У Субацкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе штогод ладзіцца тыдзень нямецкай мовы, бо настаўнікі ўпэўнены: чым вышэйшая матывацыя, тым больш плённае вывучэнне замежнай мовы.
Правядзенню тыдня папярэднічала падрыхтоўчая работа. На дзвярах кабінетаў прадставілі фотаздымкі выбітных асоб Германіі і іх біяграфіі. У спартзалу вучні заходзілі, папярэдне падміргнуўшы М.Шумахеру, у кабінет фізікі — усміхнуўшыся А.Эйнштэйну.
На другім паверсе школы быў аформлены куток нямецкай мовы. Папярэдне развучвалі песні на нямецкай мове. У першы дзень была праведзена лінейка, на якой вучні 5 класа зачыталі вясёлы верш на рускай і нямецкай мовах, тым самым абвясціўшы ўсёй школе тыдзень нямецкай мовы адкрытым.
У той жа дзень было праведзена мерапрыемства для старшых класаў “Kurze Reise nach Berlin”. Навучэнцы з дапамогай 5 кароткіх відэафільмаў успомнілі гістарычнае мінулае Германіі і пазнаёміліся з ФРГ і яе сталіцай сёння. Па выніку праводзілася віктарына на лепшага знаўцу Германіі. У другі дзень вучні 3 класа прымалі ўдзел у свяце “АВС”. Навучэнцы 8 класа, падзеленыя на 2 каманды, знаёміліся з творчасцю нямецкага гурта “Tokio Hotel”, выконвалі шэраг заданняў на лепшага знаўцу групы, а ў канцы выканалі песню “Durch den Monsun”.
У сераду вучні 5-6 класаў выправіліся ў марское падарожжа “Unser alter Kapitän”. Матросы і юнгі спаборнічалі ў барацьбе за перамогу, дэманструючы добры ўзровень валодання нямецкай мовай, дакладнасць, згуртаванасць. Напрыканцы выканалі песню “Unser alter Kapitän”. Перамогу атрымала каманда юнгаў 5 класа.
У чацвёрты дзень тыдня актыўнасць праявілі 4-класнікі. Кожны з хацеў пераканаць аднакласнікаў, што менавіта ён найлепшы знаўца нямецкай мовы ў віктарыне “Der klügste Schüler”. Дзеці расшыфроўвалі красворды, словы, колеры і многае іншае. Музычныя паўзы дадавалі весялосці і спрыялі актыўнасці.
На працягу тыдня ўсе адпраўлялі лісты нямецкаму Дзеду Марозу: расказвалі пра сябе, свае сем’і і сяброў, дзяліліся таямніцамі і жаданнямі. Вучні віншавалі ўсіх з Новым годам і Калядамі. Вядома ж, Дзед Мароз не мог пакінуць шчырыя лісты па-за ўвагай і ў завяршальны дзень тыдня павіншаваў кожнага сваім лістом і салодкім падарункам.
На працягу тыдня нямецкай мовы заняткі ператварыліся ў цікавую працу, якая запомніцца лепш, чым звычайныя ўрокі, а мерапрыемствы стварылі эмацыянальны настрой і сталі рычагом далейшай матывацыі.
Кацярына ЛАМАСКА,
настаўніца нямецкай мовы
Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.