Ушацкая хваля — 2

- 13:50Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

“Рабі сябе сам!” Менавіта гэтае выказванне стала дэвізам настаўніцкага эдутона “Ушацкая хваля”, які ўжо другі год запар сустракаў гасцей.

Гасціннасць ушацкай зямлі, сонечныя дні і прага творчай прадукцыйнай працы — вось што кіравала тымі, хто ехаў на эдутон з розных куткоў нашай Радзімы: з Мінска, Бабруйска, Маладзечна, Варапаева, Полаччыны, Светлагорска.

Настаўніцкі нонканфармізм у сукупнасці з натхненнем і жаданнем вучыцца — гэта тое, што лягло ў аснову мерапрыемства. Жаданне, імпэт, энтузіязм, канечне, важныя фактары, але без дасканалай арганізатарскай часткі не абыдзецца ніводнае мерапрыемства, і тут вялікую ролю адыгралі не толькі гаспадары эдутона — настаўніцкі клуб “Інсайт” на чале з Вольгай Жыткай і Ушацкі раённы аддзел па адукацыі, але і дапамога сяброў. 

Фармат мерапрыемства традыцыйны: ёсць педагагічная ідэя — выходзь і прэзентуй, няма — далучайся да іншых. “Галасаванне нагамі” — яшчэ адна фішка — вызначыла 5 каманд, якія рыхтуюць 5 праектаў рознай накіраванасці. Не абышлося без сюрпрызаў: у гэтым годзе ўдзельнікі выстаўлялі балы праектам, каб выбраць пераможцу, які, згодна з умовамі, атрымаў каштоўны падарунак, што дапаможа ў рэалізацыі праекта. 

Нягледзячы на вопыт і майстэрства настаўнікаў, пакінуць іх без належнай увагі, сам-насам са сваімі праектамі арганізатары не маглі, таму была забяспечана ментарская падтрымка з боку гаспадароў. Першы дзень работы праляцеў нібы адно імгненне.

Другі дзень эдутона суправаджалі сонечнае надвор’е і бадзёры працоўны настрой — час прэзентаваць тое, над чым вялася руплівая праца. У выніку было прадстаўлена 5 праектаў рознай накіраванасці. Сярод іх, напрыклад, праект для юных вандроўнікаў “Падарожжа для Жорыка”, настаўніцкі клуб “Белая варона”, экалагічны праект “Здубавецце”. Дарэчы, апошні набраў найбольшую колькасць балаў і атрымаў галоўны прыз. Яго аўтары —  настаўнікі Ушацкай школы Алена Марозава і Уладзімір Хамёнак, якія, у адрозненне ад астатніх груп, працавалі дуэтам. 

Мэта праекта-пераможцы — павышэнне матывацыі навучэнцаў да працоўнай дзейнасці, стварэнне новых форм работы ў галіне экалагічнага выхавання, заахвочванне да ўдзелу бацькоў і грамадскасці, а таксама цеснае супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з органамі мясцовай улады і зацікаўленымі арганізацыямі, такімі як ЖКГ, лясгас, МНС, раённая інспекцыя па ахове прыродных рэсурсаў.

 Адным са шляхоў рэалізацыі свайго праекта стваральнікі вызначылі гульнявы элемент, прынцып якога — “гуляй і вучыся”. Дзеля прыкладу быў распрацаваны пілотны экалагічны квест “Наваколле”, які будзе рэалізаваны як агульнашкольнае мерапрыемства ў рамках шостага дня. Падчас квеста ўдзельнікі, а гэта каманды з вучняў і бацькоў, рухаюцца па маршруце, выконваюць заданні на асобных лакацыях, пры гэтым атрымліваюць карысныя экалагічныя веды, а таксама займаюцца зборам смецця і навядзеннем чысціні на тэрыторыі, якая выбрана для правядзення гэтага мерапрыемства. Пераможцы будуць вызначаны па выніках выканання заданняў на лакацыях і па колькасці сабранага смецця. Такім чынам, гуляючы, каманды з вучняў і бацькоў і адпачываюць, і робяць карысную справу па захаванні чысціні навакольнага асяроддзя.

Вольга ЖЫТКАЯ, 
Уладзімір ХАМЁНАК,  
настаўнікі Ушацкай сярэдняй школы Віцебскай вобласці.