Для прадстаўнікоў шэрага беларускіх і расійскіх СМІ гэты тыдзень прайшоў пад знакам грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. У аўторак у Нацыянальным прэс-цэнтры быў праведзены круглы стол “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі — адзін з асноўных кірункаў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі Саюзнай дзяржавы”. На наступны дзень, 9 верасня, мы з калегамі наведалі НДЦ “Зубраня”, дзе разам з экспертнай камісіяй абмеркавалі перспектывы і шляхі развіцця кадэцкага руху.
За гэтыя два дні нашы дыктафоны запісалі тысячы важных слоў. Прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў адукацыі, абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, актывісты маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і, безумоўна, самі аб’екты выхавання (навучэнцы кадэцкіх класаў) актыўна дзяліліся думкамі, аналізавалі праблемы грамадзянска-патрыятычнага выхавання, прапаноўвалі шляхі іх вырашэння. З багатай і разнастайнай палітры слоў паспрабуем выбраць найбольш важныя і актуальныя. Першы дзясятак, запісаны ў Нацыянальным прэс-цэнтры, выглядае так: у Саюзнай дзяржаве стала добрай традыцыяй рэалізацыя комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на духоўна-маральнае, ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Гэта і турыстычны злёт навучэнцаў, і алімпіяда “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць”, і фестывалі “Творчасць юных”, “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, і велапрабег “Моладзь Расіі і Беларусі — шлях у будучыню Саюзнай дзяржавы”, і, безумоўна, грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена “За гонар Айчыны”.
Гэтым мерапрыемствам нездарма ўдзяляецца вялікая ўвага. Па словах начальніка Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыты Паўлаўны Леўчанка, сярод сучаснай моладзі назіраецца змяненне каштоўнасных арыенціраў у бок прагматызму, задавальнення ўласных патрэб. Як вынік, зніжаецца культура, назіраецца дэфіцыт маральнасці. Сацыяльна-эканамічныя змяненні ў нашых краінах, а таксама складаная геапалітычная абстаноўка ў свеце патрабуюць зладжанасці ў сістэме работы з моладдзю. Толькі шляхам гарманічнага і ўсебаковага развіцця ў маладых людзей фарміруецца культура міжасабовага і міжнацыянальнага ўзаемадзеяння, што дазваляе пазбегнуць такіх крайніх праяў, як нацыяналізм і шавінізм.
М.П.Леўчанка: “Перамога нашых дзядоў — гэта перамога над фашызмам, гэта ўзняцце пераможнага сцяга над рэйхстагам. Перамога нашых бацькоў — гэта аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі. А ў чым наша Перамога? У чым Перамога пакаленняў, якія прыйдуць пасля нас? Гэтыя пытанні неабходна актыўна абмяркоўваць, іх неабходна часцей задаваць маладым людзям”.Беларусы — патрыятычная нацыя. Сваю думку начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная абгрунтавала геапалітычным размяшчэннем краіны. Наша зямля часта станавілася арэнай баявых дзеянняў, амаль кожнае стагоддзе праз яе праходзілі войны, самай разбуральнай з якіх аказалася Вялікая Айчынная. Генетычная памяць і сфарміравала ў нашага народа патрыятызм, асновай якога з’яўляецца стваральная, а не разбуральная праца. “Значных вынікаў у грамадзянска-патрыятычным выхаванні дазваляе дасягнуць толькі комплексная, сістэмная работа. Для гэтага шмат робіцца і на заканадаўчым узроўні. Заканчваецца тэрмін дзейнасці Канцэпцыі і Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, разлічанай на 2011—2015 гады, аднак падобная Канцэпцыя ўжо распрацавана на наступную пяцігодку”, — адзначыла Наталля Іванаўна.
