Усеабдымная мова

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. 21 лютага ЮНЕСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы, каб папярэдзіць знікненне асобных моў свету і захаваць моўную разнастайнасць.

Члены клуба ЮНЕСКА “Рунь” і навучэнцы Рагачоўскага педагагічнага каледжа не змаглі застацца абыякавымі і правялі шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты і аб’яднаных у квэст-акцыю “Захоўваць і паважаць родную мову — значыць захоўваць і паважаць усе мовы”. Клуб актыўна ўключыўся ў святкаванне. Інфармацыйная сцяна “Мову родную беражы! Мовай роднай даражы!” захапіла ўсіх. Вынікі паказалі, што самыя любімыя словы — “калі ласка”, “цудоўна”, “сябры”, “дзякуй”, ”дабранач”.

Група членаў клуба вырашыла праверыць узровень ведаў беларускай мовы рагачоўцаў. Дзяўчаты выйшлі на вуліцы горада і прапанавалі жыхарам горада перакласці словы з рускай мовы на беларускую. Хто адказваў правільна, атрымліваў цукеркі з падзякай.

Для навучэнцаў першага курса была арганізавана квэст-гульня “Мая родная мова — мова дружбы”. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнікаў чакалі розныя цікавыя заданні на творчых пляцоўках. Спаборнічалі ведамі ў мове і літаратуры. Пераможцы атрымалі дыпломы. Са сцэны актавай залы гучалі вершы беларускіх паэтаў, радавалі прысутных і выканаўцы беларускіх песень. Напрыканцы ўсе мерапрыемствы дня аб’ядналіся флэшмобам “Абдымемся па-беларуску” і слоганам “Беларуская мова — усеабдымная, бо мова ахоплівае ўсё”.

Вера НАВУМАВА,
куратар клуба ЮНЕСКА “Рунь”
Рагачоўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа.