Усім усё аб усім

- 22:34Адукацыйная прастора

Набірае папулярнасць адкрыты абласны анлайн-квіз “Усё аб усім”. Колькасць тых, хто жадае прыняць у ім удзел, расце. У другім такім квізе, праведзеным Гомельскім дзяржаўным абласным палацам творчасці дзяцей і моладзі, 23 камандам было зададзена 20 пытанняў.

Адказаць на іх дапамаглі не толькі выдатныя веды па школьных прадметах, але і агульная эрудыцыя, кемлівасць і пачуццё гумару. Дарэчы, пытанні былі падрыхтаваны кіраўніком клуба інтэлектуальных гульняў “Белая рысь” Леанідам Клімовічам.

Квіз “Усё аб усім” — сучасны фармат каманднага адпачынку, які дазваляе ўспомніць, што такое дух саперніцтва і рызыка, пракачац­ь свае інтэлектуальныя магчымасці і проста выдатна правесці час з карысцю для розуму.

У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам. Першае падзялілі паміж сабой каманды “УМА” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля, “Ластаўкі” гомельскай сярэдняй школы № 33 і “Лаяўчанка” Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В.Казлова. Другое месца — у каманд “Знаўцы” гомельскай сярэдняй школы № 12 і “Пакаленне” гімназіі Буда-Кашалёва. Трэцяе месца занялі каманды “59-ка” гомельскай сярэдняй школы № 59, “Фавор” Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, “Надзея” Красненскай сярэдняй школы Гомельскага раёна і “Непераможныя” Гомельскай Ірынінскай гімназіі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.