Важны аспект паспяховай работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі — гэта міжведамаснае ўзаемадзеянне, у першую чаргу паміж міністэрствамі адукацыі і абароны, БРСМ, іншымі дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі. “Рэгіянальнымі цэнтрамі ваенна-патрыятычнага выхавання з’яўляюцца ў першую чаргу воінскія часці, ваенкаматы, установы адукацыі ваеннага профілю. Разам з Міністэрствам адукацыі мы пабудавалі эфектыўную сістэму. Нашымі профільнымі ВНУ і факультэтамі са школамі і гімназіямі заключаны дамовы аб супрацоўніцтве, выдадзены сумесны загад аб замацаванні воінскіх злучэнняў і часцей за ўстановамі адукацыі, распрацаваны план сумеснай работы”, — паведаміў начальнік другога аддзела ўпраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Фёдар Уладзіміравіч Яфіменка.
Аляксей Вайцяховіч, навучэнец Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча: “Вучоба ў ваенным вучылішчы — гэта мой усвядомлены выбар, які я зрабіў яшчэ ў 9-гадовым узросце, калі глядзеў па тэлевізары, як на парадзе Перамогі сувораўцы з гордасцю і зладжана праходзяць роўным строем. Сувораўскае вучылішча, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, заклала ў мяне стрыжань любові да Радзімы, гатоўнасць яе абараняць. Гэтае пачуццё я пранясу праз усё жыццё. У хуткім часе думаю паступаць у сістэму вышэйшай ваеннай адукацыі Беларусі. Хачу стаць афіцэрам, абараняць Радзіму, горача любіць яе”.Вялікую ролю адыгрывае развіццё і папулярызацыя пошукавай работы. Удзельнікі круглага стала адзначылі, што вучняў трэба актыўна далучаць да пошукавай работы. Своеасаблівымі штабамі такой работы з’яўляюцца школьныя музеі баявой славы, якіх у краіне налічваецца каля 250. Там праходзяць сустрэчы з ветэранамі, прыём у піянеры. Гэта жывая выхаваўчая прастора. “Дзякуючы пошукавай рабоце ў дзіцяці фарміруецца ген міру. Усе мы ведаем, што на месцы былога лагера смерці “Трасцянец” нядаўна быў адкрыты мемарыяльны комплекс. Вучні Заводскага раёна сталіцы ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі правялі вялікую пошукавую работу па ўвекавечванні памяці тых, хто быў там знішчаны”, — адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Аксана Уладзіміраўна Няхайчык.
Актуальная размова працягнулася на наступны дзень на беразе Нарачы ў знакамітым “Зубраняці”, дзе ў гэтыя дні адпачываюць 432 удзельнікі кадэцкай змены “За гонар Айчыны” і 227 удзельнікаў змены юных ратавальнікаў-пажарных “Школа бяспекі”. Гэта тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, для якіх паняцці гонар, Радзіма, бяспека жыцця — не проста словы.
Нагадаем, што змена “Школа бяспекі” праводзіцца сёлета ўжо 18-ты раз. Тыя, хто ў 1998 годзе ўпершыню прыехаў на бераг Нарачы, даўно сталі дарослымі, многія звязалі сваё жыццё з выратавальна-пажарнай справай. Нягледзячы на паўналецце, змена па-ранейшаму застаецца па-дзіцячы яркай і непасрэднай, сапраўднай школай бяспекі, праз якую кожны год праходзяць сотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Змена “За гонар Айчыны” праводзіцца з 2007 года (сёлета з 3 па 23 верасня). Калектывам “Зубраняці” ёй ўдзяляецца асаблівая ўвага, паколькі адным з галоўных кірункаў дзейнасці адукацыйна-аздараўленчага цэнтра з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Асноўная мэта змены — папулярызацыя кадэцкага руху, стварэнне спрыяльных умоў для абмену вопытам паміж дэлегацыямі, фізічнага, культурнага, інтэлектуальнага і маральнага развіцця падлеткаў, фарміравання ў іх лідарскіх рыс характару, любові да Радзімы, асабліва да яе слаўнага ваеннага мінулага. Падчас змены ў тэматычны дзень Саюзнай дзяржавы нас чакаў відовішчны парад, не менш відовішчнае мастацка-спартыўнае свята “Са стагоддзя ў стагоддзе крочым разам”, а таксама актуальная размова на тэму развіцця кадэцкага руху.
