Таццяна Вярэціна, кіраўнік валанцёрскага руху “Сэрца на далонях” сталічнай сярэдняй школы № 26, пераканана: добрыя ўчынкі здольны змяніць свет да лепшага, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Гэта працуе!
Валанцёрствам Таццяна Анатольеўна займаецца ўжо больш за 15 гадоў. Першыя крокі па сцежцы добрых спраў яна зрабіла, калі працавала ў сталічнай гімназіі № 61.
— Дакладна не скажу, што тады паслужыла штуршком да дзеяння. Але добра памятаю: першым быў дом дзіцяці № 1, куды мы прыехалі з вучнямі і прывезлі падгузнікі. Калі ўбачыла, што дзеці, не раздумваючы, бралі на рукі малых, абдымалі іх, не палохаліся, што некаторыя былі з сіндромам Даўна, у мяне ўнутры ўсё перавярнулася, — не хаваючы хвалявання, успамінае суразмоўніца.
Сёння яна не толькі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе № 26, але і ідэйны натхняльнік і кіраўнік валанцёрскага руху “Сэрца на далонях”. Усіх добрых спраў і акцый, якія яна правяла са школьнікамі, не пералічыць. Можна прыгадаць іх, гартаючы альбом-гісторыю, які вядуць добраахвотнікі і які штогод дапаўняецца новымі старонкамі. Вось дзеці наведваюць старых у доме-інтэрнаце ў вёсцы Рудня Чэрвеньскага раёна ў рамках акцыі “Хатняе цяпло”, каб перадаць бабулям і дзядулям слоічкі з варэннем і саленнямі, цёплыя рукавіцы, шкарпэткі. Вось прывозяць упакоўкі з кормам у цэнтр часовага ўтрымання бяздомных жывёл на вуліцы Гурскага. У фае школы стаіць вялізная скрыня з назвай акцыі “Працягні руку лапе”. Прыемна, што напаўняецца яна вельмі хутка. Дарэчы, пасля наведвання цэнтра некалькі дзяцей забралі да сябе катоў і сабак. А вось на Вялікдзень валанцёры арганізавалі акцыю “Хатняе цяпло”: прыехалі з падарункамі і кулічамі ў госці да дзетак, якія воляй лёсу апынуліся ў СПЦ Маскоўскага раёна сталіцы…
— У мяне ёсць суполка актывістаў, чалавек 12 з ліку старшакласнікаў. Яны наведваюць класы і расказваюць іншым пра нашы акцыі і праекты. Дзякуючы сацыяльным сеткам Instagram і “УКантакце”, дзе ў нас ёсць свае школьныя старонкі, інфармацыя вельмі хутка распаўсюджваецца і знаходзіць водгук не толькі сярод вучняў і іх бацькоў, але і сярод незнаёмых людзей. Яны далучаюцца да нашых акцый. Гэта сапраўды працуе, — дзеліцца Таццяна Анатольеўна.
У гэтым годзе ўдзельнікі “Сэрца на далонях” сталі пераможцамі мінскай канферэнцыі “Валанцёрства і педагогіка” і атрымалі 1-е месца на другім гарадскім маладзёжным фестывалі “Новы погляд”.
Для яе самой валанцёрская дзейнасць стала неад’емнай часткай жыцця. Пачуццё адказнасці, неабыякавасць і жаданне дапамагчы натхняюць на новыя акцыі.
— Некалькі гадоў назад мы пачалі дапамагаць цэнтру для маладых інвалідаў “Востраў надзеі”. Я спачатку хвалявалася, але дзеці з паразуменнем аднесліся да людзей з псіхічнымі парушэннямі. І нават зладзілі сёлета для іх канцэрт з песнямі, танцамі і салодкімі пачастункамі, — расказвае Таццяна Анатольеўна.
Самая маштабная і кранальная
Шмат гадоў запар падапечнымі “Сэрца на далонях” з’яўляюцца хворыя дзеткі, якія змагаюцца з анкалогіяй. Нават у кавідны час дапамога і падтрымка не спыняліся. Валанцёры збіралі неабходныя рэчы і па традыцыі дастаўлялі іх напярэдадні Каляд ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
— Наша акцыя “Твары дабро!” самая маштабная. З кожным годам да яе далучаецца ўсё больш і больш неабыякавых людзей. Гэта дае нам магчымасць забяспечваць падапечных неабходнымі рэчамі амаль на паўгода. Перш за ўсё гэта сродкі гігіены, цацкі і настольныя гульні, наборы для творчасці, канцылярскія тавары. Актыўны збор пачынаецца ў кастрычніку. І тады мая кватэра ператвараецца ў склад, — з усмешкай расказвае Таццяна Анатольеўна.
Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з дактарамі і псіхолагамі цэнтра, валанцёры ведаюць і пра іншыя патрэбы хворых і таксама імкнуцца іх задаволіць.
— Запыты могуць быць розныя. Адзін год набывалі дарагі крэм, потым — спецыяльнае харчаванне для дзетак, якія перанеслі перасадку касцявога мозгу. Таксама неабходны былі пераносныя столікі, крэсельцы для кармлення. У гэтым годзе адвезлі два невялікія халадзільнікі для захоўвання лекавых сродкаў. Мне патэлефанавала жанчына, маці дваіх дзяцей, і праз слёзы запэўніла, што яна з мужам купіць для нашых падапечных гэтыя халадзільнікі, — падзялілася суразмоўніца.
Адбываюцца і цуды падчас акцыі, калі зусім незнаёмыя людзі перадаюць у цэнтр тэлевізар ці пральную машыну, ноўтбукі, камп’ютарную тэхніку. Але і самы сціплы ўдзел не застаецца без увагі Таццяны Анатольеўны — словы падзякі і фотаздымкі яна размяшчае ў Instagram.
— У мінулым годзе вырашылі аказваць дапамогу і бацькам, якія знаходзяцца побач са сваімі дзеткамі ў РНПЦ. Адвозілі ім крупы, кансервы, гарбату, каву, цукеркі, алей. Да кавіду была магчымасць самім уручаць падарункі хворым дзеткам. І гэта мела вялікі выхаваўчы эфект. Цяпер мы перадаём усё праз бацькоў і супрацоўнікаў. Дарэчы, яшчэ вырашылі закупляць для маленькіх падапечных ягады і садавіну ў рамках акцыі “З клопатам аб жыцці”. У мінулым жніўні завезла некалькі скрынь буякоў. Гэты жнівень не стане выключэннем, — упэўнена валанцёр.
Асобна хочацца сказаць пра добраахвотнікаў, якія раней былі вучнямі Таццяны Анатольеўны. Сёння гэта дарослыя, самастойныя людзі, якія побач і разам з ёй робяць добрыя справы. Яе вучаніца Любоў Яковіна атрымалаадукацыю псіхолага і ўжо некалькі гадоў аказвае дапамогу дзіцячым дамам, стварыўшы дабрачынную арганізацыю “Дары дабро!”. Вольга Мельнікава, якая працавала ў школе № 26 педагогам сацыяльным, перайшла ў школу № 105 і кіруе валанцёрскай ініцыятывай “Разам”.
— Транспартныя пытанні, пагрузку і разгрузку сабраных рэчаў бяруць на сябе мае выпускнікі, учарашнія хлопчыкі і дзяўчынкі, — з гордасцю заўважае суразмоўніца. — Яны з вялікай радасцю знаходзяць час для дапамогі. І ўжо толькі ўсведамляючы гэта, разумееш, што нездарма жывеш на гэтым свеце!
Марына ЖДАНАВА