Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы прымае байцоў

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Трэці працоўны семестр на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі стартуе 11 ліпеня, паведамілі ў Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў.

Праграма мерапрыемства, у якім прыме ўдзел зводны беларуска-расійскі студэнцкі будаўнічы атрад, уключае ўрачыстую цырымонію ўручэння сімвалічных працоўных пуцёвак лінейным студатрадам, майстар-класы, наведванне аб’ектаў работы моладзі. “Першыя будаўнічыя атрады прыбылі на Усебеларускую маладзёжную будоўлю ў Астравец 4 ліпеня. Работу зводнага беларуска-расійскага студэнцкага атрада Саюзнай дзяржавы, у складзе якога будуць працаваць больш за 350 чалавек, плануецца арганізаваць па 24 жніўня ўключна. Ім давераць выконваць электра- і цепламантажныя работы, геадэзічную здымку, агульнабудаўнічыя і аддзелачныя работы”, — адзначылі ў штабе.

У свабодны ад работы час для маладых людзей будуць арганізаваны спаборніцтвы па валейболе, стрытболе, турніры па міні-футболе, настольным тэнісе, шахматах, конкурсы цалінных лагераў, акцыі, накіраваныя на прафілактыку негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, экскурсіі.

Статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ўзводзімым аб’ектам Беларускай атамнай электрастанцыі прысвоены ўказам кіраўніка дзяржавы ад 10.03 2014 года “Аб маладзёжных будоўлях”. За чатыры працоўныя семестры тут адпрацавалі 142 лінейныя студэнцкія будаўнічыя атрады агульнай колькасцю 1880 чалавек. Як расказалі ў штабе, традыцыйна набор байцоў для работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі праходзіць на конкурснай аснове з улікам узросту (з 18 гадоў), стану здароўя, існуючай будаўнічай спецыяльнасці не ніжэйшай за 2—3 разрад, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Самымі запатрабаванымі на будоўлі ўсе гэтыя гады былі прафесіі муляра, бетоншчыка, арматуршчыка-бетоншчыка, цесляра-бетоншчыка, геадэзіста, маляра і электрамантажніка.