В.А.Лісоўскі: “Актуальным з’яўляецца пытанне кадравага забеспячэння сувораўскіх і кадэцкіх вучылішчаў. Хто павінен стаяць над сувораўцамі і кадэтамі? Хто павінен быць камандзірам роты? Баявыя афіцэры? Але ж псіхалогія 12-гадовага кадэта — гэта не псіхалогія 18-гадовага байца. Тут патрэбен іншы падыход, нават іншы тэмбр голасу. Тут павінны працаваць сапраўдныя педагогі-псіхолагі, якія пры гэтым ведаюць ваенную справу на ўзроўні хаця б камандзіра батальёна”.Н.І.Пшанічная: “За апошнія 70 гадоў мы крыху забылі, наколькі каштоўным з’яўляецца чалавечае жыццё, як прыемна раніцай не чуць узрывы снарадаў, а проста ўставаць і ісці на працу, проста вучыцца ў школе. Усё гэта і аб’яднана адным важным словам — патрыятызм. Патрыятызм — гэта ў першую чаргу стваральная праца. Хочацца, каб наша краіна і Саюзная дзяржава заставаліся астраўком такой працы, астраўком бяспекі, спакою, міру ў гэтым бурлівым свеце”.
“Зубраня” заўсёды прымае самых актыўных і таленавітых навучэнцаў. Наперадзе конкурсы, спаборніцтвы, радасць перамог і горыч паражэнняў, але самае галоўнае, што вы павезяце адсюль, — гэта светлыя ўспаміны, яркія ўражанні. Асаблівыя словы майго вітання ў адрас юных ратавальнікаў-пажарных, якія актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў бяспекі, вучацца будаваць сваё жыццё бяспечным, дапамагаюць у гэтым дарослым, родным і блізкім і проста незнаёмым людзям. Сёння бяспека — гэта найважнейшы фактар развіцця дзяржавы, а бяспека дзяцей і моладзі — гэта бяспека заўтрашняга дня”, — звярнуўся да ўдзельнікаў свята міністр па надзвычайных сітуацыях генерал-лейтэнант унутранай службы Уладзімір Аляксандравіч Вашчанка.
Актуальнасць у сённяшні час такіх паняццяў, як мір, бяспека, патрыятызм, адзначыў і намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. “Ва ўсе часы воіны з’яўляюцца гонарам нацыі, і вам, будучым абаронцам Айчыны, маладым і прыгожым, неабходна будзе мацаваць воінскае братэрства, працягваць воінскія традыцыі
продкаў. Перакананы, што ваш удзел у ваенна-гістарычных і спартыўных гульнях, тэматычных вечарах, вашы сяброўскія размовы і паўнацэнны адпачынак стануць яркай і запамінальнай старонкай вашага жыцця, магутным стымулам для развіцця такіх якасцей, як мужнасць і доблесць, гонар і адвага, якія непарыўна звязаны з высокім паняццем патрыёта і грамадзяніна”, — адзначыў у прывітальным слове дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Аляксеевіч Рапота.
“Дык у чым сутнасць ваенна-патрыятычнага выхавання? У чым сутнасць работы кадэцкіх вучылішчаў?” — працягнуў пачатую ў Нацыянальным прэс-цэнтры размову начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Віктар Аляксандравіч Лісоўскі. На яго думку, сістэма кадэцкай работы павінна выхоўваць у першую чаргу дзяржаўніка і чалавека, які гатовы да самаахвяравання. Калі ў дзяцей і падлеткаў закласці такі стрыжань, то ён стане падмуркам, на якім будзе пабудавана ўся сістэма ваеннай адукацыі. Пра паспяховае стварэнне ў сувораўскім вучылішчы такога падмурка сведчыць той факт, што ў гэтым годзе 93 працэнты выпускнікоў установы звязалі далейшае жыццё з Узброенымі Сіламі.
На працягу двух дзён былі сказаны тысячы актуальных слоў, кожнае з якіх акцэнтуе ўвагу на важнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Кожнае слова важнае, аднак з гэтай багатай і разнастайнай палітры павінна быць некалькі самых галоўных. Напэўна, гэта “мір” і “стваральная праца”. Толькі дзякуючы міру на нашай зямлі, толькі дзякуючы стваральнай працы можна эфектыўна выхоўваць грамадзяніна, патрыёта, фарміраваць эліту, сапраўдны гонар Айчыны.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.





