Усмешкі славутых педагогаў

- 9:11Адукацыйная прастора

Родныя твары настаўнікаў цяпер на білбордах ва ўсіх раённых цэнтрах Гомельшчыны. Выявы лепшых прадстаўнікоў педагагічнай галіны рэгіёнаў можна пабачыць на вуліцах населеных пунктаў. І вучні ў адказ усміхаюцца сваім настаўнікам, многіх з якіх ведалі не толькі яны самі, але і іх бацькі.

Раённыя камітэты прафсаюза сумесна з аддзеламі адукацыі, органамі выканаўчай улады прынялі рашэнне аб размяшчэнні білбордаў і ў хуткія тэрміны ўвасобілі ініцыятыву ў жыццё. На вялізных фотаздымках — прадстаўнікі педагагічных дынастый, выдатнікі адукацыі, якія маюць шматгадовы вопыт работы, зрабілі важкі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі. Іх вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, міжнародных конкурсаў, атрымлівалі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні…

Напрыклад, у Мазыры гэта Аляксей Баруноў — педагог дадатковай адукацыі Клуба юных пажарных. Выхаванцы Аляксея Валянцінавіча вядомы далёка за межамі нашай краіны. Хутка будзе 30 гадоў, як ён што­дзень займаецца спартыўным праграмаваннем са школьнікамі. Многія з іх цяпер услаўляюць Беларусь на шматлікіх спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

У гарадскім пасёлку Акцябрскі з білборда ветліва глядзяць настаўніца фізікі Кацярына Сотчанка і яе дачка, настаўніца інфарматыкі Святлана Белая. Больш як 40 гадоў працоўны стаж Кацярыны Мікалаеўны. Яе муж Эдуард Сотчанка таксама працаваў педагогам. Іх дачка Святлана Эдуардаўна сёння — намеснік дырэктара ў сярэдняй школе № 1. Кацярына Сотчанка 7 гадоў назад пайшла на заслужаны адпачынак, але неўзабаве яе папрасілі вярнуцца. Пасля перапынку яна зноў з вучнямі. У гэтым навучальным годзе, акрамя гімназістаў, яна вучыць і школьнікаў сярэдняй школы № 2.

На білбордах у Гомелі — былыя педагогі гомельскай сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Міхаіл Прыбыткоў і Клара Рэзнікава. Яны абое ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, а потым многа гадоў працавалі настаўнікамі. Клара Залманаўна і Міхаіл Васільевіч былі ініцыятарамі стварэння музея баявой і працоўнай славы, які па праве лічыцца цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання мола­дзі Гомельшчыны. І хоць яны пайшлі ўжо з жыцця, справу выхавання падрастаючага пакалення на гераічных прыкладах мінулага працягваюць наступныя пакаленні педагогаў.

Дарэчы, першымі сваіх настаўнікаў яшчэ некалькі гадоў назад пачалі ўслаў­ляць на Жлобіншчыне. Сёлета на іх білбордах — прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі вялікага раёна Гомельшчыны.

Старшыня Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі Мікалай Філіпцоў гаво­рыць, што сёння важна павышаць прэстыж работы педагога, прыцягваць увагу грамадскасці да ўкладу таленавітых, творчых настаўнікаў у развіццё іх рэгіёнаў. Нарэшце, менавіта такія адданыя сваёй прафесіі людзі з’яўляюцца прыкладам для маладых. Тых, хто толькі разважае над выбарам прафесіі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.