Ускладваем кветкі, шануем подзвіг

У чацвер, напярэдадні Дня Перамогі, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі на чале з Ігарам Васільевічам Карпенкам, прадстаўнікі грамадскіх і маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў, вучнёўскага і студэнцкага самакіравання, адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 104 імя Р.Н.Мачульскага Мінска ўсклалі кветкі да мемарыялу на месцы канцлагера “Дразды”.

У святы для нашага народа Дзень Перамогі мы не толькі радуемся мірнаму вясноваму небу, але і ўспамінаем прадстаўнікоў ваеннага пакалення, на долю якіх выпалі неймаверныя выпрабаванні. У гэтыя дні мы аддаём ім даніну павагі — не толькі франтавікам, партызанам, падпольшчыкам, але і тым, каму давялося прайсці праз канцлагеры і хто назаўсёды застаўся ляжаць у беларускай зямлі. Адным з такіх журботных месцаў з’яўляецца тэрыторыя канцэнтрацыйнага лагера “Дразды”, праз які ў першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны прайшло каля 100 тысяч савецкіх ваеннапалонных і 40 тысяч грамадзянскіх асоб, з іх каля 10 тысяч знайшлі тут вечны спачын.

— І ў вучэбным, і ў выхаваўчым працэсе тэма Вялікай Айчыннай вайны — адна з ключавых, таму што няма ніводнай сям’і, якую б не закранула гэтая трагедыя ХХ стагоддзя, калі загінула шмат мірнага і ваеннага насельніцтва. Сіс­тэма адукацыі краіны актыўна працуе над захаваннем гістарычнай памяці. Ва ўстановах адукацыі функцыянуе каля 1470 музеяў, створана 310 пошукавых атрадаў, клубаў, якія займаюцца ўстанаўленнем імён загінулых. Ужо створана каля 200 інтэрактыўных карт у рамках акцыі “Зорачка на карце раёна”, дзе пазначана каля 4 тысяч помнікаў, абеліскаў, пахаванняў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Гэта правільная работа, таму што, як гавораць гісторыкі і спецыялісты-пошукавікі, пакуль апошні салдат не будзе пахаваны і не будзе ўстаноўлена яго імя, вайна не скончыцца. Таму мы і прыехалі сюды, каб ушанаваць памяць землякоў, якія аддалі жыцці за мір на нашай зямлі і яе працвітанне, — паведаміў міністр адукацыі.

Дзякуючы настаўнікам і вучням сталічнай 104-й школы памяць пра людзей, якія загінулі на тэрыторыі канцлагера “Дразды”, беражліва захоўваецца ўжо многія дзесяцігоддзі. Яшчэ ў 1972 годзе па ініцыятыве настаўніка Мікалая Ціханавіча Міхея пачалася пошукавая работа, а ў школе быў створаны музей баявой славы. З работай музея, яго ўнікальнымі экспанатамі (сярод якіх і рэчы, знойдзеныя на тэрыторыі канцлагера) азнаёміўся Ігар Васільевіч Карпенка. Акрамя таго, падчас наведвання школы міністр адукацыі сустрэўся са старшакласнікамі, пагутарыў з імі пра важнасць захавання гістарычнай памяці, адказаў на пытанні, якія хвалююць будучых абітурыентаў, і разам з алімпійскім чэмпіёнам старшынёй Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандрам Багдановічам перадаў школе камплект спартыўнага інвентару.

Мы памятаем пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы шануем гэты подз­віг. І кветкі, якія мы ўскладваем у гэтыя дні да мемарыялаў, з’яўляюцца сведчаннем нашай памяці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.