Усміхаючыся будучыні

- 9:47Адукацыйная прастора

Напярэдадні Дня гумару ў Мінску прайшоў фінал VII Рэспубліканскага турніру сярод школьных каманд КВЗ “У будучыню з усмешкай”. Свята стала вынікам творчага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга КВЗ”.

Месца для сябе ў фінале заваявалі каманды КВЗ школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў, якія сталі пераможцамі абласных і мінскага гарадскога этапаў. Фінальная барацьба праходзіла ў двух конкурсах. У “Біятлоне” капітаны каманд пастараліся сваімі гумарэскамі заваяваць найлепшыя балы, а інтэлектуальны і творчы патэнцыял каманд, уменне падмеціць сацыяльныя праблемы, здольнасць з гумарам іх вырашыць прадэманстравала “Візітоўка”.

У выніку трэцяе месца заваявала зборная каманда “Адчыніце дзверы — мы ўвойдзем!” мядзельскай сярэдняй школы № 1 імя У.Дубоўкі і нарацкай сярэдняй школы № 2 Мінскай вобласці. Другое месца — у каманды VneaDekVate (сярэдняя школа № 16 Ліды Гродзенскай вобласці). Чэмпіёнам турніру стала каманда Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Гармата”. Гульцы “стралялі” трапнымі жартамі на самыя актуальныя дзіцячыя тэмы.

“Я набраў сёння сабе жартаў — да пенсіі хопіць, — смяецца Яўгеній Крыжаноўскі, піянер беларускага гумару, які ўпершыню выступіў членам журы. — Вы ўмееце жартаваць — і востра, і сучасна, і цікава. Мне як мастацкаму кіраўніку кінастудыі “Гумарынка”, дзе мы здымаем школьны серыял, прыемна адзначыць, што ў майго серыяла і ў КВЗ у цэлым — цудоўная будучыня. А добры настрой — залог усяго. Ніколі людзі ў дрэнным настроі нічога добрага не зробяць: ні ў будаўніцтве, ні ў эканоміцы, ні нават у асабістым жыцці. А зараджаецца пачуццё гумару ў людзей з дзяцінства, таму, я ўпэўнены, гэта абавязкова трэба падтрымліваць”.

У якасці прызоў для дзвюх каманд — “Філіпок” (ЦДАДіМ “Ранак” Мінска) і VneaDekVate (сярэдняй школы № 16 Ліды) — стала запрашэнне ад Я.Крыжаноўскага на III Міжнародны фестываль дзіцячага гумару, які пройдзе ў Мінску 31 сакавіка, а галоўны прыз для каманды-пераможцы “Гармата” — запрашэнне на здымкі тэлепраграмы “Гумарынка”.

Падводзячы фінальныя вынікі, Надзея Васільчанка, член журы і дырэктар НЦМТДіМ, адзначыла: “Гульня паказала, што ў нас ёсць усе рэзервы, каб развіваць гэты кірунак: шмат зацікаўленых дзяцей, ёсць і добрыя педагогі. Праўда, хочацца, каб педагогаў было яшчэ больш, бо іх не хапае на ўсіх апантаных дзяцей. Мы стараемся развіваць гэты рух, імкнёмся зацікавіць педагогаў, таму праводзім для іх навучальныя семінары. Жарт вынайсці вельмі цяжка, таму мы вучым дзяцей жартаваць разам з прафесіяналамі. І відавочна, што многім такія сустрэчы ідуць на карысць”.

Найбольш удала ўпісаліся ў фармат дзіцячага КВЗ жарты на тэму школьнага жыцця, але, па прызнанні членаў журы, хацелася б, каб жартаў было больш: усё-такі павінна быць адпаведнасць узросту, праблемам, бо ў процівагу гэтаму адчуваецца, што старшыя дзеці, выпускнікі, ужо рвуцца далей, у вышэйшую лігу, таму часта і іх жарты “сталеюць”. Тым не менш у зале, поўнай падлеткаў, было няёмка ад занадта дарослага гумару са сцэны. Хочацца ўсім дзецям пажадаць не спяшацца станавіцца дарослымі, ісці з усмешкай не толькі ў будучыню, але жыць з ёй і сёння.

Святлана НІКІФАРАВА.