Ушацкія вучні ў ліку лепшых

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Традыцыйна напружанымі выдаліся вясеннія канікулы для вучняў, якія прымаюць удзел у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Наш Ушацкі раён Віцебскай вобласці невялікі, і тым больш прыемна, што два вучні Ушацкай сярэдняй школы вярнуліся дадому з дыпломамі.

Адзін з іх, вучань 11 класа Павел Гардзіёнак, другі год запар з’яўляецца ўладальнікам дыплома ІІІ ступені па нямецкай мове на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, а на працягу трох гадоў становіцца пераможцам абласнога этапу. Летам 2016 года выступленне Паўла высока адзначылі не толькі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, але і пасол Германіі ў нашай краіне. Хлопец атрымаў прыз інстытута Гётэ — удзел у Міжнароднай праграме па навучанні нямецкай мове ў Германіі. І сёлета Павел таксама быў адзначаны дадатковай узнагародай: яму ўручаны спецыяльны прыз ад Міністэрства адукацыі. “Усе заданні мне былі па сілах, думаю, што выступіў годна, — падзяліўся ўражаннямі Павел. — Але найбольш уразіла вуснае выказванне на тэму “Мая малая радзіма”, дзе я распавядаў пра ўшацкую зямлю, багатую такімі песнярамі роднага слова, як В.Быкаў, П.Броўка, Р.Барадулін”. Радасць чарговых дасягненняў падзяліла са сваім вучнем настаўніца нямецкай мовы Людміла Іванаўна Данькова, якая на працягу чатырох гадоў натхняла яго на перамогі і ўсяляла ўпэўненасць. “Перамога вучня — гэта адна з галоўных мэт кожнага настаўніка, — падкрэслівае Людміла Іванаўна. — Але вынік прыходзіць не адразу. І які стымул для далейшай работы педагога, калі бачыш бліскучыя поспехі свайго вучня, да якіх ішлі маленькімі крокамі на працягу некалькіх гадоў”.

Спадзяёмся, што і другі вучань нашай школы Леанід Давыдаў працягне папаўняць скарбонку дыпломамі і праслаўляць сваю альма-матар. Вучань 10 класа таксама стаў уладальнікам дыплома III ступені: паказаў бліскучыя веды па хіміі. Існуе меркаванне, што алімпіяда — гэта трэніроўка розуму, інтэлектуальнае спаборніцтва, на якім вучням трэба паказаць, па-першае, веды па прадмеце, а па-другое, уменне прымяніць гэтыя веды на практыцы. І Леанід паспяхова вырашыў гэтую задачу: не толькі прадэманстраваў тэарэтычныя веды, але і прымяніў іх на практыцы, паказаў уменне творча думаць, логіку і кемлівасць. Але такія вынікі невыпадковыя, паколькі за перамогай стаіць вялікая штодзённая праца Леаніда на працягу некалькіх гадоў: індывідуальныя заняткі з настаўнікам (нават падчас летніх канікул!), удзел у інтэлектуальных конкурсах, а таксама заняткі на курсах дыстанцыйнага навучання Ліцэя БДУ, удзел у вучэбных зборах па падрыхтоўцы вучняў да ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Школьнік, у сваю чаргу, выказвае шчырыя словы падзякі настаўніцы Ларысе Аркадзьеўне Струй, якая змагла захапіць яго сваім прадметам, навучыла самастойна мысліць і дасягаць пастаўленай мэты.

Таццяна КРАХОТКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ушацкай сярэдняй школы.
Фота Максіма КАШКО.