Ушанавалі знакамітага земляка

Наша ўстанова адукацыі знаходзіцца ў аграгарадку Малі. Менавіта тут, у маёнтку Малі, размешчаным паблізу Астраўца, прайшлі апошнія гады жыцця Іосіфа Гашкевіча, першага расійскага консула ў Японіі.

Іосіф Гашкевіч — выхадзец з Беларусі, расійскі дыпламат, місіянер і ўсходазнавец. Вучоны вядомы як аўтар першага японска-рускага слоўніка, лаўрэат поўнай Дзямідаўскай прэміі і залатога медаля. Піянерская дружына ўстановы носіць імя Іосіфа Гашкевіча.

Дзякуючы ўдзелу і перамозе ў конкурсе дабрачынных праектаў АТ ІК “АСЭ” (Расійская Федэрацыя), на які быў прадстаўлены праект пад назвай “Наш зямляк І.Гашкевіч — першы расійскі консул у Японіі”, нам удалося абнавіць экспазіцыю, прысвечаную І.Гашкевічу, распрацаваць і пачаць праводзіць экскурсіі ўжо зусім у новым фармаце.

Экскурсія ўключае ў сябе знаёмства з экспазіцыяй “Наш зямляк І.Гашкевіч — першы расійскі консул у Японіі”, прагляд відэафільма “Адысей з Беларусі”, выраб арыгамі “Жураўлік” — сімвала шчасця, наведванне памятнага знака, прысвечанага І.Гашкевічу, работы беларускага скульптара Р.Б.Грушы ў аграгарадку Малі, экспазіцыі ў сельскай бібліятэцы і ліпавай прысадзе, дзе раней стаяла сядзіба І.Гашкевіча. Кожны госць атрымлівае памятны падарунак — магнітны сувенір.

Вельмі радуе, што такая работа актывізавалася ў рамках Года малой радзімы. Спадзяёмся, што нашы экскурсіі дапамогуць дакрануцца да культуры, акунуцца ў гісторыю сваёй малой радзімы і чарговы раз адчуць гонар за сваю краіну.

Іна САЛДАЦЕНКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Мальскага дзіцячага сада — пачатковай школы Астравецкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *