Ушанавалі алімпійцаў

- 14:49Рознае, Спартыўныя падзеі

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў, у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова прайшло ў асабліва ўрачыстай атмасферы. У ВНУ не толькі павіншавалі з пачаткам новага навучальнага года сваіх студэнтаў, але і ўшанавалі сярэбраных прызёраў летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра — Дар’ю Навумаву і Вадзіма Стральцова.

Ва ўніверсітэце асабліва ганарацца дасягненнямі менавіта гэтых спартсменаў, таму што Дар’я зараз з’яўляецца студэнткай 3 курса факультэта фізічнага выхавання, а Вадзім не так даўно стаў выпускніком гэтага ж факультэта.

— Таленавітай моладзі ў нашай ВНУ аказваецца ўсялякая падтрымка. Шмат увагі ўдзяляецца таксама правядзенню фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. Вынік гэтай дзейнасці — поспехі студэнтаў на разнастайных творчых і інтэлектуальных конкурсах, а таксама прэстыжных спартыўных спаборніцтвах. Нядаўнія бліскучыя выступленні на Алімпійскіх гульнях Дар’і Навумавай і Вадзіма Стральцова перапоўнілі пачуццём гордасці за нашу краіну, — адзначыў рэктар МДУ Канстанцін Бандарэнка.
Выказаўшы словы падзякі алімпійцам за ўклад у развіццё спорту, Канстанцін Міхайлавіч уручыў ім ганаровыя граматы ўніверсітэта і падарункі. Сваю ўдзячнасць прызёрам Алімпійскіх гульняў выказалі і ўсе прысутныя ў зале. Выкладчыкі і студэнты ВНУ віталі іх стоячы і бурнымі апладысментамі.

— Я шчыра дзякую педагогам універсітэта, бо ў нашых сённяшніх дасягненнях ёсць і іх заслуга, — сказаў у час цырымоніі ўзнагароджання Вадзім Стральцоў.

А Дар’я Навумава, звяртаючыся да прысутных, дзякавала за падтрымку, якая надавала ёй сіл на шляху да перамогі. Дзяўчына таксама павіншавала ўсіх з пачаткам новага навучальнага года і пажадала поспехаў у дасягненні пастаўленых мэт.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.