Усім светам, усім народам

- 15:10Навіны рэгіёнаў

На магіле Рыгора Барадуліна ўстаноўлены “валун сівы і крыж на валуне”.
Менавіта такой была апошняя воля геніяльнага сына Ушаччыны, выказаная ім неаднойчы, у тым ліку ў вершаваных радках. Выкананне запавету для яго землякоў, сяброў і прыхільнікаў таленту стала сапраўды ўсенароднай справай. Магутны валун яшчэ ў ліпені выбралі на радзіме Васіля Быкава, пад Кублічамі.

Калі я адыду, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне.
Засведчыць крыж,
Што адышоў з імшой
Паганец кшчоны,
Уніят душой.
Крумкач, як чорны плач,
На валуне
Спачне, і значыць,
Памяне мяне.
I стрыж, як крыж здранцвелы,
Прамільгне,
Цень студзячы ў труне
На самым дне.
Калі я замаўчу, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне…
Рыгор Барадулін

Вельмі дапамаглі ў ажыццяўленні задумы Ушацкі райвыканкам і асабіста яго старшыня Віктар Родзіч. Праведзены не адзін суботнік па добраўпарадкаванні магілы земляка, дзе прынялі ўд зел практычна ўсе арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Дырэктар інвестыцыйна-будаўнічага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна” Аляксандр Лосеў пасадзейнічаў з дастаўкай каменя ва Ушачы. Чарцяжы падмурка пад валун падрыхтаваў архітэктар Вадзім Пракопчык. Помнік маці, пастаўлены Рыгорам Барадуліным больш за чатыры дзясяткі гадоў назад, вырашана было абавязкова захаваць. І паколькі на ім пазначана “Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна”, то па задумцы скульптара Ігара Засімовіча на валуне разам з выявай крыжа Ефрасінні Полацкай з’явіўся кароткі надпіс “Рыгор Барадулін. Сын. 1935—2014”. Апошні прытулак народны паэт знайшоў на парослым высокімі соснамі пагорку, у самым цэнтры могілак. Падагнаць туды тэхніку немагчыма, і каля 800 вёдраў цэменту, неабходнага для заліцця пліты, людзі перанеслі ўручную. На абедзве магілы паклалі жорны, сабраныя па ўсёй краіне: па народным звычаі, так прынята было ўшаноўваць памяць млынароў або выдатных творцаў. Дарэчы, млынаром быў дзядуля песняра. Ушаччане годна справіліся са складанай задачай: падмурак пад помнік падрыхтавалі. Аднак завяршыць работу сваімі сіламі, перанесці і ўстанавіць камень вагой каля 2,5 тоны было нерэальна. Старшыня райвыканкама Віктар Родзіч, а таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў накіравалі ліст с просьбай дапамагчы на імя міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Вашчанкі, які даручыў пачэсную справу кіраўніку авіяцыі МНС. Ратавальнікі на чале з намеснікам начальніка авіяцыі МНС Тадэвушам Курсевічам справіліся са складанай аперацыяй за лічаныя гадзіны, а непасрэдна з устаноўкай, па сведчаннях відавочцаў, — за некалькі хвілін: верталёт лёгка ўзняў валун у паветра і з ювелірнай дакладнасцю паставіў на месца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму
Ушацкага райвыканкама.