Усмешка ўдзячнасці, схаваная пад маскай

Выхаванцы Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі не засталіся ў баку ад дабрачынных акцый, якія праводзяцца для медыкаў. Яны спяклі велікодныя кулічы і развезлі іх тым, хто сёння на першым краі барацьбы з небяспечнай інфекцыяй.

Прадпрыемствы, арганізацыі, прыватныя асобы — многія імкнуцца зрабіць свой уклад у агульную справу падтрымкі медыцынскага персаналу. Каб ідэя рэалізавалася, юныя пекары і кандытары, натхнёныя сваімі выкладчыкамі, выйшлі ў начную змену і выпеклі больш за 70 кулічоў. Паўсотні навучэнцаў працавалі зладжана, і абсалютна для кожнага знайшлася праца: хтосьці замешваў цеста, хтосьці выпякаў, хтосьці ўпрыгожваў ці пакаваў. Юным дапамагалі дарослыя — майстар вытворчага навучання Наталля Яфіменка, майстар-кандытар Алена Здановіч, загадчыца цэха Алена Ганчарова.

Кулічы атрымаліся пышнымі і румянымі: іх рабілі з вялікай любоўю, жаданнем аддзячыць урачам за іх цяжкую працу і падарыць ім радасць. Кандытарскія вырабы навучэнцы перадалі медыкам Гомельскай абласной інфекцыйнай бальніцы і падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі № 2. Дарэчы, старшакурснікі ўстановы даставілі салодкія падарункі на асабістай тэхніцы. Цяпер твары ўрачоў і медыцынскіх сясцёр закрыты медыцынскімі маскамі, але было відаць, што ўсмешка свеціцца ў іх вачах.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам кулінарыі.