гэтага года. Пазней — на экспазіцыю Музея яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку, прысвечаную гераічнаму змаганню яўрэяў у час Вялікай Айчыннай вайны. Прадоўжылася падарожжа адпачынкам на беразе славутага возера Свіцязь, пра якое так часта пісаў А.Міцкевіч у сваіх баладах.

На планетах Талерантнасці і Патрыётаў былі падрыхтаваны цікавыя інтэрактыўныя сустрэчы ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур, а таксама экскурсія па “Залатым кальцы Іўеўшчыны”. Дзеці даведаліся шмат цікавага з гісторыі роднага раёна, асабіста пазнаёміліся з мясцовымі краязнаўцамі А.І.Смалянічэнка, А.М. Ігліцкім, што правялі іх па вёсках Геранёны і Жамыслаўль.

На планеце Адкрыццяў выхаванцы наведалі інфармацыйны цэнтр БелАЭС у Астраўцы, убачылі на свае вочы, як будзе працаваць атамная станцыя, і нават змаглі выпрацаваць электраэнергію… на веласіпедах. Не абышлі бокам і Гальшанскі замак, дзе пачулі легенды пра Чорнага манаха і Белую даму. Шмат уражанняў пакінуў касцёл у Гервятах, які называюць беларускім Нотр-Дамам.

Апошняй была планета Развітанняў: дзеці працавалі ў творчай майстэрні “Мы ў “Галактыцы”, дзе адлюстравалі ўсе 9 дзён змены. І хоць час праляцеў хутка, у памяці надоўга застануцца і спартыўныя гульні, і спаборніцтвы, і вячэрняе вогнішча сяброў, і шматлікія сустрэчы, і экскурсіі.

Георгій ГАГАРЫН,
дырэктар летніка “Галактыка”;
Галіна БАЛУНДА,
старшы выхавальнік.