Усмешкі настаўнікам

- 16:36Нам пішуць

Дзякуючы вучнёўскаму самакіраванню першая пятніца кастрычніка напярэдадні Дня настаўніка ў нашай школе праходзіць асабліва. Сёлета пачатак святу даў флэшмоб “Нашы ўсмешкі вам, настаўнікі!”

Навінкай гэтага года стала прысутнасць фотакарэспандэнтаў, якім было дазволена наведваць урокі. Яны захавалі самыя цікавыя моманты гэтага выдатнага дня. Настаўнікі былі залічаны ў вучні 12 класа, класны кіраўнік правёў з імі класную гадзіну.

Усе з асаблівай адказнасцю паставіліся да падрыхтоўкі дня самакіравання. Каардынацыйнай радай была абраная адміністрацыя, якая прызначыла настаўнікаў-прадметнікаў, класных кіраўнікоў. Парадавала, як навучэнцы стараліся праявіць сябе на кожным уроку, паказаць веды і здольнасці. Гульні і танцы падчас перапынкаў таксама былі арганізаваны класнымі кіраўнікамі-вучнямі. Многія ўпершыню паспрабавалі сябе ў якасці настаўніка і адчулі вялікую адказнасць.

Я думаю, што знойдуцца вучні, якія захочуць звязаць сваю будучую прафесію са школай. У многіх узнікла пытанне: больш складана вучыць маленькіх школьнікаў, зусім дзяцей, ці старэйшых — падлеткаў? Гэты дзень пакінуў яркія і незабыўныя ўражанні!

Антаніна РАГАЧУК,
навучэнка 11 класа (была ў гэты дзень намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце)
Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.