“Усмешка” запальвае зоркі

- 11:48Нам пішуць

Гульнявая мадэль змены ў аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Усмешка” сярэдняй школы № 1 Дзятлава прадстаўлена як сюжэтна-ролевая. Змена называецца “Зорная краіна”.

Зорная краіна — гэта наш лагер. Усе ўдзельнікі праграмы — запальнікі зорак, якія падарожнічаюць па невядомых сузор’ях зорнай краіны і кожны дзень адшукваюць новыя зоркі, каб стварыць сузор’е ЗДЗЕЦЕЛ, якое ў Год малой радзімы будзе падарункам нашаму гораду Дзятлава ў гонар яго 520-годдзя. Чаму менавіта ЗДЗЕЦЕЛ? Таму што гэта гістарычная назва нашага горада.

Каб запаліліся новыя зоркі, неабходна, каб жыхары зорнай краіны ўмелі бачыць і захоўваць усё добрае вакол, а таксама самі тварылі дабро (гэта словы, учынкі, новыя веды, цікавыя гульні, конкурсы, спаборніцтвы, сустрэчы, экскурсіі, нават смачны абед). У нас сфарміраваны 4 атрады запальнікаў зорак, якія кожны дзень у ходзе “падарожжа” па зорнай краіне, прымаючы актыўны ўдзел у гульнявых праграмах, спартыўных спаборніцтвах, конкурсах, экскурсіях, заўважаюць тое добрае, чаму можна радавацца, самі робяць дабро і гэтым ствараюць умовы для з’яўлення новай зоркі.

У канцы кожнага дня члены атрадаў падчас сумеснага абмеркавання, “запальваючы зорку”, запісваюць на ёй усё самае лепшае, што радавала на працягу дня і што добрае яны зрабілі самі. Зорка пакідаецца ў штабе лагеры. У канцы змены з усіх зорак будзе створана новае сузор’е ЗДЗЕЦЕЛ. У дзень закрыцця змены запісы будуць зачытаныя, і дзеці дакажуць, што “калі зоркі запальваюць, значыць, гэта каму-небудзь трэба”.

А добрага нашы дзеці знайшлі ўжо шмат. Падчас экскурсій пазнаёміліся з гістарычнымі славутасцямі Навагрудка, Слоніма, пабывалі ў Жыровіцкім заасадзе, Вензавецкім лясніцтве, убачылі, як працуе гідраэлектрастанцыя ў пасёлку Гезгалы, пабывалі на Дварэцкім ільнозаводзе — адным з самых буйных льноперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі.

Змена прысвечана Году малой радзімы, таму шматлікія мерапрыемствы былі накіраваны на вывучэнне роднага горада. Цікава прайшла гульня-даследаванне “Мой горад”, падчас якой кожны атрад атрымаў заданне даведацца, якія вуліцы ёсць у нашым горадзе, і пабудаваць карту свайго маршруту. Тэматычныя экскурсіі-фотазамалёўкі па горадзе “Дарагія сэрцу пейзажы”, “Гістарычныя помнікі горада” дазволілі дзецям больш пазнаёміцца з гістарычным мінулым Дзятлава, атрымаць шмат яркіх уражанняў ад прыгажосці прыроды, нестандартных архітэктурных рашэнняў.

Кожны дзень у лагеры ладзяцца спартыўныя спаборніцтвы, гульнявыя праграмы. З вялікім жаданнем і імкненнем да перамогі дзеці ўзялі ўдзел у спаборніцтвах “Гуляй, лагер!”, “З турызмам на “ты”, спартландыі “Летнія весёлые старты”. Карыснымі сталі інтэлектуальная, развівальныя і пазнавальныя мерапрыемствы: квэсты “Гісторыю паважаем — гісторыю ведаем”, “5 зорак”, турнір знаўцаў “Мая малая радзіма”, гадзіна здароўя “Каштоўнасць, якую нельга губляць”, экатурнір “Зямля — наш дом”.

Галоўнае, што кожны дзень, падарожнічаючы па сузор’ях, запальваючы новыя зоркі, вучні маюць магчымасць не толькі адпачыць, адкрыць для сябе нешта новае, але і навучыцца бачыць добрае вакол, набыць навыкі зносін і жыцця ў калектыве.

Галіна СКРАБЕЦ,
дырэктар аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем
“Усмешка” сярэдняй школы № 1 Дзятлава.