Усенароднае свята прызнання заслуг і поспехаў

Якім будзе чалавек, у многім залежыць ад таго, якія ўрокі ён атрымаў у дзяцінстве. Праз усё сваё жыццё мы праносім не толькі веды, але і тыя каштоўнасці, жыццёвыя ўстаноўкі, што нясуць нам педагогі. Таму настаўніцкая прафесія назаўсёды застанецца самай пачэснай, а настаўніцкае свята — адным з самых значных. Сёлета яго традыцыйна адзначалі ў кожнай установе, а цэнтральным мерапрыемствам стаў святочны вечар, які адбыўся ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. На свята прыехалі педагогі з усіх абласцей і сталіцы нашай краіны.

Штодзень настаўнікі ўваходзяць у клас, выхавальнікі спяшаюцца ў групу да дзетак, выкладчыкі даюць веды ў аўдыторыях УВА, каледжаў і ліцэяў, супрацоўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі клапоцяцца пра дзяцей у пазаўрочны час, кіраўнікі ўстаноў адукацыі дбаюць пра дабрабыт устаноў і іх калектываў. Але ва ўрачысты вечар яны адклалі ўбок сшыткі, планы і справаздачы, каб акунуцца ў атмасферу свайго заслужанага свята.

Перад пачаткам мерапрыемства міністр адукацыі пагутарыў з журналістамі пра перспектывы развіцця сістэмы адукацыі. Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што асаблівая ўвага будзе ўдзелена рабоце з таленавітай моладдзю і адоранымі дзецьмі.

— У стадыі ўзгаднення знаходзіцца ўказ па адкрыцці дзіцячага навукова-тэхналагічнага парка, — расказаў І.В.Карпенка. — Мы хочам паглядзець на гэтую тэму з пункту гледжання ранняй прафарыентацыі. Пагрузім дзіця ў тэматыку будучых прафесій, прафесійна-вытворчай дзейнасці, з якой яму прыйдзецца сустрэцца, скончыўшы школу.

Таксама міністр паведаміў, што ў нашай краіне ў рамках эксперымента з’явіцца школа міжнароднага бакалаўрыята, дзе шэраг прадметаў будзе выкладацца на замежнай мове. Быў вывучаны вопыт іншых краін у гэтым кірунку, і зараз распрацоўваецца такі праект для Беларусі. Гэтае, а таксама іншыя ноу-хау закладзены ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, які зараз праходзіць экспертызу ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі.

Міністр звярнуў увагу, што заўсёды актуальнай застаецца і работа над паляпшэннем умоў працы педагогаў, у прыватнасці гэта тычыцца павышэння заработнай платы. Міністэрствам адукацыі ўжо ўнесены прапановы ў Савет Міністраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па паэтапным павышэнні заработнай платы да 2025 года. Пэўныя крокі ўжо зроблены, і яны будуць прадоўжаны, як і работа па павышэнні прэстыжу прафесіі.

— Радуе, што апошнім часам мяняюцца да лепшага адносіны грамадства, — падзяліўся меркаваннем І.В.Карпенка. — З’явілася шмат публікацый пра настаўнікаў-наватараў, прыклады цікавых педагагічных знаходак. І сёння мы будзем узнагароджваць плеяду педагогаў, якія дасягнулі высокага ўзроўню творчасці ў выкладанні свайго прадмета і выхаванні грамадзян нашай краіны.

Педагогі ўзняліся на сцэну Вялікага тэатра, каб атрымаць заслужаныя высокія ўзнагароды.

Дзень настаўніка — усенароднае свята прызнання заслуг і поспехаў настаўнікаў. Пра тое, наколькі значная і маштабная гэтая падзея, наколькі высока цэніцца педагагічная праца і наколькі важная яна для розных сфер жыццядзейнасці чалавека, сведчыць шырокае кола ганаровых гасцей, якія прыйшлі на свята. У зале прысутнічалі Максім Ула-дзіміравіч Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Ігар Віктаравіч Петрышэнка, намеснік прэм’ер-міністра краіны, Валерый Анатольевіч Малашка, міністр аховы здароўя, Ірына Анатольеўна Касцевіч, міністр працы і сацыяльнай абароны, Сяр гей Міхайлавіч Кавальчук, міністр спорту і турызму, Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, міністр інфармацыі, Ірына Уладзіміраўна Дрыга, першы намеснік міністра культуры, Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, старшыня Прэзідыума НАН, Аляксандр Генадзьевіч Шумілін, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Генадзь Мікалаевіч Балбатоўскі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, Леанід Паўлавіч Гуляка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Генадзь Браніслававіч Давыдзька, старшыня РГА “Белая Русь”, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін, прадстаўнікі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, прафсаюзнай арганізацыі і іншых дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў.

М.У.Рыжанкоў павітаў педагогаў і зачытаў віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І.В.Петрышэнка пажадаў настаўнікам здароўя, шчасця і таленавітых вучняў, якія дасягнулі б лепшага і большага для нашай краіны. І.В.Карпенка падзякаваў педагогам за працу, за разуменне і камандны дух. Міністр адукацыі перакананы, што з такой камандай любая справа пад сілу. У гэты вечар было многа цёплых слоў, прыгожых кветак, а завяршыўся ён шыкоўным творчым падарункам ад Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і Ягора ПАЎЛЮШЧЫКА (БелТА).

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *